“Магутны Божа” для статыстыкі

Нязвыкла бязьлюдны цьвінтар касьцёлу ў першы дзень фэстывалю “Магутны Божа”.

Сёньня ў Магілёве пачаўся XVII міжнародны фэстываль духоўнай музыкі “Магутны божа”. Урачыстага яго адкрыцьця й закрыцьця, аднак, ня будзе.
З-за фінансавых цяжкасьцяў гарвыканкам пастанавіў сёлетнюю фэстывальную праграму абмежаваць некалькімі канцэртамі. Тры зь іх адбыліся сёньня. Што да статусу міжнароднага, то яго будуць пацьвярджаць музыкі з расейскай Тулы 19 траўня.

На вуліцах Магілёва інфармацыі пра тое, што менавіта сёньня пачнуцца канцэрты фэстывалю, няма. Некалькі рэклямных стэндаў на расейскай мове выстаўленыя толькі ля ўваходу ў гарадзкі Цэнтар культуры й адпачынку. “Ці праўда, што сёньня пачынаецца фэстываль”Магутны Божа“, пытаюся ў супрацоўніцы цэнтру:

Пра фэстывальінфармуюць некалькі рэклямных стэндаў на рускай мове выстаўленыя толькі ля ўваходу ў гарадзкі цэнтар культуры й адпачынку.
“Гэта не фэстываль праходзіць, а ў межах фэстывалю праходзяць канцэрты. У нас „Харошкі“ сёньня выступаюць у палацы культуры „Хімвалакно“, сёньня ў нас Масквіна ў гарадзкім цэнтры культуры. Заўтра ў нас вакальны ансамбаль „Інтайм“ і дзевятнаццатага Тула”.

Суразмоўца паведаміла, што ўсе канцэрты платныя. Каб паслухаць салістку Нацыянальнага акадэмічнага вялікага тэатру опэры й балета Беларусі Анастасію Масквіну трэба заплаціць пятнаццаць тысяч. Самыя танныя квіткі на канцэрт вакальнага ансамблю “Інтайм” і выступленьні расейцаў з Тулы — па пяць тысяч.

На пытаньне, ці не дарагія квіткі — яна адказала, што дарагія, аднак, тут жа зазначыла, што ганарары неяк трэба ж плаціць.

Раней уваход на фэстывальныя мерапрыемствы, бальшыня зь якіх праходзіла на адкрытых гарадзкіх пляцоўках, быў вольным. Платным ён стаў летась. Чаму? Адказвае супрацоўніца аддзелу культуры магілёўскага гарвыканкаму:

“Цяпер кожны праект павінен акупляцца, над гэтым цяпер працуем. Каму гэта цікава — сапраўдныя прыхільнікі фэстывалю — яго наведаюць і будуць задаволеныя”.

Ініцыятарам фэстывалю ў 1993 годзе была магілёўская каталіцкая парафія Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі. Бальшыня мерапрыемстваў праходзіла на цьвінтары касьцёлу сьвятога Станіслава. Сёлета ж у аб’явах касьцёл як месца правядзеньня канцэртаў згадваецца толькі адзін раз. Магілёўскі ксёндз і пробашч Раман Факсінскі з прыкрасьцю паведамляе, што фэстывалю, як раней, сёлета няма:

У абвестках толькі адзін раз згадваецца касьцёл сьвятога Станіслава.
“Толькі канцэрты арганнай музыкі. Сёньня пачнецца. Тры канцэрты будзе”.

Раней на фэстываль прыяжджалі музыкі з шмат якіх краінаў. Сёлета з замежнікаў будуць толькі тулякі. 18 траўня пачнуцца дні Тулы ў Магілёве.

Раней у межах фэстывалю праводзіліся конкурсы салістаў і хароў, ладзіліся творчыя сустрэчы, выставы ды канфэрэнцыі. Цяпер гэтага няма.

Адзін з заснавальнікаў фэстывалю магілёўскі гісторык Ігар Пушкін цьвердзіць, што фэстывалю, такім якім ён задумваўся напачатку, ўжо не існуе:

Ігар Пушкін
“Спачатку пачаўся працэс адхіленьня грамадзкасьці ад удзелу ў фэстывалі. Пачаў большаць кантроль афіцыйных структураў. Былі спробы наагул на адкрыцьці, закрыцьці не выконваць гімну „Магутны Божа“. І мы бачым цяпер, што тая форма, якая выкарыстоўвалася ў апошнія гады, прывяла да таго, што фэстывалю больш няма”.

Гарвыканкам заяўляе, што ў 2010 годзе фэстываль адбудзецца ў шырэйшым фармаце. Сёлетнія абмежаваньні называюцца творчым перапынкам, каб вывесьці фэстываль на больш высокі творчы ўзровень.



Назва фэстывалю паходзіць ад аднайменнага музычнага твору паэткі Натальлі Арсеньевай і кампазытара Мікалая Равенскага. Паводле палажэньня, усе ўдзельнікі фэстывалю павінны ведаць гімн “Магутны Божа” на мове арыгіналу. Сёлета яго не выконвалі.

Упершыню фэстываль адбыўся ў 1993 годзе. Сярод заснавальнікаў былі: народны артыст Беларусі і СССР, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, прафэсар Беларускай акадэміі музыкі Віктар Роўда, дацэнт Беларускай акадэміі музыкі Ганна Каржанеўская, заслужаны артыст Беларусі, дацэнт акадэміі музыкі Віктар Скарабагатаў, народная артыстка Беларусі, дыктарка беларускага радыё і тэлебачаньня Зінаіда Бандарэнка. Фэстываль у розныя гады падтрымлівалі фонд Сораса, Беларускі народны Фронт “Адраджэньне” ды грамадзкі камітэт “Дзеці Чарнобылю”.

У 2002 гадзе быў ліквідаваны грамадзкі дабрачынны фонд “Магутны Божа”. Ад таго часу заснавальнікамі выступаюць Магілёўскі гарвыканкам і аддзел культуры гарвыканкаму, а таксама рыма-каталіцкі касьцёл.