Вядучы мэтадыст унітарнага прадпрыемства “Дынама-спорт” Яўген Паўлоўскі абвяргае дадзеныя пра стварэньне руху “Юны дзяржынец”, якія былі апублікаваныя ў газэце “Коммерсант”.
Яўген Паўлоўскі кажа, што ўбачыў сюжэт пра лягер “Юнага дзяржынца” па тэлеканалу СТВ. Сюжэт гэты яму спадабаўся, але больш нічога пра гэты лягер і пра гэтую арганізацыю ён ня ведае. Тым больш ён ня можа зьяўляцца арганізатарам гэтага руху, а таксама ініцыяваць злучэньне ў адзіны рух аб'яднаньняў кшталту юны сябра міліцыянта, дзяржаўтаінспэкцыі, міністэрства па надзвычайных сытуацыях, як пра гэта напісаў Коммерсант.
Паўлоўскі паведаміў, што рыхтуе абвяржэньне, якое зьбіраецца даць у беларускую прэсу, а таксама будзе патрабаваць абвяржэньняў ад расейскага выданьня.
“Там цалкам некарэктная рэч. Я ніякі не арганізатар, якое я маю права арганізоўваць нейкую арганізацыю, у мяне зусім іншыя функцыі. 30 гадоў працую ў “Дынама”, працую з прэсай, але ніколі такой подласьці ад журналістаў ня бачыў”, -- заявіў Паўлоўскі Свабодзе.