Расея — асноўны рынак збыту, у Эўропе — мы не патрэбныя

Новая перадача сэрыі “Падарожжы “Свабоды”. Эфір 9 ліпеня
У Янова, другую па колькасьці насельнікаў вёску ў эканамічна адсталым, як лічыцца, Сеньненскім раёне Віцебшчыны я прыехаў пад канец так званай малочнай вайны з Расеяй. Калі прывід новых тэхстандартаў для вытворцаў цэльнага малака павінен быў бы іх, як мінімум, мабілізаваць. Тым больш што, паводле адмыслоўцаў, найбольш балюча “вайна” яшчэ ўдарыць менавіта па звычайных сялянах, што маюць адну-дзьве каровы. Як бы там ні было, яна агаліла рэальную сытуацыю — з малаком і ня толькі.

Зранку Янова сустрэла мяне пакутлівым мычэньнем рагулі ў блізкім ад дарогі кароўніку. Заходжу ў хату. Зьвяртаю ўвагу на тое, што там асабліва не заклапочаныя.

Карэспандэнт: (Мычыць карова.) “А што карова не на полі?”

Спадарыня: “Толькі ацялілася, дый раве, як хворая — ня хочам пакуль ганяць…”

Па дарозе сустракаю 35-гадовую прыбіральшчыцу Тацьцяну Акуленку.

Акуленка: “Кароў трымаюць, але мала. Я адну, бо грошай ня плацяць — літар 660 рублёў. А ў краме колькі каштуе?! Я ў месяц прадаю літраў 100. Можа, хто будзе прыходзіць, дык на рукі. Я яшчэ не прадавала, але банка на 3 літры — 3,5 тысячы. А 3 літры дзяржаве — 2 тысячы...”

Падыходзіць пэнсіянэр, спадар Яцко.

Яцко: “А з Расеяй што будзе, чорт яго ведае. Фэрмэр во тут жыве — у яго статак кароў, займаецца гэтым — Аляксандар Віктаравіч…”

Фэрмэрскае сямейства Барашавых насамрэч вядомае ўсёй Сеньненшчыне. Гаспадар — да 96 году дырэктар тутэйшага саўгаса, аграном, кандыдат сельскагаспадарчых навук. Навуковую ступень мае і жонка, 50-гадовая Валянціна Браніславаўна. Але былую інспэктарку па кадрах у раёне я засьпеў у вясковай вопратцы і ў няспынным руху — плянавала з рабочымі гаспадарчы дзень. І толькі калі яна затрымалася ля пліты, дзе гатаваўся сьняданак, адначасова змог задаць ёй першыя пытаньні.

Карэспандэнт: “Якасьць фэрмэрскага малака адрозьніваецца ад індывідуалаў?”

Барашава: “Лепшае. У нас іншая парода — джэрсэйская тлустамалочная. Утрыманьне бялку ў гэтых кароў — 4,2, тлустасьць — да 7%. Працаваць трэба! Навошта ж жыць, калі ні ў што ня верыць?! У вёсцы няма фабрык, на сьпіртзаводзе — 100 чалавек і ўсё...”

Размову перапыніў прыезд гаспадара, Аляксандра Віктаравіча, з вадапою. На іхніх палетках ад 6 раніцы пасьвіўся статак з 16 кароў. Адкрыты, даверлівы твар. Нягледзячы на брудную працу, гаспадар “цывільна” апрануты. Ветлівы. Празь некалькі хвілінаў пачалі гаману.


Барашаў: “Гэта цяжка: Расея — асноўны рынак збыту. Я быў у Эўропе — мы там не патрэбныя, да іх узроўню не дацягнемся ў агляднай будучыні. Нас і так па малаку трымаюць на ланцугу — закупачныя цэны на 10% зьнізілі. 625 рублёў за літар, падняўшы базісную тлустасьць з 3,4 да 3,6 за тую самую цану…”

Карэспандэнт: “Вы зможаце выконваць расейскія стандарты?”

Барашаў: “У любым выпадку вытрымаем. Мы штодзень 300 літраў здаём — кожную кароўку бачу. А ў Расеі наша малако, мяса па якасьці лепш адназначна! Яны ж самі гавораць. А гэта палітычныя гульні — Беларусь там Асэтыю ня можа прызнаць…”

Пытаюся, як выпускнікі сельгасакадэміі ды пасьпяховыя чыноўнікі сталі фэрмэрамі.

Барашаў: “15 год я адпрацаваў дырэктарам саўгасу. Не задумваўся, што “чырвоны памешчык” — сумленна аддаваў. У той жа час была незадаволенасьць, бо “вінцік” сыстэмы. Складана самастойна было нешта зрабіць, за нешта адказваць. Ну, і пайшлі на фэрмэрства, бо была цікавая прапанова па дурніцах…”

Інфармацыя да ведама. Барашавы першымі ў Беларусі завезьлі расаду дурніцаў ды завялі яе на нашай глебе. Цяпер плянтацыя расьліны займае 6,5 га з паўсотні, што яны маюць. У размову ізноў уступае спадарыня Валянціна.


Барашава: “Яны вельмі смачныя і амалоджваюць клеткі ў арганізьме, ачышчаюць кроў. Іх прызначаюць хворым на сэрца, дзецям, тым, хто пасьля інсульту, інфаркту — для рэабілітацыі. Тону ягадў мы сабралі ў мінулым годзе, за кг — 12 тысяч. Для параўнаньня — 15 тысяч каштуе 150 грамаў ва ўпакоўцы з Галяндыі…”

Барашаў: “Прывозілі па 200 саджанцаў з Падмаскоўя на сваіх руках. Былі ў Нямеччыне ў фэрмэра, што займаецца дурніцамі. Усё ішло мэтадам спробаў. Канечне, асаблівыя патрабаваньні па доглядзе і глебе. Зараз інтарэс ёсьць — зь Менску былі тут і з маскоўскіх супэрмаркетаў...”

Карэспандэнт: “А аграгарадок будучыню ў сабе нясе?”

Барашаў: “У Янова гэта паказуха чыстай вады. На ўскраіне пабудавалі 20 фінскіх домікаў. На голых палетках — ні дрэўца, ні дарожкі. Газ туды давялі, а ў пасёлак ня могуць выцягнуць — а гэта 200 двароў, каля тысячы чалавек. Ізноў ідзе шляхам узмацненьня, а ўсе вёсачкі без каня засталіся…”

Карэспандэнт: “Дзяржава ў фэрмэрскія справы моцна ўмешваецца?”

Барашаў: “Падаткі спраўна плацім, трактары ўзялі па лізінгу. Але зараз да абсурду даходзіць! У гэтым годзе давялі плян здачы мэталалому — 7 тон у год! Ніякага рашэньня нам не даслалі, а санкцыі — штрафы. Я тэлефанаваў дэпутату Папкову. Ён сказаў — “я ў адпачынку”…”

* * *

Адзін яновец у часе размовы заўважыў:

Спадар: “Пабыць у Янове і сьпірту ня выпіць — гэта грэх…”

Іна Капранава, настаўніца беларускай мовы, пасьля патлумачыла:

Капранава: “Вядома толькі, што быў пан Яноўскі, які заснаваў існуючы сьпіртзавод. Па яго прозьвішчы вёска…”

Карэспандэнт: “З чым надзеі, каб Янава выжывала?”

Падліцкі: “Толькі на сьпіртзавод. Яна б памірала. А там газ, вада, каналізацыя, нармальны заробак — чаго людзям ехаць? На сьпіртзаводзе пастаўлена ўсё з часоў дырэктара Шышкіна — завод пашыраецца. Атрымліваюць мільён, хто мае стаж працы і адпаведную катэгорыю. Ішоў адсеў тых, хто мог красьці, альбо п’яніц…”

Традыцыі вырабу якаснага сьпірту, занядбаныя пасьля рэвалюцыі, былі адноўленыя ў 50-я. Калі ў тутэйшым калгасе пад назвай “Пяцігодку ў чатыры гады” ўзьнік апорны пункт Усесаюзнага навукова-дасьледчага інстытуту сьпіртовай прамысловасьці. Паколькі справа прыбытковая, сьпіртавытворцы з тых часоў і дагэтуль прызвычаіліся жыць заможна. У Янове жылы раён з катэджамі працаўнікоў. Там добрыя цагляныя пабудовы. Акуратныя кветнікі ля іх. Ладныя гумны. Ля хаты сустрэў былога вэтэрынарнага ўрача, спадара Васіля Падліцкага — гэта яго голас вы чулі. Сярод сьпякотнага дня ён касіў на падворку. Колькі год таму спадар Васіль спрабаваў сысьці ў прадпрымальнікі. Але…


Падліцкі: “Я хацеў адкрыць аптэку за ўласны кошт. Прапанавалі памяшканьне, якое не падыходзіць. Як прадпрымальніка задушылі. Я б пайшоў у калгас вэтурачом, каб ніхто ня лез у працу. Зараз жа кіруюць і жук, і жаба. Уявіце — галоўны вэтурач гоніць скаціну з палкай. Кажу: Вася, гэта твая праца?! А лячыць калі будзеш? І я не Кашпіроўскі — без мэдыкамэнтаў працаваць...”

Пытаюся, чым жа найбольш хварэе быдла ў Янове.

Падліцкі: “Распаўсюджаны мастыт — ад сырасьці, мікробаў у глебе, удараў і халатнасьці даярак. Чаго грэх утойваць — большасьць зь іх некваліфікаваныя. Кантынгент — няшчасныя сем’і, дзе злоўжываньне алькаголем. Яны “брудныя”, і скаціна брудная — усё ў гнаі, усё заляпана. Выяўляецца ў іхным заробку — меней за 300 тысяч. А хто за такія грошы пойдзе? Мой нябожчык бацька здаваў па 20 капеек за літар малака плюс за тлустасьць — 27 капеек. Ён за іх мог амаль 3 літры паліва купіць. Цяпер за літар трэба амаль 6 літраў малака…”

Як падсумаваньне — словы 28-гадовага Аляксандра, сына Барашавых.

Аляксандр: “З майго пакаленьня ўсе пазьяжджалі. Хто застаецца — у асноўным сьпіваюцца, ня хочуць працаваць. Хіба рознарабочым, на фэрме…”

Але мы ізноў вярнуліся да малочнай тэмы. Я накіраваўся на мясцовы пункт прыёму малака ад насельнікаў. Апоўдні (!) там яшчэ нудзіліся малаказборшчыкі, якія на золку аб’езьдзілі ўсе навакольныя вёсачкі. Стаялі прычэпы з поўнымі бітонамі. Але, можа, іх не ўзялі з-за нездавальняючай якасьці? Пытаюся ў зборшчыцы з 6-гадовым стажам Алы Яцко.



Яцко: “Уперад былі “антыбіётыкі” развозілі людзям. Адзін чалавек здаў ад хворай каровы, а паляцела ўсё малако. Сэрца баліць кожнаму тлумачыць — ёсьць людзі, здаюць і па паўтары тоны на месяц!”

Баліць сэрца і ў суразмоўніцы, маці двух дзяцей, якая атрымоўвае за сабраную тону фэнамэнальную суму ў 70 тысяч рублёў. І ўсё-ткі канчатковую яснасьць, чаму перастаюць яноўцы трымаць кароў, уносіць лябарант Алена Мяркулава.


Мяркулава: “Меней становіцца, бо мала плацяць за малако. Тлустасьць 3,6 ня ў кожнага. За 600 рублёў ведаеце, колькі працы! І сена, і камбайн, і папаіць, пакарміць, падаіць своечасова. А сена не пад хатай, і кармы грошы вялікія каштуюць. Усё ляжа на дно.Учора пракісла малако, вярнулі нам дзьве з паловай тоны. А некаторыя здалі па 150 літраў — уявіце, колькі страцілі грошай! А цяпер такая сьпёка, і няма нікому справы. Хоць бы адзін начальнік прыехаў і паглядзеў — малаказборшчыкі прыехалі, а лядоўні, вады няма. А 12 гадзіне прыяжджае малакавоз. Пакуль выкачаем 2,5 тоны — цэлы час праходзіць. Хвілін 40 ехаць, і ў выніку назад вяртаюць. А малаказборшчыкі зьбіраюць малако ад 6 раніцы. Людзі хутка адну карову на ўсю вёску будуць трымаць. Хоць Лукашэнка “за” сельскую гаспадарку, але ўсё на словах…”