Сёньня першы віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка выступіў перад дэпутатамі Нацыянальнага сходу Беларусі, а пасьля адказваў на іхныя пытаньні. Вялікае падзеньне вытворчасьці спадар Сямашка тлумачыць тым, што ў Расеі фактычна існуе забарона на набыцьцё беларускіх тавараў, хаця фармальна яна скасаваная.
Першы намесьнік кіраўніка беларускага ўраду адразу патлумачыў асаблівую ўвагу менавіта да прамысловасьці. “Яна была, ёсьць і будзе цяглавым конікам усёй нашай эканомікі” — падкрэсьліў Уладзімер Сямашка. І дадаў: “Раней яна ніколі нас не падводзіла”.
Аднак сёлетняя афіцыйная статыстыка сьведчыць пра іншае. І гэта вымушаны быў прызнаць першы віцэ-прэм’ер:
“Па выніках пяці месяцаў сёлета аб’ём вытворчасьці склаў 96,6% параўнальна з гэтым жа пэрыядам летась. Найбольш сур’ёзна крызіс закрануў прадпрыемствы беларускага машынабудаваньня. Тут спад параўнальна зь мінулым годам склаў аж 23,2%. Гэта тлумачыцца тым, што адбылося дастаткова сур’ёзнае падзеньне вытворчасьці ў экспартаарыентаваных прадпрыемстваў”.
Уладзімер Сямашка прывёў шмат канкрэтных прыкладаў. Так, параўнальна з тым жа леташнім часам сёлета вытворчасьць склала: на БелАЗе — 63,3%, на МАЗе — 57,6%, на “Амкадоры” — 65,2%, на МТЗ — 82%. А адзін з самых галоўных пастаўшчыкоў валюты для дзяржавы, “Беларускалій”, пакуль не набраў і паловы леташняга аб’ёму — усяго 46,6%.
Эканаміст Леў Марголін лічыць, што рэальнае становішча яшчэ горшае. І лічба 96,6% сёлетняй вытворчасьці — вельмі ўмоўная:
“Гэта калі ўлічыць тое, што было пакладзена на склады, што было раздадзена без аплаты. Я думаю, насамрэч гэтая лічба ніжэйшая за 96%”.
Уладзімер Сямашка лічыць, што цяпер трэба тэрмінова шукаць прынцыпова новыя рынкі збыту:
“І практыка апошняга часу паказвае, што гэта абсалютна рэальная задача. Напрыклад, наш экспарт у Вэнэсуэлу ў 2006 годзе складаў толькі 6 мільёнаў даляраў. У 2007 годзе ён павялічыўся ў сем разоў. У 2008 годзе — яшчэ ў чатыры разы. Сёлета, параўнальна з чатырма месяцамі летась, наш экспарт павялічыўся яшчэ ў два разы”.
Першы віцэ-прэм’ер параіў зьвярнуць асаблівую ўвагу на іншыя краіны Лацінскай Амэрыкі, Паўночнай Афрыкі, Пэрсыдзкай затокі...
Меркаваньне эканаміста Льва Марголіна: “Я ня думаю, што гэта вельмі рэальна — пераарыентавацца на Паўночную Афрыку ці нейкія іншыя рэгіёны. Мне падаецца, што на нашых прадпрыемствах працуюць дасьведчаныя людзі. І калі б такая магчымасьць была ўчора, яны зрабілі б гэта яшчэ ўчора. У сьвеце няма свабодных рынкаў. Усе яны некім занятыя. І прыйсьці на новыя рынкі можна толькі праз вострую канкурэнцыю. Але нашы прадпрыемствы наўрад ці змогуць яе вытрымаць. Таму што ў аснове іх працы ляжыць затратны мэтад гаспадараньня”.