ПАСЬЛЯ ВАЙНЫ. Тыдзень з блогерам Сzy

«АБЛОГА. ТЫДЗЕНЬ З БЛОГЕРАМ» — летні праект сайту «Свабоды», аўтарскі агляд самых цікавых публікацый, камэнтароў, дыскусій у беларускай блогафэры ад вядомых блогераў. Пяць разоў на тыдзень.

На гэтым тыдні цікавосткі ў фрэнд-стужцы, суполках Жывога Журналу і іншых плятформаў шукае і камэнтуе Сzy.

На наступным тыдні дзяжурства па «Аблозе» пяройме brazgotka.

НАША ВАЙНА


Гістарычна склалася так, што вайна сталася своеасаблівай візытнай карткай Беларусі. У пэўныя гістарычныя пэрыяды яна нават пераставала быць звышардынарнай падзеяй і рабілася справай ледзь не паўсядзённай. Яе пачварнасьць ад гэтага не зьмяншалася, але калі нейкая падзея трывала ўваходзіць у штодзённы бег жыцьця, яна перастае быць падзеяй і становіцца фонам. Адбываецца тое, што Ралан Барт называў натуралізацыяй. Такім чынам, вайна на Беларусі «натуралізавалася». Мірныя гады прынесьлі перадышку, а разам зь ёй — страх перад паўтарэньнем сытуацыі жыцьця-пад-вайной. Зрэшты, за 65 год міру паступова зьнікае тое пакаленьне, якое шчэ нядаўна жыло пад лозунгам «абы не было вайны». Між тым у сучасным сьвеце вайна нікуды ня зьнікла. Яна альбо перамясьцілася ў няшчасныя краіны «трэцяга сьвету» — яе водгукі ў выглядзе тэрактаў у «першым сьвеце» часам нагадваюць пра сябе. Альбо набыла сучасны «цывілізаваны» выгляд — эканамічныя рычагі, дыпляматыя, пацісканьні рук ды пасьміханьні палітыкаў і бізнэсоўцаў перад камэрамі.

Так, беларускі сэгмэнт ЖЖ за апошнія дні ўздыхнуў з палёгкай: «малочная вайна скончылася». Некаторыя нават віншавалі адзін аднога зь перамогай. Насамрэч засталіся канфлікты ў зьвязку з мытняй, пра што піша Ю. Шымановіч. Нікуды не падзеліся пытаньні, якія хаваюцца за абрэвіятурамі АДКБ і БТС-2. Ну, і, натуральна, ня вырашаная праблема з газам, у зьвязку з чым kurt_bielarus нядаўна напісаў у minsk_by: «Вайна не спыняецца, наадварот!». Пад допісам у камэнтарах адбылася спрэчка: гэта вайна супраць Лукашэнкі ці супраць Беларусі?

de-brill ацэньвае падзеі ў ваенных тэрмінах:

гэта была прадуманая, цынічная расейская правакацыя. Фактычна бліцкрыг.

Дарэчы, выпадкова ці не, папярэдні пост аўтара называўся «Ведай стралковую зброю».

Разам з тым на заходнім фронце туды-сюды гойсаюць празь мяжу галубкі міру.

Як даведаўся зь сёньняшніх навінаў guralyuk, ЭЗ зьбіраецца зьнізіць кошт шэнгенскіх візаў для беларусаў.

Прымірэньне і нармалізацыя, так бы мовіць, стасункаў Эўропы з Рэжымам ідзе бяз збояў, — канстатуе ён.

Ёсьць у Юр’я Шаўцова і свая (досыць незвычайная) вэрсія, якая тлумачыць апошнія дзеяньні расейскага ўраду:

Такое адчуваньне, на ўзроўні інтуіцыі, якая, вядома, можа падманваць: выштурхоўваньне РБ з саюзу з РФ, якое праводзяць у Расеі некаторыя колы, можа быць і ня толькі стыхійнай рэакцыяй звужанага рынку на «падвышаную канкурэнтаздольнасьць» прадукцыі Рэжыму на расейскім рынку. Можа, тут і некаторая каардынацыя эўрапейскай і амэрыканскай палітыкі ва Ўсходняй Эўропе зь дзеяньнямі арыентаваных на гэтыя краіны групаў уплыву ў РФ, лабісцкіх у асноўным. Надта ўсё лягічна адно з адным складаецца: з РФ Рэжым выштурхоўваюць, у ЭС Рэжыму дзьверы адчыняюць.

А вось l_c_sulla прынесьлі позву ў ваенкамат.

Ніхто, канечне, не падумаў, што гэта неяк зьвязана з агульнай мабілізацыяй. Проста пад шыльдай пошуку «баевікоў» працягваецца дактыляскапія насельніцтва, тым больш што наперадзе дзяржаўнае сьвята — Дзень незалежнасьці ад вайны.

Дарэчы, як паведаміў vadim_i_z, у галерэі кінатэатру «Перамога» ў аўторак адкрылася выстава, дзе можна паглядзець рарытэтныя фота часоў вайны:

Выстава-рэквіем «Памяць» унікальная тым, што тут прадстаўленыя фотаздымкі ваенных часоў, якія раней нідзе не экспанаваліся. ...Побач з дакумэнтальнымі кадрамі можна пабачыць і творчыя работы аўтараў, якіх закранула вайна.

Працягнецца выстава-рэквіем «Памяць» да 15 ліпеня. Уваход вольны.


Сёньня 85 гадоў з дня нараджэньня Васіля Быкава, Пісьменьніка вайны.

З датай нас усіх павіншавалі retshyz, mixal-by

Вось што dimafromgrodno пісаў пра В. Быкава:

Калі Караткевіч навучыў мяне аптымізму, то Быкаў адлюстраваў сапраўднае становішча ў нашым жыцьці. Рэвалюцыя, калектывізацыя, вайна, савецкія часы, сучасная Беларусь. Гэтым тэмам прысьвечаная яго творчасьць. Ён нібы вяртае нас з ружовага туману да рэальнасьці. Шэрай, часам нават чорнай.

...

Аднойчы я глядзеў на фотаздымкі, і мяне вельмі ўразіла адна рэч: Быкаў быў вельмі падобны да майго дзядулі. Нізкі рост, сівыя валасы, сумны позірк, рукі... Абодва Васілі, абодва ваявалі, абодва ў артылерыі. Ні аднаго, ні другога я ніколі ня бачыў. Калі дзядуля памёр яшчэ да майго нараджэньня, то Васіль Быкаў жыў у Беларусі да 1998. Ёсьць у нашым горадзе адна вулачка, калі хаджу па ёй — адчуваю, што зусім крыху спазьніўся. А мог бы там сустрэць вялікага пісьменьніка эпохі...


НЯГОЛЕНЫЯ ЛІТАРАТАРЫ


Напярэдадні прэзэнтацыі календара зь літаратарамі ў блогасфэры адбылася сапраўдная вайна паміж тымі, хто прыхільна паставіўся да гэтай ідэі, і тымі, хто палічыў «Канец словаў» прыкметай дэградацыі айчыннае літаратуры.

У ЖЖ Андрэя Хадановіча зьявіўся такі камэнтар:

Няўжо ад беларускай літаратуры сапраўды нічога не засталося? Па-мойму, ваш калектыўны ўчынак — ганьба нашае культуры. Асабліва крыўдна, калі такія сучасныя авангардныя дзеячы «культуры» манапалізуюць «беларушчыну», кажуць: «мы — нацыянальная інтэлігенцыя, мы нясем прагрэс!», нібыта акрамя іх лёс тутэйшае культуры нікога болей не цікавіць.

kryviec і sarah-konnor выказваюць абурэньне кожны па-свойму. Калі першы лічыць гэткае выстаўленьне пазёрствам, а ня творчасьцю, то sarah-konnor выказвае жаночы погляд:

Скажу шчыра, голыя літаратары на каляндарных старонках мяне нешта ня торкаюць. Прыгожа, стылёва, але чыста па-жаночы не заводзіць:) Хоць вартыя экзэмпляры і ёсьць... Эх... Лепей зайду яшчэ раз на свой любімы эротыка-парнаграфічны сайт «Аднаклясьнікі» і пазыру на апранутых пацаноў з майго пасёлку Ждановічы, што ня маюць літаратурнага таленту i дару слова, але па-мужчынску выглядаюць ня менш (а можа нават і больш) пераканаўча за маіх улюбёных творцаў:)

Вершнік Анатоль Івашчанка ў зьвязку з вайной вакол календара рэфлексуе на тэму ўбудаванага ў тутэйшую мэнтальнасьць страху «аблажацца»:

Калі хоць на хвілю задумацца, ладная частка тутэйшае экзыстэнцыі складаецца з боязі гэтага самага «аблажацца», што цягнецца ледзь ня зь ясельнай групы садка... «Аблажацца» — г. зн. трапіць у нязручную сытуацыю, стацца аб’ектам высьмейваньня і г.д, і да т.п. І на гэтым зэкаўскім прынцыпе трымаецца нашае постсаўковае грамадзтва (уключна з г. званым «незалежным»).

...

Хапіла двух словаў «аголеныя_літаратары», каб усчаўся гвалт. Тыя, хто пачалі лажаць праект, яшчэ нат не пабачыўшы календара ў вочы, не ўлічылі адзін нюанс. Нам, па вялікім рахунку, даўно ня страшна аблажацца (у іхным разуменьні). Мабыць, ад першага надрукаванага радка ня страшна. Творчасьць (і пісаньне, і чытаньне) = эксгібіцыянізм. А яны ўсё прымерваюць пад сябе.


Некаторыя аўтары прыхільных допісаў, тым ня менш, канстатуюць, што «правакацыя» атрымалася пурытанскай:

molatau:

Нягледзячы на задэкляраваную напачатку аўтарамі канцэпцыю «альтэрнатыўнага гламуру», праект не выглядае звышправакацыйным. Мастацкая правакацыя аказалася даволі сарамлівай, здымкі прывязаныя да канкрэтнай эстэтыкі і нават канкрэтных мастацкіх твораў...

Што тычыцца розгаласу, які яна атрымала, то прычына хутчэй у тутэйшай нязбалаванай публікі.

wozhyk:

Для Беларусі праканае за эпатаж.

Сяржук Сматрычэнка шле з замежжа свае вітаньні і віншаваньні:

У пятніцу ў Менску прэзэнтацыя голага календара, а мне прыемна, што я — хай сабе і не ўпісаны сярод аўтараў ідэі — прычыніўся да яго ўзьнікненьня, падкінуўшы некалі гэтую мысьлю групе ініцыятыўных таварышаў. Таварышы, слава вашым сьветлым галовам і валасатым пузам!

У якасьці маленькага падарунка Сяржук у тым самым посьце выставіў свой пераклад апавяданьня Марціна Райнэра «Topless».

А яшчэ ўчора быў дзень народзінаў у тутэйшага правакатара думкі Валянціна Акудовіча. Зь вечара да сёньняшняга ранку блогеры дасылаюць яму віншаваньні:

wroblewska:

Ажыятаж вакол «голага календара» распаўсюдзіў голую выяву імяніньніка, а я вось маю цнатліва-прыстойныя і нават гераічныя яго выявы. Лічыць віншавальнай паштоўкай.



khadanovich:

Вось жа, з днём народзінаў Вас, Спадару Валянціне!

ЛЕТНІЯ ВАНДРОЎКІ


Шмат у каго з выпускнікоў Калегіюму спадар Валянцін асацыюецца ня толькі са славутым «Мяне няма», і нават ня толькі з сэмінарамі па філязофіі і літаратуры, але і са славутымі калегіюмнымі вандроўкамі!

Лета — самы час адпраўляцца і блізкія ці далёкія паездкі. Самае простае — гэта сесьці на ровар / машыну / электрычку ды рушыць па беларускіх мясьцінах у пошуку цікавостак і прыгажосьці. З надыходам цяпла блогеры сталі актыўна дзяліцца сваімі вандроўнымі ўражаньнямі, фатаздымкамі і кароткімі нататкамі пра розныя куточкі Беларусі, дзе яны пасьпелі пабываць.

rubleuskaja
выставіла цэлы фотаальбом з паездкі ў Прылукі.

Наведалі яшчэ адну сядзібу Гутэн-Чапскіх — Прылукі. Зусім блізка ад Менску, будынкаў шмат, мясцовасьць выбітная — возера, рэчка, парк... Побач будуюцца катэджы — мясцовыя завуць іх шэрагі «Шанхай».



Цудоўную справаздачу пра вандроўку па палескіх гарадох — Мазыр, Тураў, Жыткавічы, Пінск — зрабіла mroia ў «Вакол Палесься за 2 дні».

Пачатак лета — мой улюбёны час! — піша yank0.

І дэманструе пару фота з закінутых вёсак у Нараўлянскім раёне.



Фатаздымкі з маёнтку Рудакоў Хойніцкага раёну прэзэнтуе rodnaia9.





З гэтым разьвітваюся.

Мірнага вам неба, добрага вам лета!

Czy.