Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сваякі “падпальшчыка” шакаваныя мяккімі выракамі забойцам


Учора калегія крымінальных спраў Гомельскага абласнога суду вынесла надзвычай мяккія прысуды 4 жыхарам вёскі Пухавічы Жыткавіцкага раёну, удзельнікам групавога забойства аднавяскоўца, якога яны падазравалі ў падпалах.

Пакараныя (зьлева направа): Сяргей Аліферовіч, Тацьцяна Юхневіч (хаваецца) Аляксандар Петручэня, Ігар Макарэвіч.


Тацьцяна Ціхіня, родная сястра забітага Мікалая Макарэвіча
Непасрэдных удзельнікаў забойства Сяргея Аліфяровіча і Ігара Макарэвіча пакаралі на 5 і 3 гады пазбаўленьня волі адпаведна. Дзеяньні памагатых у забойстве — Тацьцяны Юхневіч і Аляксандра Петручэні — суд перакваліфікаваў на ўкрывальніцтва сьлядоў асабліва цяжкага злачынства і вынес ім пакараньне ў выглядзе 2 гадоў абмежаваньня волі без накіраваньня ва ўстановы адкрытага тыпу – на так званую “хатнюю хімію”, якой пакаралі, напрыклад, маладых апазыцыянэраў-удзельнікаў леташняга “працэсу 14-ці”.

Брат забітага Мікалая Макарэвіча Міхаіл зазначыў Свабодзе, што ён шакаваны такім мяккім прысудам:

“Канешне, ня згодзен з гэтым прысудам, таму што ўсё на падмане, несумленна. Паўплывала ўмяшальніцтва зьверху, што ім далі малое пакараньне, малы прысуд”.

Іншая сваячка забітага Мікалая Макарэвіча Галіна перакананая:

“Гэта ненармальны прысуд, 139-ы артыкул — і пяць гадоў, калі сьвяціла 25. Мы маленькія людзі, у нас абароны няма. Хто абскардзіць прыгавор — старая маці?".

Затое гатовы абскардзіць прысуд адзін з забойцаў Сяргей Аліфяровіч. Як ён заявіў, прысуд у дачыненьні да яго справядлівы, за што “дзякуй прэзыдэнту". А свой намер абскардзіць вэрдыкт суда ён растлумачыў тым, што прасіў судовую калегію не пазбаўляць яго волі. Трое ягоных саўдзельнікаў пакуль ня вырашылі, ці будуць абскарджваць прысуд.

Дзяржаўны абвінаваўца на працэсе Андрэй Бондар прасіў суд пакараць забойцаў 14 гадамі зьняволеньня, а іх памагатых — васьмю з паловай і васьмю гадамі турмы. Канчатковай пазыцыі наконт абскарджаньня надта мяккага прысуду ён пакуль не сфармуляваў:

“Пасьля паступленьня судовага рашэньня ў пракуратуру будуць прааналізаваныя довады, на падставе якіх суд палічыў неабходным перакваліфікаваць дзеяньні дваіх абвінавачаных на іншае злачынства. І адпаведна будзе прынятае адно з двух магчымых рашэньняў: альбо апратэставаць дадзены прысуд у касацыйным парадку, альбо пагадзіцца з судовым рашэньнем”.

Сьледчы Гомельскай абласной пракуратуры Сяргей Белікаў, які расьсьледаваў забойства Мікалая Макарэвіча, заявіў у інтэрвію БелаПАН, што ён "цалкам згодны з пазыцыяй дзяржабвінавачаньня — 14 і 8 гадоў пазбаўленьня волі для абвінавачаных у забойстве":
Сьледчы: 10 гадоў для саўдзельнікаў — гэта было б у рамках закона...

"Нават, напэўна, 10 гадоў для саўдзельнікаў — гэта было б у рамках закона", — лічыць сьледчы.

С.Белікаў зазначыў, што ня можа камэнтаваць прысуд, але калі пракуратура ня згодзіцца зь ім, то ён будзе апратэставаны. Сьледчы дадаў, што супрацоўнікамі пракуратуры была праведзена велізарная работа — па выкрыцьці злачынцаў, збору доказаў віны абвінавачаных.

Гісторыя пра самасуд у вёсцы Пухавічы Жыткавіцкага раёну над магчымым падпальшчыкам, былым загадчыкам фэрмы Мікалаем Макарэвічам, які неаднаразова адбываў пакараньні за крадзяжы і падпал, атрымала шырокі розгалас, калі ў справу ўмяшаўся Аляксандар Лукашэнка. На нарадзе сілавікоў ён асабіста загадаў выпусьціць забойцаў пад хатні арышт. Да таго ж зьвярнуўся да старшыні Вярхоўнага суду Валянціна Сукалы з адмысловай прапановай “ляяльна весьці гэтую крымінальную справу”.

Праваабаронца, старшыня БХК Алег Гулак з гэтай нагоды заявіў “Свабодзе”:

Алег Гулак
“Шкада, што ў нас бываюць мяккія і гуманныя прысуды толькі ў тых выпадках, калі ўмешваецца нехта з высокіх чыноў у гэтую справу. Хацелася б, каб наагул можна было гаварыць пра гуманізацыю пакараньняў. Але, канечне, гэты адзін выпадак ніякім чынам пакуль не дае падстаў гаварыць пра гуманізацыю. Больш падстаў гаварыць аб праблеме недастатковай незалежнасьці суду. Хаця я не хачу крытыкаваць прысуд як залішне мяккі.

У прынцыпе, у цывілізаваных краінах таксама ёсьць права прэзыдэнта на памілаваньне. І гэта працэдура памілаваньня ўжо пасьля судоў. Судовая сыстэма павінна зрабіць сваю справу. А прэзыдэнт потым можа прымяніць сваё права ў канкрэтных выпадках. Тое, што адбывалася ў нас, — сытуацыя даволі спэцыфічная для краіны, якая хацела б называцца прававой, якая ў сваёй Канстытуцыі замацавала статус прававой”.

Былы адвакат, праваабаронца Гары Паганяйла перакананы:

Гары Паганяйла
“Проста, відаць, не было каму патлумачыць кіраўніку краіны, наколькі ён няправільна ўспрымае прававую сытуацыю вакол гэтай справы. Учынена жорсткае злачынства, самасуд, а кіраўнік краіны ўзяў гэтых людзей пад абарону. Гэта наогул прававы нонсэнс”.

Да ўступленьня прысуду ў сілу меру стрыманьня для Аліфяровіча і Макарэвіча пакінулі ранейшай — дамашні арышт, Петручэню і Юхневіч зьмянілі меру стрыманьня на падпіску аб нявыезьдзе.

Як вынікае з матэрыялаў справы, агучаных на судзе, забойства Мікалая Макарэвіча адбылося 31 сьнежня мінулага года. Чатыры жыхары вёскі Пухавічы на працягу некалькіх гадзін высочвалі сваю ахвяру —аднавяскоўца, да якога адчувалі непрыязнасьць, бо ён нібыта пагражаў спаліць дом аднаго з абвінавачаных, што не знайшло пацьвярджэньня ў ходзе судовага працэсу. М.Макарэвіча забілі, нанёсшы ўдары дзьвюма сякерамі ў галаву, ад якіх пацярпелы памёр. Яго труп завезьлі ў бязьлюднае месца і кінулі. Вярнуўшыся ўвечары, злачынцы спалілі цела, а потым накіраваліся ў кавярню сьвяткаваць Новы год. 10 студзеня падазроныя былі арыштаваныя. 6 лютага, пасьля агучваньня прэзыдэнтам краіны сваёй пазыцыі па гэтай справе, абвінавачаныя былі выпушчаны пад хатні арышт, дзе й правялі час да суду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG