Наступная сустрэча прэзыдэнтаў Расеі і Беларусі Дзьмітрыя Мядзьведзева і Аляксандра Лукашэнкі можа адбыцца ў пачатку ліпеня, паведаміў дзяржсакратар саюзнай дзяржавы Павал Барадзін.
"Гэта будзе 2-3 ліпеня ў Менску", - паведаміў Барадзін 6 чэрвеня РІА “Новости”.
Паводле Барадзіна, кіраўнік расейскай дзяржавы запрошаны на сьвяткаваньне 65-х угодак вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
"Акрамя таго, мы плянавалі правядзеньне Вышэйшай дзяржаўнай рады саюзнай дзяржавы", - паведаміў дзяржсакратар.
Апошняе паседжаньне Вышэйшай дзяржрады адбылося ў лютым гэтага года ў Маскве.
Адзначым, што прэзыдэнты дзьвюх краін сустракаліся ў гэтым годзе ўжо тройчы: 19 сакавіка ў Завідаве ў Цьвярской вобласці, 21 сакавіка ў Чырвонай Паляне пад Сочы і 10 красавіка ў падмаскоўных Горках.