Юры Істоміну прысудзілі 20 базавых велічынь за ўдзел у арганізацыі несанкцыянаванага масавага мэрапрыемства, шасьці ўдзельнікам — па дзьве базавыя велічыні. Суд над яшчэ адным актывістам адбудзецца пазьней.
СЛУХАЦЬ:
Актывістаў АГП судзілі ўсіх разам. У зале прысутнічалі толькі сем абвінавачаных і два сьведкі. Са слоў лідэра абласной арганізацыі АГП Юры Істоміна, адзін са сьведкаў назваўся загадчыкам моладзевага аддзелу Ваўкавыскага райвыканкаму, а другі не прадставіўся.
Юры Істомін кажа, што судзьдзя прапаноўвала выступаць па справе ўсім абвінавачаным, але гэтую магчымасьць скарысталі толькі сам Істомін і Алег Калінкоў, які прадстаўляў арганізацыю “Грамадзянскі форум”.
Юры Істомін: “Мы наагул не прызналі, што парушалі закон „Аб правядзеньні масавых мерапрыемстваў“ на той падставе, што ніякага масавага мерапрыемства не было. Мы папросту інфармавалі грамадзян Ваўкавыску пра тое, што іх зямляк знаходзіцца за кратамі, супраць яго не вядуцца сьледчыя дзеяньні і мы лічым гэта незаконным”.
Сьведак, са слоў Юры Істоміна, яны наагул ня бачылі падчас акцыі. Але тыя, тым ня менш, сьведчылі, што ўдзельнікі акцыі стаялі ў ланцугу, трымалі партрэты Аўтуховіча і тлумачылі мінакам, што той знаходзіцца за кратамі, а яны, маўляў, яго падтрымліваюць.
Праўда, ніхто са сьведак так і ня мог патлумачыць суду, у чым палягала гэтая падтрымка. Самае істотнае, на думку Істоміна, высьветлілася ў працэсе разгляду. Выявілася, што
Міліцыянты апытвалі сьведкаў празь некалькі дзён і ўпісвалі іхнія сьведчаньні ў пратаколы, якія ўжо былі падпісаныя затрыманымі.
Юры Істомін лічыць гэта грубым парушэньнем закону. Ён хадайнічаў, каб у пратакол была занесена яго прыватная думка, што супрацоўнікі міліцыі, па сутнасьці, фальсыфікавалі пратаколы.
Судзьдзя Ланцэвіч вынесла свой прысуд, прычым Юры Істомін атрымаў штраф у памеры 20 базавых велічынь — 700 тысяч рублёў, бо на працягу году ён другі раз асуджаны ў адміністрацыйным судзе. Астатнім удзельнікам акцыі прысуджаны па дзьве базавыя велічыні.
Вось як пракамэнтаваў гэты прысуд сябра Грамадзянскага форуму Алег Калінкоў:
“Чыста працэсуальна пратаколы былі сфальсыфікаваныя. У іх былі дапісаныя сьведкі, якіх мы наагул ня бачылі і ня ведаем, і ў копіях пратаколаў, якія нам выдалі на рукі, іх няма. Іх прозьвішчы былі дапісаныя ўжо пасьля складаньня пратаколаў. Міліцыянты ўнесьлі зьмены ў пратаколы, якія прад’явілі ў суд”.