Мінздраў супраць экспэртаў: сьвінога грыпу не было

Мэксіка ў часе эпідэміі сьвінога грыпу. Фота з архіву

У Горадні дзяўчынка памерла ад сьвінога грыпу. Экспэрты знайшлі ў памерлай дзяўчынцы вірус грыпу А/H1N1. Месячная Даша памерла ў верасьні 2008 года.
Вынікі судова-мэдычнай экспэртызы сталі вядомыя днямі. Аддзел складаных экспэртызаў Упраўленьня судова-мэдычных экспэртызаў у Менску высьветліў, што дзяўчынка памерла ад грыпу А/H1N1, паведамляе рэгіянальнае выданьне "Вечерний Гродно".

Газэта надрукавала вытрымку з заключэньня экспэртаў аб сьмерці гарадзенскай дзяўчынкі Дашы, якая памерла ў верасьні 2008 году, яны дасьледавалі яе труп. У газэце выдзелены радок аб тым, што “…маецца спэцыфічнае сьвячэньне флюарэсцыруючага глябуліну: ад лёгкага да А(H1N1)-грыпу”.


"Сваю працу экспэрты зрабілі і адказваюць за кожнае слова, за кожную кропку"

Заключэньне падпісала Дзяржаўны мэдыцынскі судовы экспэрт Тацяна Віньнікава. Яна патлумачыла нам, што расьледаваньня факту сьмерці дзяўчынкі не закончана: “А ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі крымінальна-працэсуальнага кодэксу немагчыма даваць камэнтары, экспэрту гэта забаронена. Таму што галоўная асоба ў гэтай справе цяпер — гэта сьледчы”.

Яна дадала: “Экспэртыза на сёньняшні момант — маёмасьць сьледчага, яна знаходзіцца ў яго ў руках і ён зь ёю працуе. Мы сваю працу ўжо зрабілі. І пакуль расьсьледаваньне не закончана, пакуль сьледчы ня даў юрыдычную ацэнку дзеяньням урачоў, каторыя аказвалі дапамогу дзяўчынцы, мне цяжка штосьці сказаць, таму што сваю працу экспэрты зрабілі і адказваюць за кожнае слова, за кожную кропку”. Яны маюць таксама крымінальную адказнасьць за кожны рух, кожнае экспэртнае дзеяньне, зазначыла Тацяна Віньнікава, яна таксама сказала, што ня мае ў руках газэты “Вечерний Гродно” і ня можа меркаваць аб зьмешчанай там цытаце.


"Я накіраваў справу яшчэ на адну экспэртызу, некаторыя ўдакладніць пытаньні трэба”

Справу аб сьмерці гарадзенскай дзяўчынкі Дашы праводзіць сьледчы Валеры Працкайла. Ён камэнтуе заключэньне экспэртаў пра тое, што было выяўленае “спэцыфічнае сьвячэньне флюарэсцыруючага глябуліну: ад лёгкага да А(H1N1)-грыпу”.

“Заключэньне экспэртызы я камэнтаваць не бяруся, я ня доктар. Але што датычыць глябуліну, грыпу А(H1N1), чаму палічылі, што гэта агульнапрызнаны ў сьвеце сьвіны грып, я не магу сказаць, можа вам лепей пацікавіцца ў спэцыялістаў? Сам я патлумачыць не магу. Агучыць усё можна будзе толькі пасьля заканчэньня расьсьледаваньня, разумееце, справа цяпер знаходзіцца на экспэртызе, я накіраваў справу яшчэ на адну экспэртызу, некаторыя ўдакладніць пытаньні трэба”, заявіў сьледчы Валеры Працкайла.

Ён таксама патлумачыў, што першай пытаньне наконт гэтага тыпу грыпу яму задала пацярпелая, маці дзяўчынкі, тыдні два-тры таму. Аднак ён сказаў, што не спэцыяліст і камэнтаваць не бярэцца.

“Там напісана: прычынай сьмерці зьўлялася перанесенае захворваньне грыпам. Існуе працэдура вызначэньня захворваньня ў мёртвых. Мне расказвалі спэцыялісты, чаму яны вырашылі, што яна ад грыпу памёрла, якія маюцца пасылкі для гэтага. Спэцыяліст так напісаў: грып тыпу А(H1N1), што гэта — я ня ведаю, можа гэта формула, якая сьведчыць пра грып увогуле, гэтага я не магу сказаць і пракамэнтаваць”, - патлумачыў сьледчы.


У Міністэрстве аховы здароўя пра факт сьмерці ад А (H1N1) нічога ня ведаюць


“Пакуль ніяк, на гэты момант няма ніякіх зьвестак. Шчыра вам скажу, я ж на ўсіх лятучках прысутнічаю, падчас усіх справаздачаў па дзіцячай сьмяротнасьці, па ўсіх бягучых актуальных пытаньнях – ніколі нічога падобнага не праходзіла. Зараз я спрабую зьвязацца з нашым галоўным дзяржаўным санітарным лекарам і, магчыма, пасьля размовы буду валодаць больш падрабязнай інфармацыяй”, - заявіла прэсавая сакратарка Вольга Шульпіна.

Міністэрства аховы здароўя зьвярнулася з запытам да мэдыкаў. Адказ яны чакаюць вечарам 9 ліпеня.

Асыстэнт катэдры біяхіміі дзяржаўнага мэдычнага унівэрсытэту Сяргей Лялевіч лічыць, што дзяўчынка магла заразіцца, калі кантактавала з чалавекам, які пабываў у краіне, дзе людзі хварэюць на гэты грып. Крыніцай новай хвалі захворваньня зьяўляецца Мэксіка. Аднак ні родныя памерлай дзяўчынкі, ні іхныя знаёмыя не наведвалі, краіны, дзе апошнія часам былі зафіксавасаныя захворваньні

Дзяўчынка прахварэла 14 дзён. Апошнія дні яна правяла ў рэанімацыі дзіцячага абласнога шпіталю. Мэдыкі паставілі тады ёй дыягназ “сальманэлёз”, сэптычная форма (заражэньня крыві).



Як засьцерагчыся ад заразы

Вірус можа патрапіць у арганізм праз рукі, калі чалавек датыкаецца да інфікаванай паверхні.

Парады:
  • Мыць рукі з мылам цягам 20 сэкундаў;
  • Кашляць і чхаць у сурвэтку ці кулак.
Калі чалавек захварэў:
  • Заставацца дома;
  • Устрымацца ад наведваньня публічных месцаў;
  • Пакідаць хворае дзіця дома, акрамя тых выпадкаў, калі яму патрэбная мэдычная дапамога;
  • Піць як мага болей вадкасьці;
  • Стварыць спакой;
  • Не дапускаць кантакту са здаровымі.
27 траўня грамадзянка Беларусі шпіталізаваная ў Маскве з падазрэньнем на грып A/H1N1. Кабету накіравалі ў адзін з маскоўскіх шпіталёў.

Паводле дадзеных Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя, на 1 ліпеня ў краінах Эўразьвязу зарэгістравана амаль 9 тысяч захворваньняў на гэты від грыпу. 4 чалавекі памерлі.

На 7 ліпеня пацьверджана 94 512 выпадкаў захворваньня на гэты тып грыпа ў 135 краінах сьвету. Памерла 429 чалавек.

Генэральны дырэктар эўрапейскага бюро Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя Маркс Данзон заявіў, што сьвет стаіць на парозе пандэміі з новым вірусам.

“Мы ўсьведамляем, што вірус можа быць непрадказальным. Сёньня ён можа быць мяккім, а заўтра вельмі небясьпечным з-за мутацыі”.

Усясьветная арганізацыя аховы здароўя абвясьціла, што ўводзіць шосты максымальны ўзровень пагрозы пандэміі новага грыпу. Паводле мэдыкаў, хуткага распаўсюду інфэкцыі можна чакаць сёлета восеньню.


H1N1
...падтып віруса А быў знойдзены ў 1931 годзе амэрыканскім навукоўцам Рычардам Шоўпам. Варыянт вірусу H1N1 стаў прычынай гішпанскай пандэміі грыпу, якая забіла 20-40 мільёнаў чалавек ва ўсім сьвеце ў 1918-1919 гады.

Сымптомы захворваньня. Прыкметы вельмі падобныя да прыкметаў захворваньня на звычайны грып:
  • Гарачка;
  • Кашаль;
  • Боль у глотцы;
  • Галаўны боль;
  • Дрыжыкі па целе і стомленасьць;
  • Ваніты;
  • Бягунка;
  • Частае і цяжкое дыханьне;
  • Пасіненьне скуры;
  • Адмаўленьне ад піцьця;
  • Адсутнасьць рэакцыі;
  • Адсутнасьць мочаспусканьня;
  • Адсутнасьць сьлёз, калі чалавек плача.
У малых дзяцей тыповыя сымптомы могуць не праяўляецца. У іх можа быць цяжкое дыханьне, слабая актыўнасьць.