Міжнародны дзіцячы конкурс песьні “Эўрабачаньне-2010” адбудзецца ў Менску. На правядзеньне конкурсу першапачаткова прэтэндавалі некалькі краінаў.
СЛУХАЦЬ:
Пасьля першых слуханьняў назіральнай рады Вяшчальнага саюзу ў лютым 2009 году ў фінале засталіся Беларусь, Расея і Мальта. А 5 чэрвеня ў Кіеве рашэньне было прынята на карысьць Беларусі. Шоў адбудзецца ў беларускай сталіцы 20 лістапада 2010 году, а месцам правядзеньня вызначаны спартовы комплекс “Менск-арэна”.
Першае дзіцячае “Эўрабачаньне” адбылося ў 2003 годзе ў Даніі. Беларусь удзельнічае ў конкурсах ад самага пачатку, і даволі пасьпяхова. Старшыня журы нацыянальнага адбору на дзіцячае “Эўрабачаньне” кампазытар Васіль Раінчык навіну пра конкурс у сталіцы Беларусі ўспрыняў так:
“Будзе — і дзякуй Богу, вельмі добра, што будзе. Такога шоў, напэўна, у нас не было ніколі. Тым больш — я лічу, што гэта заслужана. Нашы дзетачкі паперадзе плянэты ўсёй: у нас было першае месца, другое і першае. Ні ў кога так не было. Што тычыцца творчасьці, у нас дзеткі ўсё лепшыя і лепшыя”.
У 2005 годзе Ксенія Сітнік з Мазыра стала пераможцай конкурсу ў Бэльгіі, у 2006 годзе юны мазыранін Андрэй Кунец стаў другім у Бухарэсьце, у 2007 годзе перамог мянчук Аляксей Жыгалковіч. Але ў дзіцячым “Эўрабачаньні” няма такой пераемнасьці, як у дарослым, калі наступны конкурс адбываецца ў краіне, чый прадстаўнік перамог.
Нашы дзетачкі паперадзе плянэты ўсёй: у нас было першае месца, другое і першае. Ні ў кога так не было.
“Арганізацыя такіх сьвятаў — у большай ступені прэрагатыва не краіны. Гэта фарматная праграма: прыяжджае група спэцыялістаў, якія з году ў год займаюцца гэтым — пастаноўшчыкаў, сцэнографаў, сьвятлатэхнікаў, гукарэжысэраў. Здымачныя групы ў большай ступені камплектуюцца прывазнымі спэцыялістамі. Я амаль упэўнены, што гэта будзе адфарматавана ў найлепшым выглядзе, гэтаксама, як і ў любой іншай краіне”.
Для “Эўрабачаньня-2010” ужо распрацаваны дызайн сцэнічнай пляцоўкі. Шоў жыўцом змогуць пабачыць 15 тысяч гледачоў. У конкурсу ўжо ёсьць і слоган — “Feel the magic” (“Адчуй чараўніцтва”). Ці дапамогуць юным беларусікам родныя сьцены ў наступным годзе?
Васіль Раінчык: “Ну, наагул прынята лічыць, што дапамагаюць, але ў дзіцячага “Эўрабачаньня” няма такога — хто перамог, і там адбываецца наступны конкурс. Адно ад другога не залежыць. Шчыра кажучы, я ня памятаю, каб перамагло дзіця з той краіны, дзе праводзіцца “Эўрабачаньне”.
Але арганізаваць такі грандыёзны конкурс з эўрапейскім размахам — справа нялёгкая, тым больш, што ў Беларусі не было такой практыкі, кажа былы генэральны прадусар Белтэлерадыёкампаніі Ўладзімер Максімкоў:
“Я думаю, складанасьці будуць з арганізацыйнымі пытаньнямі:
Шмат народу прыедзе, госьці, гледачы з розных краінаў, якіх трэба сустракаць, разьмяшчаць, арганізоўваць іх вольны час, побыт, забаўляць…
Але да правядзеньня ў Менску конкурсу — яшчэ паўтара года. Зараз у сеціве актыўна абмяркоўваецца, хто ж прадставіць краіну на дзіцячым “Эўрабачаньні” сёлета ў Кіеве. Карыстальнікі інтэрнэту зачараваныя ў поўным сэнсе гэтага слова “Чароўным трусікам” 13-гадовага Юрыя Дземідовіча, выхаванца Рэспубліканскага каледжу пры Беларускай акадэміі музыкі. Старшыня журы Васіль Раінчык тактоўна адмовіўся камэнтаваць, ці мае ён шанец трапіць на “Эўрабачаньне”:
“У нас такое ёсьць правіла — журы ўсе свае перавагі і сымпатыі пакідае пры сабе. Мы падыходзім аб’ектыўна і стараемся стварыць роўныя ўмовы для кожнага зь дзесяці дзяцей”.
Уладзімер Максімкоў: “Гэта ўнікальная рэч, што нумар “стрэліў” не таму, што ён тэхналягічна падрыхтаваны і “расьпіяраны”, а таму, што ён сам па сабе стрэліў. На ўсясьветным відэапартале “YouTube” больш за 100 тысяч праглядаў штодня было. Гэта ж немагчыма арганізаваць! Гэта азначае, што гэта сапраўды цікавая зьява. Сумневу быць ня можа, што менавіта такі нумар трэба накіроўваць на конкурс, таму што ён ужо надзвычай папулярны, прычым без усялякіх намаганьняў з боку “піяршчыкаў”.
Фінал сёлетняга рэспубліканскага конкурсу адбудзецца ў верасьні, пераможцу вызначаць тэлефоннае галасаваньне і прафэсійнае журы.