Лукашэнка памілаваў пухавіцкіх забойцаў

Суд над жыхарамі Пухавічаў, якія ўчынілі самасуд. На здымку (зьлева направа): Аляксандар Петручэня, Ігар Макарэвіч, Тацьцяна Юхневіч, Сяргей Аліферовіч.

Два асуджаныя за забойства “пухавіцкага падпальніка” памілаваныя на падставе ўказу прэзыдэнта.
Пра гэта БелаПАН паведаміла крыніца ў Гомельскім абласным судзе.

Памілаваньне было ўжытае ў дачыненьні жыхароў вёскі Пухавічы Жыткавіцкага раёну Гомельскай вобласьці Сяргея Аліфяровіча й Ігара Макарэвіча.

Як вынікае з матэрыялаў справы, агучаных раней на судзе, летась 31 сьнежня чатыры жыхары вёскі Пухавічы на працягу некалькіх гадзін высочвалі сваю ахвяру — аднавяскоўца Мікалая Макарэвіча, да якога адчувалі непрыязнасьць. Ён нібыта пагражаў спаліць дом аднаго з абвінавачаных, але гэта на судзе не было даказана. Мікалая Макарэвіча білі дзьвюма сякерамі па галаве, труп завезьлі ў бязьлюднае месца і кінулі. Увечары забойцы вярнуліся й спалілі цела, а потым пайшлі ў кавярню сьвяткаваць Новы год. 10 студзеня падазраваных арыштавалі.
Лукашэнка: Прашу публічна, не саромеючыся, суд, каб вы вельмі ўважліва паставіліся, і калі ёсць магчымасць, падтрымалі гэтых людзей. Нельга іх саджаць! Што гэта — вялікі чалавек загінуў?

Аляксандар Лукашэнка на нарадзе зь сілавікамі асабіста загадаў выпусціць забойцаў пад хатні арышт на той падставе, што, маўляў, "не вялікі чалавек загінуў".

«Я папрасіў бы, каб вы ляяльна вялі гэтую крымінальную справу», -- зьвярнуўся Лукашэнка да старшыні Вярхоўнага суду Валянціна Сукалы. 6 лютага пасьля заступніцтва прэзыдэнта забойцаў адвезьлі дахаты на хатні арышт.

14 красавіка непасрэдных удзельнікаў забойства Сяргея Аліфяровіча і Ігара Макарэвіча пакаралі на 5 і 3 гады пазбаўленьня волі адпаведна. Дзеяньні памагатых у забойстве — Тацьцяны Юхневіч і Аляксандра Петручэні — суд перакваліфікаваў на ўкрывальніцтва сьлядоў асабліва цяжкага злачынства і вынес ім пакараньне ў выглядзе 2 гадоў абмежаваньня волі без накіраваньня ва ўстановы адкрытага тыпу — на так званую “хатнюю хімію”, якой пакаралі, напрыклад, маладых апазыцыянэраў-удзельнікаў леташняга “працэсу 14-ці”.