Зь Мікалаем ІІ ці без яго, так і не вырашылі

У Магілёўскім ўнівэрсытэце харчаваньня адбылася дыскусія на тэму, “Ці быць у Магілёве бюсту Мікалаю-II”. Бюст вырашыла падарыць абласному цэнтру кіраўніцтва раёну Сакаліная гара Ўсходняй адміністрацыйнай акругі Масквы. Раней мясцовыя грамадзкія актывісты накіравалі лісты з пратэстам у гарвыканкам і запатрабавалі патлумачыць, што азначае гэта падарунак.

Дыскусію ініцыяваў актывіст незарэгістраванага руху “Рушэньне” Валадар Цурпанаў, а арганізаваў яе выкладчык унівэрсытэту харчаваньня, кандыдат гістарычных навук Ігар Пушкін.

Паспрачацца сабраліся гісторыкі, філёзафы, эканамісты, супрацоўнікі магілёўскіх музэяў ды турыстычных фірмаў – агулам каля трох дзясяткаў чалавек.

Арганізатар Ігар Пушкін выклаў сваё бачаньне значэньня для гісторыі Магілёва стаўкі галоўнакамандуючага й самаго самадзержца зь сям’ёй. Гісторык настойваў, што адзначаць бюстам варта не імпэратара, а сам факт знаходжаньня ў Магілёве стаўкі:

“Можна казаць, што Магілёў пераўтвараецца ў своеасаблівую сталіцу, бо існаваў пэўны час прынцып, дзе цар там і сталіца, хаця фармальна сталіцай лічыўся Петраград. Аднак тут прымаліся адказныя рашэньні ня толькі ў самой стаўцы, але і ад імя самаго імпэратара”.

Меркаваньне гісторыка катэгарычна не прыняў ініцыятар дыскусіі Валадар Цурпанаў. Ён назваў падарунак расейцаў абразай для беларусаў, якія жылі ў расейскай калёніі ў тыя гады, а сам падарунак заклікаў разглядаць толькі з пазыцыі палітыкі:

“Ад такіх падарункаў трэба адмаўляцца. Калі ж мы вызнаем сябе падданымі расейскай імпэрыі, то тады пытаньняў няма. Калі ж мы грамадзяне Рэспублікі Беларусь і хочам, каб нашыя дзеці пачуваліся так і выхоўваліся як грамадзяне, адказнымі лёс свайго краю, за сваю зямлю й ўсё, то мы павінны памятаць пра гэта”.

Пазыцыі Пушкіна й Цурпанава вызначылі хаду дыскусіі. Яе ўдзельнікі прапаноўвалі ўсталяваць бюст насупраць помніка Леніну на аднайменнай плошчы ў Магілёве, таксама стварыць сквэр каранаваных асобаў, куды зьвесьці бюсты ўсіх кіраўнікоў дзяржаў, якія пабылі ў Магілёве. Супрацоўнікі турыстычных фірмаў пераконвалі, што ўсталяваньне бюста прыцягне шмат турыстаў у абласны цэнтар. Праціўнікі ж усталяваньня заклікалі калегаў не сьпяшацца і дачакацца пакуль ўсталююць помнікі нацыянальным дзеячам, а таксама прапаноўвалі пашырыць экспазыцыі музэяў, у якіх расказваецца пра побыт у Магілёве расейскага імпэратара і на гэтым спыніцца.

У дыскусіі не ўзялі ўдзелу мясцовыя чыноўнікі, бо яны проста не прыйшлі на яе. Зь меркаваньнямі ўдзельнікаў дыскусіі іх усё ж азнаёмяць, паабяцаў Ігар Пушкін, і выказаў спадзяваньне, што яны будуць улічаныя падчас прыняцьця канчатковага рашэньня.

Мікалай II зь сям’ёй жыў у Магілёве падчас Першай усясьветнай вайны. Адсюль ад жніўня 1915 да лютага 1917 году ён кіраваў дзеяньнямі сваіх войскаў. Менавіта гэтым і тлумачыцца плянаванае ўсталяваньне бюста расейскага самадзержца ў Магілёве.