У “Доме літаратара” Голуб, Акудовіч, Пацюпа

Новая перадача сэрыі “Дом літаратара”. Эфір 6 чэрвеня.

ВАЛЯНЦІН АКУДОВІЧ: “НОБЭЛЕЎСКІМІ ЛЯЎРЭАТАМІ РОБЯЦЬ ПІСЬМЕНЬНІКАЎ ПЕРАКЛАДЧЫКІ”

Восьмы год запар у Беларусі праходзяць Дні швэдзкай культуры, у праграме якіх ладзяцца і літаратурныя сустрэчы пісьменьнікаў дзьвюх краінаў. Летась з беларускага боку ў іх удзельнічаў знаны філёзаф і эсэіст Валянцін Акудовіч, а сёлета пад яго рэдакцыяй упершыню па-беларуску выйшаў зборнік “Сучаснае швэдзкае апавяданьне”. Сёньня спадар Акудовіч – госьць нашай праграмы. Зь ім гутарыць Валянціна Аксак.

Валянціна Аксак: “Спадар Акудовіч, што вы ведалі пра швэдзкую літаратуру да гэтых сустрэчаў і да працы над кніжкай “Сучаснае швэдзкае апавяданьне”?”

Валянцін Акудовіч
Валянцін Акудовіч:
“Як прафэсійнаму літаратару мне трохі сорамна ў гэтым прызнавацца, але маё веданьне швэдзкай літаратуры ня шмат чым розьніцца ад таго, што ведае кожны гуманітарый. Гэта перадусім Аўгуст Стрындбэрг, Астрыд Ліндгрэн ды Інгмар Бэргман, але не як вялікі рэжысэр, а як вельмі таленавіты празаік. Калісьці я выпадкова прачытаў у яго нешта накшталт біяграфічнай аповесьці, і ўражаньне пра яе застаецца са мной па сёньня.

Да гэтай стандартнай трыяды я магу хіба дадаць Вільгельма Мубэрга. Калі я працаваў у часопісе “Крыніца”, мне давялося рыхтаваць да друку ўрыўкі зь яго рамана “Зямля здраднікаў”. Гэта была вельмі моцная проза, і яна мне шмат чаго дадала да разуменьня лёгікі эўрапейскіх войнаў сярэдзіны другога тысячагодзьдзя.

І толькі летась я трохі пазнаёміўся з сучаснай літаратурай Швэцыі. Здарылася гэта падчас літаратурных вандровак па Беларусі, якія шмат гадоў запар ладзяць швэды. Сярод швэдзкіх літаратараў тады мяне найбольш зацікавіла паэзія Іды Бёр’ель. Гэта быў зусім іншы тып вершаскладаньня, які мне раней не сустракаўся”.

Аксак: “А што зьмянілася ў вашых ведах, у вашым успрыманьні сучаснай швэдзкай літаратуры пасьля працы над першай беларускай кніжкай швэдзкай прозы?”

Акудовіч: “Зборнік “Сучаснае швэдзкае апавяданьне” складаюць тэксты дванаццаці аўтараў. Усе яны добра вядомыя ў літаратурных асяродках Швэцыі, многія перакладаліся на розныя эўрапейскія мовы. Але было б залішне адважна казаць, што праз рэдактарскую працу над гэтымі тэкстамі я зразумеў, чым і якім ёсьць швэдзкі чалавек сёньня і якой ёсьць швэдзкая літаратура. Тут я маю на ўвазе штосьці галоўнае, што мы шукаем у кожным народзе, а менавіта – навошта і дзеля якіх задачаў і мэтаў гэты народ жыве. Карацей кажучы, як я не разумеў швэдаў, так і цяпер не разумею.

А вось некаторыя тэндэнцыі швэдзкай літаратуры трохі праясьніліся. Калі я не памыляюся, дык яна ці не цалкам згарнулася да фіксацыі экзыстэнцыйных мітрэнгаў індывідуальнага чалавека. Кожны герой тут як бы замкнуты ў пэрсанальную кунсткамэру, таму і ўся праблематыка лякалізуецца прыватнымі драмамі: пад коламі машыны загінула дачка (ці сын), жонка сышла да другога ці памерла, і да таго падобнае. Зрэшты, магчыма, такім і ёсьць сёньня швэдзкі чалавек – цалкам замкнуты на пэрсанальны кон”.

Аксак: “І як на гэтым фоне выглядае сучасная беларуская літаратура?”

Акудовіч: “У пляне, так бы мовіць, прафэсійным (тут я маю на ўвазе кампазыцыйнае майстэрства, форму, стыль) швэдзкая літаратура ня горшая і ня лепшая за беларускую. Але сучасная беларуская літаратура, мне падаецца, больш канцэптуальная, больш энэргетычная, больш, калі заўгодна, энэргаёмістая. У ёй яшчэ шмат анталягічнай трывогі, яе нэрв напружаны, а драматургія па-біблійнаму эсхаталягічная. Герой беларускай літаратуры яшчэ ведае, што такое неба, нават калі аўтар з уласнай сваволі запіхвае яго ў прыватную кунсткамэру”.

Аксак: “Швэцыя ўжо колькі гадоў хвалюе беларускіх прыхільнікаў прыгожага пісьменства як краіна, дзе прысуджаецца галоўная прэмія па літаратуры, таму што ў сьпісе намінантаў на яе апошнія некалькі гадоў былі і беларускія пісьменьнікі. Аднак жа, пакуль беларускія намінанты ня мелі посьпеху. Што, на вашу думку, трэба зрабіць, каб беларусы ўрэшце скарылі швэдзкіх акадэмікаў сваёй літаратурай?”

Акудовіч: “У той літаратурнай вандроўцы па Беларусі, пра якую я згадваў на пачатку нашай гутаркі, сярод швэдаў быў, бадай, самы вядомы швэдзкі перакладчык Андэрс Будэгорд. Дык вось, калі яго прадстаўлялі незнаёмцу, дык як бы паўжартам, але заўсёды казалі, што гэта ён зрабіў нобэлеўскімі ляўрэатамі Чэслава Мілаша і Віславу Шымборску. Мелася на ўвазе, што яго шматлікія і бліскучыя пераклады гэтых аўтараў паўплывалі на выбар Швэдзкай акадэміі. Ня ведаю, што тут ад жарту, а што ад сапраўднасьці. Але пакуль беларуская літаратура шырока не загучыць на самых розных мовах, і швэдзкай, магчыма, перадусім, датуль мы ня будзем мець свайго Нобэля. І гэта – напэўна!”

АЎТАР І ТВОР

ЮРКА ГОЛУБ: “БЕЛАРУСКАЯ ПАЭЗІЯ – НЕЎМІРУЧАЯ!”


Гарадзенскі паэт Юрка Голуб нядаўна вярнуўся з Польшчы, дзе ў памежным Беластоку адбылася прэзэнтацыя ягонага польскамоўнага зборніка “Z-nad stron Nemeńskich”. Перакладчыкам вершаў і апекуном гэтага выдавецкага праекту з польскага боку выступіў Ян Леанчук. А з аўтарам па ягоным вяртаньні з-за заходняй мяжы сустрэўся Міхась Скобла.

Міхась Скобла: “Спадар Юры, віншую вас з выхадам да польскага чытача. Як прайшла прзэнтацыя ў Беластоку?”

Юрка Голуб
Юрка Голуб:
“Прызнаюся, я люблю заставацца з кнігай сам-насам, а тут давялося знаёміць зь ёю некалькі дзясяткаў чалавек. І мне было вельмі ўсьцешна назіраць, як рэагавалі польскія чытачы на тое, як гучыць беларуская паэзія на іх роднай мове. Мне здалося, што зборнік, які пераклаў мой сябра, польскі паэт і перакладчык Ян Леанчук, быў прыняты вельмі прыхільна”.

Скобла: “Існуе меркаваньне, што польскія і ўвогуле заходнеэўрапейскія перакладчыкі ня могуць перакласьці рыфмаваныя вершы і выбіраюць для перакладу выключна вэрлібры. А як адбылося ў выпадку з вашым зборнікам?”

Голуб: “Вы, як кажуць, трапілі “ў яблычка”. Якраз так і адбылося. У зборнік трапілі пераважна вольныя вершы, што яшчэ раз пацьвярджае той факт, што перакладчыкі схільныя ісьці па шляху найменшага супраціву”.

Скобла: “Аляксандар Фядута ў сваёй кнізе “Паэтычны аглядальнік” піша: “Юрка Голуб – чалавек вялікай культуры, ня вычытанай, але засвоенай, не наўмысна падкрэсьленай, але пранізьлівай”. Адкуль у вас гэтая “не засвоеная, пранізьлівая” культура?”

Голуб: “Я, канешне, чытаў гэтыя дужа прыемныя словы пра сябе. Адкуль культура? Мне здаецца, у першую чаргу, з нашай беларускай традыцыі. Хто можа сказаць, што нашы людзі недалёкія, неадукаваныя? Гэтак гаварыць было б проста грахом. Таму я лічу сябе часткай гэтай культурнай мазаікі – дробнай, невялікай частачкай, якая набыла паэтычную форму”.

Скобла: “А ці шмат вам як паэту, даў філфак Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту?”

Голуб: “Безумоўна, шмат. Калі я быў студэнтам, я не надаваў гэтаму асаблівай увагі. Потым, на адлегласьці, калі набываўся жыцьцёвы досьвед, БДУ ўбачыўся ў больш прывабным сьвятле. Я проста ўдзячны лёсу, што трапіў у тое ўнівэрсытэцкае асяродзьдзе. У той час, у 60-я гады, гэта быў адзіны ўнівэрсытэт у Беларусі, і гэта надавала гонару кожнаму з нас, у тым ліку маім сябрам па паэтычным цэху”.

Скобла: “Той жа Фядута піша: “Голуб чакае прызнаньня пакорліва, не прэтэндуючы”. У сувязі з гэтым пытаньне: ці павінен паэт ня толькі пісаць, але і жыць прыкметна?”

Голуб: “Гэта залежыць ад таго, хто што і як любіць. Ёсьць аўтары, якія любяць, калі іх слухаюць шматлікія аўдыторыі, а ёсьць такія, якія спадзяюцца, што іх чытаюць ціхама, і гэтым задаволеныя. Я памятаю, у маладосьці нам усім, я маю на ўвазе сяброў літаратурнага аб’яднаньня “Ўзьлёт”, тую ж Яўгенію Янішчыц, Алеся Разанава, Мар’яна Дуксу, Рыгора Семашкевіча, хацелася выступаць – хлебам не кармі – перад вялікай аўдыторыяй. І мы гэта часта рабілі, езьдзілі па Беларусі. А што тычыцца мяне, то з гадамі гэтае жаданьне прыгасла. Я думаю, ня трэба сілком зьбіраць шматлікія аўдыторыі для аўтараў. Мне хочацца верыць, што сапраўдныя прыхільнікі паэзіі не прапусьцяць мой новы зборнік. Ня шум, ня посьпех, для паэта асноўнае – яго паэзія, яго творы”.

Скобла: “Якой вам бачыцца будучыня беларускай паэзіі? Ці будзе ў яе масавы чытач, ці яна стане аб’ектам увагі пераважна інтэлектуалаў, як гэта ёсьць скрозь у Эўропе на захад ад нас?”

Голуб: “Я ведаю адно – паэзія неўміручая, у тым ліку і беларуская. Гэта яна даказала на працягу вякоў. У той жа час, паэзія ня можа ахапіць цалкам, на сто адсоткаў, усіх нашых суайчыньнікаў. І калі кола прыхільнікаў паэзіі і павузее – гэтага ня трэба баяцца”.

ЮРКА ГОЛУБ. З НОВЫХ ВЕРШАЎ

НЯДАЎНА


Падае вобзем час
Зорнаю пацярухай.
Шчасна было пры нас,
Сыдзем – дык стане глуха.

Вылецела за сьвет
Іскра расы жаданай.
Колькі адбегла лет?
Здасца, было нядаўна.

Зьмерана безьліч вёрст,
Зьбіты нашчэнт падэшвы.
Траў пажаўцелы ворс,
Дым над зямлёй тутэйшы.

Шчодрая ўсім вятрам,
Выспай стаяла вера.
Вобак сусьветных драм
Бачацца ў вечнасьць дзьверы.

Мама,
а як ты – там?..
Стоены адвячорак.
Лепшая зь дзіўных мам...
Здасца, было ж учора.

НАЧНОЕ

Падрахуем грахі
У адчаі.
Быў сьляпы і глухі —
Прывячалі.

Сам сябе ты прымусь
Не вяртацца.
Дзеліш з хлусам абрус:
Значыць, здрайца.

Патураеш мане,
А ня музам,
Дык цябе не міне
Час прымусу.

Не шкадуеш бяду,
Невідушчы.
Звыкла зноў на брыду
Вочы плюшчыш.

Як жа жыць надалей –
Вось пытаньне.
Сам сабой пасьмялей
Апантана.

I зазвоніць сабор
З ласкі Бога
За тваю над сабой
Перамогу.


У ЯСНУЮ НОЧ

I хто ж так унадзіў
Палярную зорку
да ранку пасьвіцца
ў росных
сузор’ях?
I ці бачыў ты,
каб рэшата неба
цыравалі
аблокі?
I доўга гадацьмеш:
а чаму гэта
месяц гайдаецца
завушніцай
гарадзенскае тэлевежы...


ЗЭЛЬВЕНСКАЯ ДАРОГА

«Кляновы лісток на падвор’ечку разаслаўся.
Малады малойчык у дарогу сабраўся.
Сеў за сталом, мёду з віном напіўся,
У дарожаньку спазьніўся».

О, дайце рады,
і чаму гэта я
не папярэдзіў родную песьню:
затрымайся,
калі ласка.

ПАБЕЛЕНАЯ ХАТА

У залі прыёмаў
зь белага мармуру,
які адразу ашаламляе
вочы,
успомніў,
як быў апраменены
роднай хатай,
пабеленай маці
перад Вялікаднем.


У СТОЗЕ

Даўно ўжо ня бачыў
на ўласныя вочы
звычайнага сьветляка.
Чуў калі салаўя?
О, дай, Божа,
памяць.
А дзе падзеліся
кажаны?
I зараз не дакумекаю.
Напэўна,
сьветлякі затаптаны
ветрам,
салаўі ў эміграцыі
бестэрміновай,
а лёс лятучых –
увогуле таямніца.
I чаго толькі бязглуздага
ня лезе ў голаў
падчас бяссоньніцы
ў стозе сена.


КРЫТЫКА

АНОНСЫ НЕНАПІСАНЫХ РАМАНАЎ

Юрась Нераток. Закуцьце: Фантазіі. – Мн., Мастацкая літаратура, 2007.


Юрась Пацюпа
Сындром стомленасьці паэзіяй, ці, як той казаў, Парыжам, у беларускай літаратуры намеркаваўся даўно. Для мяне ён выразна абазначыўся яшчэ ў першай палове 90-х гадоў. Так, гэта непрыемна канстатаваць. Але так ёсьць. Нікуды ня дзенесься. Затое кожнае слова прозы мы ўспрымаем з надзеяй і спадзевам, што й нашая ніва вялікімі мысьлярамі уздаволь шчасьліва.

Кнігу Юрася Нератка “Закуцьце” (чуў, людзі хвалілі), я даўно меўся пачытаць. Мала таго, аўтар, надпісваючы яе, падліў алею ў агонь, заявіўшы, маўляў паэты не чытаюць прозы. Чытаюць! І менавіта насычэньне паэзіі прозай абнаўляе, адсьвежвае паэтычную мову. Зь іншага боку, калі б не было паэзіі, дык можа, і прозу ніхто б не ўважаў за мастацтва. Але што тут меркаваць, калі сучасная паэзія і проза даўно хварэюць! У першай адмерлі цягліцы рытму, парваліся жылы рыфмаў, а ў другой... нейкія няздарыцы пераламалі хрыбетнік сюжэту. Балазе, у анонсе да кнігі Нератка дэкляруюцца “дынамічныя сюжэты”, якія трымаюць “у напружанасьці да апошняй старонкі”.

“Закуцьце” адразу ж, калі не абнадзейвае, то, прынамсі, заінтрыгоўвае нейкай аж залішне рацыянальнай спарадкаванасьцю зьместу. Ня кніга, а цэлы парад фантазіяў: паганская, біялягічная, фантазія-дасье, кампутарная, сярэднявечная, касьмічна-рэлятыўная, псыхапатычная, узроставая, падлеткавая, фантазія падсьведамасьці і, нарэшце, геранталягічная... Далібог, трэба фантазію на такія фантазіі! А замыкаецца гэты парад сьпісам анонсаў да кожнай гісторыі. Адразу, не раўнуючы, успамінаеш і “Вертагрод квяцісты” Сімяона Полацкага, і “Вянок” Максіма Багдановіча, і прадуманыя зборнікі Івана Франка, і, ведама, “Шлях 360” Алеся Разанава. Няўжо і ў прозе зьявіўся канцэптуальны зборнік-Сума, зборнік-Сусьвет? А чаму й не, як сказаў бы той жа Нераток! Дарэчы, яшчэ адна інтрыга для чытача! Што такое “Закуцьце”? Кніга апавяданьняў? Ці раман-трактат? І калі ўсё ж апавяданьні, дык чаму яны (у дэбютнай кнізе!) так праграмна ўклаліся? Так і точыць сумнеў: можа, кніга надуманая? Вымучаная? Не, ня ўсё тут проста...

Зь першых старонак пераконваесься, што Юрась Нераток мог бы стаць выдатным бытапісальнікам. Ды яшчэ й дакладным, у якога побыт абяртаецца ў паэзію. Бо мастацкімі дэталямі ён валодае віртуозна. Мала таго, Нератку аднолькава добра ўдаюцца як вясковыя, патрыярхальныя дэталі побыту, так і гарадзкія. Як паводзіны, звычкі дарослых людзей, так і сьвет, рухі дзяцей. Хворая бабулька, якая перасьцерагае гарадзкога госьця, каб не запэцкаўся “шчыкатуркай”, хлапчук, які залятае ў кватэру і, не разуваючыся, прэцца ў прыбіральню, – усе яны нібы падгледжаныя і сьпісаныя з натуры. Увесь час не пакідае пачуцьцё, што ў герояў “Закуцьця” ёсьць канкрэтныя прататыпы. Сапраўды, аўтар мог бы стаць бытапісальнікам, рэалістам, якіх, балазе, маем ладнага, і нязгоршых, але ён пайшоў дарогай фантазіі, шляхам парадоксаў.

Усюды фантастычнае ўрываецца ў будзённасьць і ламае, перакульвае звыклы парадак рэчаіснасьці. Дарэчы, амаль у кожнай гісторыі недзе там, на другім пляне, нібы й мімаходзь, але неадменна й настойліва, усплывае газэта пад назваю “Сэнсацыя й будзённасьць”. Газэта-усьмешка, газэта-загадка... І ўсё ж... Нераток відавочна ня квапіцца на ляўры пісьменьніка-фантаста. Але, у такім разе, у якім жанры ён працуе? Само сабою, “Закуцьце” – зборнік прыпавесьцяў, таму й такі рацыяналізаваны, аж празь меру. Вірус фантазіі ламае коды будзённасьці, каб агаліць сапраўдны стан рэчаў, нанова паставіць пытаньні дабра і зла. Чытаючы, на кожным кроку мы пераконваемся, што зло часьцей за ўсё людзі ствараюць уласнымі рукамі. Або проста выдумляюць – там, дзе яго няма! А дзівоснае – наагул развучыліся бачыць.

А яшчэ спакваля заўважаеш, што пры ўсёй сваёй канцэптуальнасьці гэтая кніга не пісалася штучна, дзеля дэманстрацыі ўсіх кшталтаў фантазіі. Не, хутчэй за ўсё аўтар уводнымі рэмаркамі, скразнымі героямі, матывамі зьвязаў рознаякасныя апавяданьні ў адно архітэктанічнае цэлае. І ня ўсе з тэкстаў роўныя. Скажам, першае апавяданьне, якое дало назоў зборніку, цікавае, багатае на дэталі, яно схіляе да роздуму, але неяк скарагаворкай напісана. Заблытаным і не зусім зразумелым выглядае “Разьведчык”. Не зусім дайшла да мяне соль прыпавесьці “Юбілей”. Затое невялікі жарт-парадокс “Дывэрсія” шмат што прымусіў успомніць і шмат над чым задумацца. Як у фільме “Матрыца” філязофію Джорджа Бэрклі пераклалі на мову кампутарнай рэчаіснасьці, так і тут ідэі гностыкаў пра Бога Айца й Бога Створцу пераніцоўваюцца ў вобразы кампутарнае фантазіі. Нават лязо Окама “не памнажайце існасьцяў без патрэбы” не пераконвае. І робіцца ніякавата, мулка ад усьведамленьня абсурднасьці, недасканаласьці і няўстойлівасьці нашага Сусьвету.

Вельмі захапляе і ўражвае “Саранча” – сярэднявечная фантазія. Можа, галоўная думка прыпавесьці і не фармулюецца арытмэтычна, як “двойчы два”, як мараль байкі, бо ў аснове сюжэту ляжыць не алегорыя, а сымбаль, але чытачова думка адразу пачынае працаваць і не адразу спыняецца па прачытаньні тэксту. Ізноў задаесься пытаньнем: адкуль бярэцца на сьвеце зло? Заўважу, сярэднявечная атмасфэра тут намаляваная пераканаўча, але ў аўтара ўсё ж зашмат анахранізмаў, занадта мадэрнізуе ён мысьлёвыя катэгорыі тае пары. “Клятчатка”... “фасетка вачэй”... Ці не з сучаснага падручніка біялёгіі заляцелі гэтыя паняткі? Затое я ўдзячны аўтару за багатае кола герояў, нават для псыхалёгіі дрэва знайшлося тут месца. Праблема дабра і зла ставіцца яшчэ раз і ўжо на новы лад, у яе разуменьне ўносіцца шмат новых нюансаў, пэўная доля рэлятывізму.

Мова ў прыпавесьцях Юрася Нератка даволі натуральная, відаць, што аўтар успрыняў яе з народных вытокаў, зь першых вуснаў. Але, зь іншага боку, пурыстычныя тонкасьці яго ня надта захапляюць. І дзе тонка, там часьцяком рвецца. Застаецца толькі пашкадаваць, што ў такім жывым, нязмушаным аўтаравым маўленьні прахапляюцца то там, то сям прыкрыя маскалізмы, скажам: “узрыў”, “глотка”, “падвал”, “шыракабёдрая”, “ускрываць”, “пранікнуць”, “кануць”, “каварны”, “таз”, “сабраты”. Або вось такое дзіва: “пазбавіла яе магчымасьці бачыць”, калі можна сказаць зусім проста, па-народнаму: асьляпіла, ці крыху мудрэй: засьціла вочы. Затое у яго няма навамодна-бязглуздых украінізмаў-палянізмаў “распавядаць”, “замовіць”, а ёсьць нармальныя беларускія словы “расказваць” і “заказаць”. Як убачыў – я аж не паверыў. Няўжо яшчэ ёсьць людзі, якія не паддаліся гэтаму дылетанцкаму псэўдапурызму? О! За гэтыя “расказваць” і “заказаць” я гатоў дараваць і “ўзрывы” і “сабратоў”.

Можна яшчэ шмат разважаць над “Закуцьцем”, можна выказваць свае заўвагі (а твораў без заўваг і не бывае – гэта потым мы “даруем” тым, хто выбіўся ў клясыкі, іх заганы)... Але, так ці гэтак, Нераткова кніга вартая да прачытаньня, яна абяцае шмат роздумаў.

Яшчэ раз пераглядаючы фантазіі, анонсы да іх, я задаюся пытаньнем: а ці ня ёсьць гэтыя апавяданьні анонсамі да будучых раманаў? Дай Божа! Ужо цяпер можна канстатаваць прыход цікавага празаіка, а тады б... мы мелі б нешта й большае.

Юрась ПАЦЮПА