Расея не адмаўляецца ад перамоў па выдзяленьні Беларусі крэдыту ў 500 млн. даляраў, але перамовы па пазыцы ў 100 млрд. рублёў лічыць немэтазгоднымі. Пра гэта заявіў 5 чэрвеня журналістам у Санкт-Пецярбургу віцэ-прэм'ер, міністар фінансаў Расеі Аляксей Кудрын, паведамляе РІА “Новости”.
Паводле слоў Кудрына, паралельна са зваротам ва ўрад Расеі беларускія ўлады зьвярнуліся ў расейскія банкі, а таксама ва ўрады шэрагу іншых краін. "Яны паралельна зьвярнуліся і ў банкі, і да нас, і запрасілі крэдыты ва ўсіх магчымых краінах", — цытуе міністра РІА “Новости”.
Нагадаем, у 2008 годзе Беларусь і Расея заключылі пагадненьне, якое прадугледжвае выдзяленьне Беларусі стабілізацыйнага крэдыту ў памеры 2 млрд. даляраў. Крэдыт даецца тэрмінам на 15 гадоў па стаўцы LIBOR плюс маржа ў памеры 3% гадавых з адтэрміноўкай пагашэньня асноўнага доўгу на працягу пяці гадоў.
Першы транш крэдыту ў памеры 1 млрд. даляраў паступіў у Беларусь 18 лістапада мінулага году, другі — 500 млн. даляраў — 12 сакавіка гэтага.
Паступленьне апошняй часткі крэдыту чакалася вясной, аднак 28 траўня ў Менску міністар Кудрын заявіў, што Расея адкладвае выдзяленьне Беларусі чарговага траншу ў 500 млн. даляраў у сувязі з тым, што "ў беларускай эканоміцы ўзмацняюцца дыспрапорцыі і дысбялансы".
Крэдыт у памеры 100 млрд. расейскіх рублёў Беларусь запрасіла ў Расеі ў пачатку 2009 года ў абмен на пераход на разьлікі ў гэтай валюце ва ўзаемным гандлі.