СЛУХАЦЬ:
Эўракамісар назвала сваю сустрэчу з кіраўніком Беларусі “вельмі прадуктыўнай”:
“Магу вам сказаць, што мы мелі вельмі прадуктыўную размову па ўсіх пытаньнях. Яна цягнулася дзьве з паловай гадзіны. Мы абмеркавалі ўсе дэталі. Мне падалося, што прэзыдэнт вельмі ўважліва прыслухаўся да маіх словаў. Я думаю, што гэта быў добры старт таго, што, я спадзяюся, будзе эпохай у нашых дачыненьнях”.
Аляксандар Лукашэнка ў размове са спадарыняй Фэрэра-Вальднэр абверг выказваньні тых палітыкаў, якія кажуць, што ён вядзе нейкую гульню з Эўропай:
“Чаго мы хочам ад Эўропы? Мы хочам, каб вы разумелі, што Беларусь — ня толькі геаграфічны цэнтар гэтага кантынэнту, што тут жывуць вельмі прыстойныя, чэсныя, працавітыя людзі, што тут існуе сувэрэнная незалежная дзяржава. Гэта вялікая каштоўнасьць любога народу, і рабіць замах на сувэрэнітэт і незалежнасьць, як бы гэтага некаму ні хацелася, мы дазволіць ня можам. Мы хацелі б нармальных стасункаў з эўрапейскім кантынэнтам”.
Мы хочам, каб вы разумелі, што Беларусь — ня толькі геаграфічны цэнтар гэтага кантынэнту, што тут жывуць вельмі прыстойныя, чэсныя, працавітыя людзі, што тут існуе сувэрэнная незалежная дзяржава ...
Бэніта Фэрэра-Вальднэр гаварыла з А.Лукашэнкам таксама пра фінансавую дапамогу, візы і правы чалавека. У прыватнасьці, эўракамісар паведаміла, што Эўракамісія прыкладае намаганьні, каб Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця, а таксама Эўрапейскі інвэстыцыйны банк аказалі фінансавую дапамогу Беларусі.
Спадарыня Фэрэра-Вальднэр сказала журналістам, што на перамовах у Менску паўставала пытаньне пра зьмяншэньне кошту візаў для грамадзянаў Беларусі. У прыватнасьці, беларускі бок жадае, каб віза патаньнела з 60 да 35 эўра.
“Я падтрымліваю гэтую прапанову і пастараюся давесьці неабходнасьць гэтага да краінаў, якія ўваходзяць у Эўразьвяз”, — зазначыла эўракамісар у справах зьнешніх сувязяў Бэніта Фэрэра-Вальднэр.