“Белтрансгаз” ня мае запазычанасьці перад “Газпромам” і працягне аплачваць расейскі газ па сярэднегадавой цане.
Прадстаўнік “Белтрансгазу” заявіў Інтэрфаксу, што “большага дакумэнту, чым дамоўленасьць на ўзроўні прэзыдэнтаў, не патрабуецца”. Ён дадаў, што “пра дамоўленасьць, што Беларусь будзе плаціць паводле сярэднегадавой цаны, публічна абвясьціў прэзыдэнт Расеі, і гэта праграма дзеяньняў для ўсіх”.
Таксама прадстаўнік “Белтрансгазу” заявіў, што непасрэдна “Газпром” не прад'яўляў прэтэнзій да “Белтрансгазу” адносна аплаты газу ў студзені-красавіку. Прадстаўнік “Белтрансгазу” ўпэўнены, то Беларусь будзе плаціць 150 даляраў за тысячу кубамэтраў цягам усяго году. Кантрактная цана газу ў другім паўгодзьдзі “будзе значна ніжэйшая за фактычную аплату, што кампэнсуе сытуацыю першага кварталу, калі кантрактная цана перавышала сярэднегадавую”.
“Газпром” накіраваў ліст “Белтрансгазу” з патрабаваньнем пагасіць запазычанасьць за газ, пастаўлены ў студзені-красавіку гэтага году, у памеры 230 мільёнаў даляраў. Пра гэта заявіў мэдыям дарадца па эканамічных пытаньнях амбасады Расеі ў Беларусі Андрэй Кузьняцоў.
Цяпер гаворка ідзе пра аплату ня толькі запазычанасьці ў 230 мільёнаў даляраў, але і ўсёй запазычанасьці, з улікам пяні і штрафаў за няпоўную выбарку газу.
Беларускі бок павінен да 23 чэрвеня аплаціць у поўным аб’ёме газ, пастаўлены ў траўні.
Раней спадар Кузьняцоў заявіў, што Расея можа прад’явіць афіцыйнаму Менску рэгрэсіўны пазоў у зьвязку з разьлікамі за газ у першым квартале.