Каля месяца пасьля абвяшчэньня выраку забойцам “пухавіцкага падпальшчыка” асуджаныя застаюцца дома. Міліцэйскія пасты зьнятыя зь іх дамоў.
У РУУС Жыткавіцкага раёна кажуць, што да іх не прыйшло рашэньне суду аб зьмяненьні меры стрыманьня, і асуджаныя за забойства застаюцца пад хатнім арыштам, падае Інтэрфакс.
Верагодна, улады чакаюць амністыі да асуджаных з нагоды 65-годзьдзя вызваленьня Беларусі. У міліцыі гэта ўскосна пацьвердзілі.
9 чэрвеня Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў касацыйную скаргу забойцаў “пухавіцкага падпальшчыка” Сяргея Аліферовіча і Ігара Макарэвіча.
Абодва прасілі Вярхоўны суд зьмякчыць прысуд Гомельскага абласнога суда. Першы быў засуджаны да 5 гадоў, другі – да 3 гадоў зьняволеньня – ніжэй ніжняй мяжы паводле артыкулу за наўмыснае забойства, учыненае групай асоб.
31 сьнежня Аліферовіч і Макарэвіч разам з саўдзельнікамі забілі свайго аднавяскоўца Мікалая Макарэвіча – жыхара вёскі Пухавічы Жыткавіцкага раёна. Пасьля ўмяшаньня ў справу А.Лукашэнкі да суда яны былі вызваленыя на падпіску на нявыезьдзе. Пазьней суд даў ім вельмі мяккія прысуды.
Вярхоўны суд пакінуў у сіле прысуд Гомельскага суду.