Frankfurter Rundschau: “Лукашэнку падабаюцца монстры з грашыма”

Аляксандар Лукашэнка

Як піша нямецкае выданьне Frankfurter Rundschau, “Аляксандар Лукашэнка дакладна ведае, дзе знаходзіцца Беларусь: паміж двума монстрамі. Гэткімі словамі беларускі кіраўнік днямі апісаў сваёй высокай госьці з Брусэлю становішча сваёй краіны, маючы на ўвазе яе месцазнаходжаньне паміж Расеяй і Эўразьвязам”.

Прадстаўніца так званага “заходняга монстра” эўракамісар Бэніта Фэрэра-Вальднэр “зрабіла добрую міну пры такім ня надта дыпляматычным выказваньні і паабяцала апальнаму дэспату далейшую дапамогу для Беларусі.

Дапамога Лукашэнку патрэбная неадкладна — як у сувязі з глябальным эканамічным крызісам, так і з прычыны канфлікту з другім монстрам, на Ўсходзе”.

Паводле Frankfurter Rundschau, апошнім часам Беларусь рэгулярна спрачаецца з Расеяй адносна танных газавых паставак. Сытуацыя паміж колішнімі хаўрусьнікамі асабліва абвастрылася ў зьвязку з “малочнай вайной”. Тады Лукашэнка нават паставіў пытаньне пра разгортваньне сілаў расейскай СПА ў Беларусі.

“Так пачалося збліжэньне з ЭЗ. Былі ініцыяваныя перамовы, адмененыя санкцыі, Менск быў уключаны ў праграму “Ўсходняе партнэрства”, піша нямецкае выданьне.

Як лічыць аўтар артыкула, “разгадка вельмі простая: Захад мае грошы на адкрыцьцё рынку і на эканамічную лібэралізацыю. Або, як патлумачыў Лукашэнка ў характэрнай для яго савецкай стылістыцы: “У Эўропе сканцэнтраваныя фінансавыя рэсурсы, што зьяўляецца для Беларусі найважнейшым фактарам”.

Тым часам прадстаўнікі беларускай апазыцыі крытыкуюць падобнае збліжэньне. Яны перакананыя, што прэзыдэнт не гатовы да рэформаў, хіба што да касмэтычнай карэкцыі сыстэмы. Гэтае папярэджаньне ў Брусэлі напачатку ігнаравалі. Аднак паступова ў Эўропе пачала расьці незадаволенасьць.

“Мы бачым добры старт, аднак канкрэтныя крокі пакуль ня зробленыя”, — заявіла ў Менску эўракамісар. У сваю чаргу, ПАРЭ таксама нагадала Менску, што Беларусь — адзіная эўрапейская краіна, дзе дагэтуль дзейнічае сьмяротнае пакараньне.

Але ж, не выключае Frankfurter Rundschau, калі востра нестае грошай, можна пайсьці на саступкі і ў пытаньнях правоў чалавека.