Зьмей Гарыныч прыляцеў у Горадню з ультыматумам

Хрысьціна Марчук літаральна за вечар тэлефоннага апытваньня знаёмых і пошукаў ва ўласным архіве сабрала некалькі мясцовых паданьняў. У большай ці меншай ступені сапраўднасьці яны расказваюць пра падзеі, якія адбываліся ў Горадні.


Легенды гістарычныя


Штогод 15 ліпеня мясцовая супольнасьць адзначае перамогу войск ВКЛ: зьбіраюцца каля памятнага знаку “Пагоня на Грунвальд” (побач з Каложай). Кажуць, даўным-даўно менавіта з гэтага пляцу Вітаўт павёў харугвы Вялікага княства на Грунвальдзкае поле. Валун, на які ў 1990 годзе замацалі пліту з “Пагоняй”, зьявіўся тут вельмі таямніча. Ніхто ня ведае, калі і для чаго яго паставілі. Напачатку пліта з выявай герба была бронзавая. Яе скралі. Тады людзі на ўласныя грошы паставілі новую “Пагоню”. Так ён яна стаіць да сёньня.

"Пагоня на Грунвальд" каля Каложскай царквы
Праўдзівую гісторыю, якую я прачытала ў газеце “Пагоня” за 1995 год, можна расказваць як прыгожую баладу.

Дык вось у той самы дзень, калі ў Менску з Дому ўраду здымалі “Пагоню”, гарадзенскія чыноўніцы забаранілі зьняць са шпіля Новага замка «крамлёўскую» зорку. Мясцовы майстар Юрась Мацко зрабіў выяву Сьв. Губэрта, які ўкленчыў перад аленем з залатым крыжам. Кавальская праца мусіла ўпрыгожваць верх былога каралеўскага палацу. Да Новага замку ўжо падагналі пад’ёмныя краны, як прыйшлі дзьве намэнклятуршчыцы і залямантавалі:

– Вы думаеце, вам ужо тут Савецкі Саюз скончыўся?!

Устаноўка выявы сюжэту пра сьвятога апекуна Горадні была спыненая. Шпіль палацу зноў заняла чырвоная зорка.

`
Шпіль Новага замку так і застаўся са сталінскай зоркайю Фота Юліі Каляды

А што ж стала з кавальскай працай? На заканчэньне гэтай праўдзівай гісторыі я заўжды дадаю, што Сьвяты Губэрт надзейна схаваны ў мясцовых тайніках. Выява нябеснага абаронцы Горадні чакае лепшага часу, каб вярнуцца на сваё пачэснае месца.


Гарадзкія прывіды


На вуліцах Савецкая, Тэльмана, Сацыялістычная ёсьць шмат старых жылых дамоў. Звонку яны цагляныя, а ўсярэдзіне ўсё зроблена з дрэва. Засяліўся ў адзін з такіх дамоў новы жыхар. Кожную ноч ён чуў рыпеньне драўлянай лесьвіцы, чыісьці крокі. Аднойчы раптоўна расчыніў дзьверы – перад ім стаяў стары сівы дзед. Жыхар не пасьпеў загаварыць, як той зьнік.

Я думаю, што прывіды могуць быць тут


...і на гэтых вузкіх вулачках

Але такія гісторыі пра прывідаў раскажуць усюды. Фальклярысты гавораць, што гэта цалкам нармальная зьява: неўпакоены дух былога гаспадара вярнуўся ў сваю хату.

...і на гэтых вызкіх вулачках

Танк стаіць дулом на захад


На помніку-танку вызваліцелям Горадні ў ІІ Сусьветнай вайне народная фанатазія адарвалася па поўнай.

Першапачатковая легенда (ідэалягічная) сьцвярджае, што гэтая машына ўдзельнічала ў баях за горад у 1944 годзе. Пару месяцаў таму ў адной зь мясцовых газэт апублікавалі выкрыцьцё славутай гісторыі помніка. Танк, 1946 году выпуску, ня ўдзельнічаў у вызваленьні. На баявой машыне не магло існаваць і парадкавага нумару “200”.

Помнік-танк падчас рэканструкцыі Савецкай. Фота Юліі Каляды

Вось якая пахабненькая легенда хадзіла ў мікрараёне Фарты.

Калісьці ў 1945 годзе прыляцеў у Горадню Змей Гарыныч. Хадзіў ён тут па рэстарацыях. Бавіў час з прыгожымі дзяўчынамі. Калі трэба было адлятаць, Зьмей вырашыў зрабіць гораду падарунак. Прынёс у кіпцюрах танк, паставіў на Савецкай і сказаў: “Калі ў горадзе зьявіцца хоць адна 16-гадовая цнатлівіца, танк стрэліць!”.

У канцы 1990-х па горадзе хадзілі чуткі, быццам мясцовыя бамжы праз каналізацыю знайшлі лазейку ўсярэдзіну помніка. Там і пасяліліся. Гэтую навіну нават паказвалі па расейскім тэлебачаньні. Першакрыніца легенды – тутэйшы журналіст, які часта працаваў нападпітку.

Калі ішла рэканструкцыя Савецкай плошчы, танк хацелі перанесьці на Курган славы.

Мясцовая арганізацыя вэтэранаў запратэставала: “Прыбраць танк з цэнтру?! Ён жа тады будзе дулам на Расею глядзець, а не на немцаў!” Баявую адзінку пакінулі на тым жа месцы. Толькі дарогу ў аб’езд давялося зрабіць, таму цяпер з аднаго боку плошчы дадатковыя тры сьветлафоры.


Месца тусоўкі першых гарадзенскіх нефармалаў


Каля помніка Элізе Ажэшцы гадоў 30 таму тусаваліся гарадзенскія хіпі. Знакамітую пісьменьніцу яны называлі “наша мамачка”. У сквэры на рагу вуліц Тэлеграфная і Ажэшка маладыя людзі з доўгімі валасамі, у джынсах слухалі пласьцінкі Beatles.

"Мамачка" на перасячэнні вуліцы Ажэшкі з Тэлеграфнай

– Аказваецца, дакладна так жа – “мамачка” – пра Ажэшку казалі яшчэ да нас, - расказаў мне адзін з удзельнікаў той нефармальнай кампаніі. – Такі зварот да помніка пісьменьніцы быў распаўсюджаны сярод гарадзенскай моладзі, што жыла тут да 1939 года.

Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – Хрысьціна Марчук. Яна нарадзілася 1 жніўня 1986 году ў Грузіі, цяпер жыве ў Горадні. Каардынатарка “Школы маладога журналіста” (ГА “Цэнтар “Трэці Сэктар”). У 2006 годзе дэбютавала на старонках моладзевай он-лайн газеты www.t-styl.info. Публікуецца ў шэрагу рэгіянальных і агульнакраёвых СМІ.