Пайграць вайсковымі мускуламі

]

Рызыкну сказаць, што паглядзець вайсковыя парады любіць большасьць людзей на нашай плянэце. Гэтая большасьць несумненна ўлучае і такіх, як я, якія асабістую вайсковую службу адчувалі ў першую чаргу як цягамотны і душазагубны прымус, а не як доблесны грамадзянскі абавязак. Але калі ў тэлевізары паказваюць усе тыя манатонныя калёны аднолькава апранутых хлопцаў (зрэдку таксама і дзевак), якія бойка і ў такт махаюць рукамі і тупаюць ботамі, я разяўляю зяпу і гляджу як зачараваны...
Ёсьць нешта неадольна гіпнатычнае ў рытуале вайсковага параду, дзе сотні ці нават тысячы індывідуальных існасьцяў паўтараюць адзін і той сам рытм машыны, увасабляючы трыюмф вайсковай арганізаванасьці і мэханічнасьці над цывільным разявацтвам і разгільдзяйствам. Трыюмф волі аднаго над воляй сотняў і тысячаў...

Пра адну геніяльную прапагандыстку

Дарэчы, адзін з шэдэўраў сусьветнага кінэматографу называецца якраз "Трыюмф волі". Гэты нямецкі фільм чыніць сваім фабулярным стрыжнем якраз вайсковы парад. Я маю на ўвазе поўнамэтражную дакумэнтальную стужку "Triumph des Willens" Лені Рыфэншталь (Leni Riefenstahl) з 1934 году, у якой рэжысэрка зьняла зьезд нацысцкай партыі ў Нюрнбэргу. "Трыюмф волі" амаль аднагалосна прызнаны адным з найлепшых прапагандысцкіх фільмаў усіх часоў і да таго — выдатным творам мастацтва, шэдэўрам сусьветнага кінэматографу. Калі вы яго ня бачылі, дык пашукайце і паглядзіце — гэта фільм з паліцы тых, якія абавязкова трэба паглядзець перш чым памерці...

Рыфэншталь першая ў кінэматографе паказала, што ў руху гіганцкіх калёнаў аднолькава апранутых людзей тоіцца нейкая першабытная сіла, якая заварожвае гледача і, так бы мовіць, разьмякчае яму мозг ды адначасова робіць цьвярдзейшымі мускулы. Рыфэншталь была найвыдатнейшым мастаком, які працаваў у нацысцкай Нямеччыне, неацэнным дарам для гітлераўскай прапаганды.

Усе іншыя здольныя прапагандысты іншых таталітарных рэжымаў так ці іначай засвойвалі фільмовы досьвед Рыфэншталь. Магчыма, ня ўсе зь іх бачылі ейны фільм. І большасьць зь іх ніколі не дасягнула ейнага майстэрства нават напалову. Але ўсе яны абавязкова паказвалі вайсковыя парады.

Вайсковыя парады арганізуюць усюды


Ну, амаль што ўсюды. У сьвеце недзе два тузіны маленькіх краінаў, якія ня маюць уласных узброеных сілаў, а таму ніякіх вайсковых парадаў яны не праводзяць па вызначэньні (у Эўропе такія краіны дзьве — Андора і Ліхтэнштэйн).

А ў якіх краінах найбольш вайскоўцаў — ці, дакладней кажучы — найбольшыя дзейныя узброеныя сілы? Тут, відаць, нечаканасьцяў ня будзе: Кітай (2,2 мільёна), ЗША (1,5), Індыя (1,4), Паўночная Карэя (1,2), Расея (1), Іран (0,9), Пакістан (0,7), Паўднёвая Карэя (0,65). Але калі да дзейнай арміі далічыць рэзэрвістаў на бягучым уліку і ўсялякія ваенізаваныя фармаваньні, дык акажацца, што абсалютны рэкорд па мілітарызацыі трымае Віетнам, у якім паўмільёна вайскоўцаў у дзейнай арміі, але больш за 9,5 мільёна чалавек патэнцыйна пад зброяй, калі далічыць рэзэрвістаў і ваенізаваныя адзінкі. Беларусь у гэтым рэйтынгу адпаведна 28-я (80 тысяч у дзейнай арміі) і 51-шая (480 тысяч разам з рэзэрвістамі і ваенізаванымі адзінкамі).

Яшчэ іншы паказьнік мілітарызацыі краіны атрымаем, калі падлічым колькасьць вайскоўцаў у дзейнай арміі, якая прыпадае на 1000 грамадзянаў. Дык вось, для Беларусі гэты паказьнік складае 7 вайскоўцаў, Расеі — 7,2, ЗША — 4,7, Францыі — 4,3, Польшчы — 4,2, Украіны — 4,1.

Магчыма, цяга розных нацый да арганізаваньня вайсковых парадаў неяк тлумачыцца вышэй прыведзенай статыстыкай. Але прычыны такога арганізаваньня могуць быць самыя розныя ў розных краінах. Безумоўна, мусіць, толькі адно —у такіх парадах зацікаўленая перш за ўсё ўлада. Чаму? Таму, напрыклад, каб паказаць сваім людзям і сьвету моц дзяржавы; каб зьяднаць нацыю ў патрыятычна-гіпнатычным перажываньні хоць на кароткі момант; каб даць народу відовішча ў дадатак да надзённага хлеба; каб задаволіць гістарычную традыцыю...

Кавалерыя і балістычныя ракеты

Здаецца, вайсковым парадам з найстарэйшай традыцыяй у Эўропе зьяўляецца парад на Дзень незалежнасьці (14 ліпеня) у Францыі, які адбываецца штогод з 1880 году (за выняткам пэрыяду нямецкай акупацыі 1940-1944). 14 ліпеня 1789 году народ Парыжу штурмам узяў каралеўскую турму ў Бастыліі (а таму Дзень незалежнасьці ў Францыі называюць яшчэ Днём Бастыліі).

Парад у Парыжы традыцыйна адкрываецца картэжам з прэзыдэнтам, які эскартуюць францускія кавалерысты. Потым ідуць кадэты вайсковых школаў ды пехацінцы. Пасьля пехацінцаў едуць францускія БТР-ы і танкі, а на самым канцы — парыжскія пажарнікі, якія наогул зрываюць найбольш воплескаў у публікі. А над Парыжам лётаюць рэактыўныя самалёты. Мне неяк не прыгадваецца, каб Францыя на такіх парадах (прынамсі ў апошнім часе) паказвала свае балістычныя ракеты. Але, што істотна, у 1994 годзе францускі прэзыдэнт запрасіў на парад вайскоўцаў з гэтак званага Эўракорпусу (вайсковага фармаваньня, створанага Эўразьвязам і НАТО ды разьмешчанага ў Страсбуры), у якім былі і немцы. Больш чым праз паўстагодзьдзя, так бы мовіць, бот нямецкага салдата зноў ступіў на брук Парыжу...

Таксама не паказваюць балістычных ракетаў на парадах у Дзень незалежнасьці 4 ліпеня ў ЗША. Ды мне не прыгадваецца, каб амэрыканцы на парадах з нагоды гэтага дня езьдзілі па вуліцах на танках ці нават вайсковых джыпах. Вайсковая частка ўрачыстасьці абыходзіцца маршам кадэтаў і аркестраў з розных вайсковых акадэміяў ды школаў. Дзень незалежнасьці ў ЗША нагадвае больш народнае сьвяткаваньне, чым гіпнатычную карцінку для тэлевізара.

Затое можна загіпнатызавацца вайсковымі парадамі ў Пэкіне або Пхэньяне. Я сёньня паглядзеў з паўтузіна відэакліпаў у YouTube, каб набрацца адпаведнага настрою перад гэтым блогам. Ледзь не ахранеў...

Deutsche Soldaten marschieren nicht mehr?

А потым я паспрабаваў знайсьці нешта нямецкае, сучаснае... І тут напаткала мяне расчараваньне. Немцы, відаць, "адхадзілі" сваё пры Гітлеры і ў ГДР. У YouTube стаіць відэа апошняга вайсковага параду ў ГДР у 1989 годзе — сярод гледачоў, побач з Гонэкерам, Гарбачоў і Ярузэльскі (мой колішні камандзір). Відэа выціснула настальгічную сьлязу... І куча відэакліпаў, якія паказваюць маршы вэрмахту ды СС часоў Гітлера, уключна з кадрамі зь незабыўнага фільму Рыфэншталь. Але сёньняшняга бундэсвэру — ні сьледу... Традыцыя навыварат, ці як гэта назваць?