Пасьля афіцыйных перамоваў эўракамісар Бэніта Фэрэра-Вальднэр выступіла з публічным зваротам да беларускай грамадзкасьці.
СЛУХАЦЬ:
Бэніта Фэрэра-Вальднэр заявіла, што Брусэль надалей чакае выкананьня Менскам 5 патрабаваньняў ЭЗ да Беларусі. Гэта, перадусім, сумесная праца зь Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) у справе зьмяненьня выбарчага заканадаўства Беларусі, каб наступныя выбары праходзілі паводле новага заканадаўства. Акрамя таго, гэта — свабода СМІ, свабода сходаў, рэгістрацыя недзяржаўных арганізацыяў, вызваленьне палітзьняволеных.
“Беларусь — сувэрэнная дзяржава з багатай гісторыяй. Яна падаравала сьвету нямала знакамітых мастакоў, пачынаючы ад Шагала. Мы з боку ЭЗ ня можам вучыць краіну, што ёй рабіць. Аднак мы можам абяцаць, што будзем адкрытымі і зычлівымі суседзямі. Я прыехала сюды, каб сказаць, што калі Беларусь будзе разам з Эўропай, мы будзем вітаць яе”.
Спадарыня Фэрэра-Вальднэр дадала, што ЭЗ гатовы дапамагчы Беларусі ў сувязі зь цяжкасьцямі ў эканоміцы. Эўракамісар падкрэсьліла, што ЭЗ мае магчымасьці, каб супрацоўнічаць зь Менскам дзеля пераадоленьня наступстваў эканамічнага крызісу.
У невялікім інтэрвію, якое “Свабодзе” ўдалося ўзяць у спадарыні Фэрэра-Вальднэр літаральна за хвіліну да яе выступу перад дыпляматамі, грамадзкасьцю і журналістамі, спадарыня эўракамісар паведаміла, што чакала гэтай сустрэчы чатыры гады. Галоўны вынік візыту — дарэчы, першага візыту эўрапейскага камісара ў Беларусь — яна вызначыла так:
“Галоўнае, што гэтая сустрэча ўвогуле адбылася. Ёю я вельмі задаволеная, яна была вельмі адкрытая. Я спадзяюся на яе плённы працяг”.
У сваім выступе спадарыня Фэрэра-Вальднэр удакладніла, што агучыла беларускаму кіраўніку спадзяваньні ЭЗ. Паводле яе словаў, у беларускага кіраўніцтва пасьля прыпыненьня санкцыяў ЭЗ ёсьць шанец і час да сьнежня, каб прадэманстраваць, што Беларусь гатовая да супрацоўніцтва з Эўропай.
Спадарыня эўракамісар выказала сваё задавальненьне ў зьвязку з тым, што яе прамова адбываецца менавіта ў гатэлі “Эўропа”, дзе вывешаны сьцяг ЭЗ. Яна спадзяецца, што амбасадары іншых краін, у тым ліку і Расеі, на гэта не пакрыўдзяцца.
А вось меркаваньні адносна прамовы спадарыні Фэрэра-Вальднэр некаторых беларускіх палітыкаў.
Сяргей Калякін: “Я і перад візытам гаварыў, што чакаць таго, што візыт нешта зьменіць, было б наіўна. Сёньня мы пачулі ад спадарыні Вальднэр, што адбыўся адкрыты абмен думкамі. Карты пакладзеныя на стол, і кожны вольны рабіць тое, што хоча. І ў тым, і ў другім выпадку ёсьць пэўныя рызыкі, пэўныя вокны магчымасьцяў.
Разам з тым існуе падтэкст таго, што ў выпадку, калі Беларусь будзе прытрымлівацца тых каштоўнасьцяў, на якіх базуецца ЭЗ — дэмакратыі, вяршэнства закону і гэтак далей, — Беларусь можа атрымаць сур’ёзныя прэфэрэнцыі як у эканамічнай, так і ў палітычнай сфэрах.
Іншымі словамі, візыт адбыўся. Што будзе далей — пакажа час, прычым ня толькі самы хуткі, але і крыху аддалены”.
Аляксандар Казулін: “Зразумела, мы чакалі, што больш будзе аддадзена ўвагі сытуацыі з палітвязьнямі, таму што ў нас у турмах паміраюць людзі. Аднак мімаходзь было сказана, што акцэнты будуць рабіцца ня толькі на дыялёг у галіне эканомікі, але і на галіне правоў чалавека. Мы спадзяемся, што ў часе перамоваў эўракамісара з Лукашэнкам была дастаткова дакладна і жорстка агучаная пазыцыя эўрапейцаў. Я сам ведаю Фэрэра-Вальднэр, і тое, што яна ўслых не сказала, гэта было выказана ў часе яе размовы зь беларускім прэзыдэнтам”.
А вось думка аднаго з прысутных на сустрэчы дыпляматаў.
На просьбу “Свабоды” пракамэнтаваць распаўсюджанае меркаваньне адносна таго, што цяперашні візыт у Менск эўракамісара Фэрэра-Вальднэр зьвязаны з пагаршэньнем беларуска-расейскіх стасункаў, адказвае расейскі амбасадар у Менску Аляксандар Сурыкаў:
“Я так не лічу. Проста пасьля праскага саміту спадарыня эўракамісар усё ж вырашыла прыехаць. Дагэтуль яна двойчы зьбіралася і не прыяжджала ў выніку розных абставінаў. Цяпер жа вырашыла ажыцьцявіць свой візыт. Толькі і ўсяго. Зразумела, у разьвіцьцё дамоўленасьцяў па “Ўсходнім партнэрстве” пасьля праскага саміту”.