ЖАНЧЫНЫ. Тыдзень з блогерам Lionellia

“АБЛОГА. ТЫДЗЕНЬ З БЛОГЕРАМ” — летні праект сайту “Свабоды”, аўтарскі агляд самых цікавых публікацый, камэнтароў, дыскусій у беларускай блогафэры ад вядомых блогераў. Пяць разоў на тыдзень.

На гэтым тыдні цікавосткі ў фрэнд-стужцы, суполках Жывога Журналу і іншых плятформаў шукае і камэнтуе Lionellia.

неспаДЗЕЎКА


Ёсьць адна клясычная легенда пра тое, як зьявілася каханьне на зямлі. Маўляў, раней была такая суцэльная істота, якую вымушаны былі разьдзяліць на дзьве часткі. І калі гэтыя часткі сыходзяцца — лічы, што вось яно, каханьне, і знайшлося. Але ў жыцьці здараецца так, што нехта памыляецца, нехта ня так сыходзіцца, і яшчэ шмат чаго. Вось і атрымліваюцца нават такія гібрыды, што істота складаецца не зь дзьвюх паловачак, а, скажам, з трох.

valjaryna дзеліцца з чытачамі свайго блогу вершам, які напісала яшчэ ў 2007 годзе. Нагадвае, што атаясамліваньне аўтара зь лірычным героем — паказальнік нізкага культурнага ўзроўню. Суперажываем гераіням, бо кожная няшчасная па-свойму…

Я ў цябе — юбілейная,
ты ў мяне — першы.
Наўпросталінейная
праўда ў вершы.

…І была наша ноч -
шалёная гонка!
І быў наш дзень -
пяшчотна-прарочы!

А пад раніцу нашу
твая
жонка
прыйшла паглядзець
у мае вочы.

А вочы ў мяне зялёныя.
І ў жонкі тваёй — таксама.
Ды я была больш шалёнаю -
і таму гучна крыкнула: “Ма-ма!..”

Ды мама мая была дома
(дзе і я мусіла быць, як па яе гусьце) -
і пякла бульбяныя аладкі.
А жонка твая чамусьці
паслала мяне да чужой —
зусім не маёй! — маткі.

…І была нечаканка,
і тузін неспадзевак,
бо, аказалася, што я — каханка,
а ты — ласы да чужых дзевак.


А яшчэ здараецца так, што, здавалася б, тая істота і складаецца з усяго дзьвюх паловачак, і каханьне як бы шчырае, але глядзім і разумеем: нешта ня тое.

magik-midnight пасьля наведваньня бэрлінскага гей-параду напісала допіс, аздоблены фотаздымкамі і пекнымі падрабязнасьцямі наконт ваганьняў ва ўласнай арыентацыі. Веру ў нашых мужчын і шчыра спадзяюся, што Вольга такім чынам усяго толькі жартуе.

“Калі мае спадарожнікі крыху адыйшлі, Сьвета запыталася, каго я люблю: мальчыкаў ці дзевачак? “Мальчыкаў”, — адказала я, хаця пасьля дня ў кампаніі размаітых геяў-лесьбіянак мусіла б засумнявацца ў гэтым. “Шкада, — адказала Сьвета. — А то я б цябе пагладзіла”. І правяла ў паветры рукою вакол маіх клубоў.

Відаць, ня ўсё ў жыцьці страчана, як ня будзе ладзіцца з мужыкамі, паеду ў Бэрлін шукаць Сьвету“.

АНЁЛЫ


Адным зь сьветлых успамінаў мінулагодняга Будслаўскага фэсту дзеліцца блогер bihi_puuk. Распавядае пра дзяўчыну, зь якой лёс зьвёў яго пад страхой аднаго дома на ноч. Той рэдкі выпадак, калі ідзе суцэльнае супадзеньне, так бы мовіць, флюідаў. Але нешта не заладзілася ў апошнія імгненьні, і яны згубілі адзін аднаго, не пакінуўшы каардынатаў. З аднаго боку, мне хацелася б пажадаць гэтым двум сустрэцца зноў у гэтым годзе. Але калі скептычна паглядзець на сытуацыю, то можна сказаць, што вось у такім спыненым стане гэтая гісторыя выглядае вельмі рамантычнай. Можа, і ня варта пераўтвараць такі прыемны будслаўскі ўспамін у нешта большае…

“Такіх каляровых сноў, як пад тымі сарака градусамі тэмпэратуры, яшчэ ні пад якімі сарака градусамі ня бачыў. І ўсе настолькі рэальныя і, здавалася, бясконцыя… Дагэтуль сумняваюся, ці то сон быў, ці то насамрэч, але адчыняю вочы і бачу перад сабою „анёла“, ці, прынамсі, нешта вельмі падобнае. А яна стаяла нада мной і залівалася найпрыгажэйшым, з мной чутых, сьмехам. Аказваецца, у забыцьці я размаўляў зь ёй ужо хвіліну і так і называў — анёлам. Але гэта быў не анёл. Простая барысаўская адзінаццаціклясьніца ішла зь сяброўкай у Буду і спынілася ў нас пераночыць, а калі пазнала пра маю хваробу — вызвалася вылечыць „і хутка“. Што ж, празь дзьве хвіліны я быў ужо на нагах”.

А паколькі дагэтуль ідуць спрэчкі, хто ж у нас усё ж такі моцная палова чалавецтва — жанчыны ці мужчыны, то некаторыя прадстаўніцы блогасфэры не чакаюць, пакуль нехта прысьвеціць ім такія прыгожыя словы. Самарэкляма — гэта таксама рэкляма. Прашу зьвярнуць увагу на мару кожнага мужчыны — спадарыню muha-elka. Гэта тая дзеўчына, якая ніколі не чытае чужыя СМСкі, якая ходзіць у краму па піва для свайго мужчыны, сама зарабляе шмат грошай, ніколі не раўнуе і гэтак-гэтак далей.

Камэнтатары да допісу ставяцца досыць насьцярожана. Маўляў, не бывае такога. Нехта абвінавачвае ў тым, што гэта проста аўтатрэнінг. Рашаць мужчынам!

ЖАНЧЫНА ЗЬ ВЯЛІКАЙ ЛІТАРЫ


Крыху пра сумнае. Памерла Людміла Зыкіна. Вельмі кранальны допіс атрымаўся ў revalucionare.

Блогерка зьмясьціла фотаздымкі сьпявачкі, падзяліўшы іх на тры групы:

  • такою яе памятала мая бабуля
  • такою яе бачыла мая мама
  • такою ёю захаплялася я