Генэральны пракурор Беларусі занепакоены ўсплёскам карупцыйных злачынстваў сярод высокіх чыноўнікаў, але не выказвае дасьведчанасьці ў некаторых гучных справах, у тым ліку ў справе амэрыканца Зэльцэра.
Генэральны пракурор Беларусі Рыгор Васілевіч прысьвяціў сваю прэсавую канфэрэнцыю тэме карупцыі сярод высокіх чыноўнікаў. Ён заявіў, што чыноўнікі злоўжываюць сваім становішчам з мэтай незаконна прыдбаць зямельныя ўчасткі, а таксама каб атрымаць грошы за дзеяньні, якія ўваходзяць у іх службовыя абавязкі. На думку Рыгора Васілевіча, асаблівай увагі ведамстваў, якія змагаюцца з карупцыяй, заслугоўваюць чыноўнікі міністэрстваў энэргетыкі і эканомікі, а таксама Дзяржкамітэту па маёмасьці і службаў землеўпарадкаваньня абласных выканкамаў.
У Рыгора Васілевіча спыталіся таксама пра справу амэрыканскага грамадзяніна Эмануіла Зэльцэра, асуджанага летась на 3 гады зьняволеньня. Чаму, хоць мінула болей за месяц ад абвяшчэньня амністыі, Зэльцэру не выдаюць патрэбных дакумэнтаў? Куды глядзіць пракуратура? — пацікавіліся журналісты.
“Мяркую, тэрміны падышлі, каб выдаць яму ўсе дакумэнты. Безумоўна, мы высьветлім, з-за чаго затрымка. Мы імкнёмся назіраць ня толькі за законнасьцю прысудаў, але і за іх выкананьнем. Што тычыцца гэтага канкрэтнага выпадку, трэба паглядзець”, — адказаў Рыгор Васілевіч.
Эмануіл Зэльцэр падпадае пад амністыю, абвешчаную ў сувязі з гадавінай вызваленьня Беларусі. Дакумэнты амэрыканца павінна разгледзець камісія ў справе амністыі пры магілёўскай калёніі, але ўжо больш як месяц зь Менскага гарадзкога суду не дасылаюць даведку, безь якой разгляд дакумэнтаў немагчымы. На пачатку чэрвеня адвакат Зэльцэра Зьміцер Гарачка паскардзіўся на гэта ў Вярхоўны суд і ў пракуратуру Менску. Як выявілася, пасьля гэтага сытуацыя з амністыяй Зэльцэра ня стала больш зразумелай:
“Ва ўсякім разе, маю скаргу ў пракуратуру Менску накіравалі ва ўправу юстыцыі Менскага гарвыканкаму. У выніку ўсе кажуць, што нічога ня ведаюць”.
Эмануіл Зэльцэр абвясьціў галадоўку, паколькі лічыць, што беларускі суд наўмысна зацягвае ўжываньне адносна яго амністыі. Вязень галадуе ўжо два тыдні. Адвакат Зьміцер Гарачка, які рэгулярна бачыцца з Эмануілам Зэльцэрам, кажа, што той “вельмі схуднеў”, і выказвае трывогу за жыцьцё свайго падабароннага, які мае шэраг хранічных захворваньняў.