Аўтуховіч на наступным тыдні можа спыніць галадоўку

Мікалай Аўтуховіч, фота з архіву

Традыцыйна па серадах у менскім сьледчым ізалятары адбываецца прыём сваякоў вязьняў, на якім можна задаць пытаньні лекару ўстановы.
Сёньня, 8 ліпеня карэспандэнт “Свабоды” пытаўся пра тое, як пачуваецца Мікалай Аўтуховіч.

“У яго палепшыліся аналізы, ацэтону ў крыві стала меней. Яму працягваюць ставіць кропельніцы і прамываць страўнік. Ён значна схуднеў, але захоўвае актыўнасьць, ходзіць сам. Сказаў, што на будучым тыдні, магчыма, спыніць галадоўку. Нібыта нешта зрушылася па ягоных судовых справах, але гэта не мая кампэтэнцыя, я дакладна ня ведаю”, — сказала лекарка менскага сьледчага ізалятара пра стан здароўя Мікалая Аўтуховіча.

Пацьверджаньня ад адваката пра намер Аўтуховіча спыніць галадоўку мы ня маем.

Нагадаем, Мікалай Аўтуховіч галадуе ўжо 84 дні. Прадпрымальнік патрабуе альбо перадаць ягоную справу ў суд, альбо вызваліць яго пад падпіску пра нявыезд. Аўтуховіча абвінавачваюць у падпале і падазраюць у захоўваньні зброі. Пад вартай прадпрымальнік знаходзіцца з 8 лютага.