2009 год у Беларусі і Літве абвешчаны годам 1000-годзьдзя гістарычнай Літвы. Але да гэтай пары гісторыкі дзьвюх краінаў не прыйшлі да згоды пры вызначэньні месцазнаходжаньня і паходжаньня той самай старажытнай Літвы. Адрозную ад усіх ранейшых вэрсій прапанаваў гісторык Зьдзіслаў Сіцька, наш сёньняшні госьць.
Міхась Скобла: “Спадар Зьдзіслаў, літоўскія гісторыкі даводзяць, што літва – гэта балцкае племя. Мікола Ермаловіч даказваў ягонае славянскае паходжаньне. У вас – уласная, адрозная ад усіх ранейшых, вэрсія адносна Літвы. У чым яе сэнс?”
Зьдзіслаў Сіцька: “Я прыйшоў да высновы, што літва – гэта ня племя, а ваярскі стан. Першыя зьвесткі пра гэты ваярскі стан сустракаюцца ў Мекленбургіі, у розных мекленбургскіх дакумэнтах, датычных жыцьця так званых палабскіх славянаў. Мекленбургія – гэта паўночная частка ўсходняй Нямеччыны, тэрыторыя на поўнач ад Бэрліну, абшар паміж Лабай і Одэрам. Праз пэўны час пад націскам саксаў частка заходніх славянаў павінна была пайсці з Мекленбургу шукаць сабе новае прыстанішча, і яны пайшлі на ўсход, аселі ў Мазоўшы і Панямоньні”.
Скобла: “Повоеваша литва”, “новгорожане и литва билі, секли и имали”, “приходи литва”, “бишася литва”, “истопе литва на Двине”… Паводле вашай высновы, гэта ўсяго толькі найміты, якія ваявалі? На чым грунтуецца ваша вэрсія?”
Сіцька: “Разумееце, ва ўсе часы ваярскай справай займаліся пэўныя людзі. Звычайныя земляробы ня мелі магчымасьці самі сябе абараняць, бо на вайне трэба было мець ваярскае майстэрства. І вайсковай справай у рэшце рэшт заняліся пэўныя сацыяльныя слаі, такія як, напрыклад, казакі, янычары, самураі, мамелюкі. Гэткім жа ваярскім станам была і літва”.
Скобла: “Але вы так і не назвалі нейкіх сур’ёзных аргумэнтаў на карысьць сваёй вэрсіі”.
Сіцька: “Ёсьць некалькі крытэраў, паводле якіх можна сказаць, што літва – гэта сацыяльны, а калі больш канкрэтна гаварыць, – ваярскі стан. Першы крытэр – абрады. Калі мы будзем сыходзіць з таго, што Літва – племя, то помнікі архэалёгіі, якія пакінула пасьля сябе Літва, – гэтак званыя ўсходне-літоўскія курганы, значна адрозьніваюцца ад помнікаў іншых балцкіх плямёнаў. Другі крытэр – тэрыторыя, на якой племя пражывае. Назву “літва” мы знаходзім і на Балканах, і ў Мазоўшы, і на тэрыторыі сучаснай Беларусі, і ў расейскай Мяшчоры, і ў Цюмені, і ў дальняй Сібіры. Трэці крытэр – тлумачэньне самога слова “літва”. Корань “літ-”, верагодна, азначае “камень”, а значыць, гэта людзі, адкінутыя грамадзтвам. Чацьвёрты крытэр – мова. Кожнае племя мае сваю мову, свой фальклёр. Нідзе ў гістарычных крыніцах, у летапісах не гаворыцца пра літоўскую мову, ня знойдзена і аўтэнтычных запісаў літоўскага фальклёру. Ёсьць фальклёр жамойцкі, а літоўскага – няма. Пяты крытэр – прылады працы. Кожнае племя мае свой набор прыладаў працы, які залежыць ад умоваў іх існаваньня. На абшары гэтак званых літоўскіх курганоў няма знаходак ні сярпоў, ні плугоў, ёсьць толькі знаходкі косаў. Нават знакаміты расейскі архэоляг Валянцін Сядоў зьдзіўляўся, што да сярэдзіны ХХ стагодзьдзя ў шматлікіх пахаваньнях племя літвы не было знойдзена земляробчых прыладаў працы”.
Скобла: “А як вы ставіцеся да вэрсіі Міколы Ермаловіча, які літву пасяліў у Верхнім Панямоньні ды на Наваградчыне? Дастаткова зірнуць на мапу, каб пераканацца, што канцэнтрацыя тапонімаў з коранем “літ” назіраецца менавіта ў гэтым рэгіёне”.
Сіцька: “Так, абшар паміж Бугам і Нёманам, дакладней, вадазборам Нёмана, вызначаецца найбольш поўным наборам менавіта тапонімаў “Літва”. Шаноўны Мікола Іванавіч сыходзіў з таго, што тапонімы “літва” знаходзіліся толькі ў Панямоньні, але яны ёсьць і ў Пабужжы. Менавіта там мы знаходзім ня толькі тапонімы “літва”, а вельмі цікавыя, на мой погляд, спалучэньні тапонімаў “літва” з тапонімамі “русь”. У Пабужжы ёсьць Старалітва і Старарусь, у іншым месцы – Літва і Русь, а на поўнач ад вядомага польскага гораду Ломжа ёсьць таксама некалькі падобных тапонімаў”.
Скобла: “Вы ўсё ж настойваеце на тым, што літва – гэта надтэрытарыяльны панятак?”
Сіцька: “Так. Бо не магла адна частка племені жыць у адным месцы, а другая – у другім месцы. А на тое, што літва жыла на велізарным абшары, паказвае менавіта тапаніміка”.
Скобла: “Але ж у 1253 годзе Міндоўг стаў Dei gra rex Litovie – з Божай ласкі каралём Літвы. Як можна стаць каралём нейкага ваярскага стану?”
Сіцька: “Міндоўг стаў каралём дзяржавы, якая складалася зь земляў ад Дзьвіны і як мінімум да Прыпяці, ад Буга – да Дняпра. На гэтай тэрыторыі жыло некалькі плямёнаў. І Міндоўг быў абаронцам гэтых земляў. На поўнач ад Прыпяці не ступала нага мангольскіх захопнікаў. Гэты абшар Панямоньня і Пабужжа не зазнаў іхняга нашэсьця. Вядома, што Драгічын Надбускі быў памежным горадам Полацкага княства, і таму палачане, паводле майго меркаваньня, паставілі ваяводам у Наваградку менавіта Міндоўга – сына полацкага князя. Зь цягам часу Міндоўг ня толькі здолеў абараніць незалежнасьць Наваградчыны і паўднёва-заходняй часткі Полацкага княства, але і стаў абаронцам усіх гэтых земляў. Уявіце сабе: 1241 год. Спаленыя гарады Русі, разбураны Кіеў, спалены Ўладзімер Валынскі, панішчаныя Кракаў і другія польскія гарады, а гарады на поўнач ад Прыпяці стаяць цэлыя. Іх абаронца – Міндоўг. То ня дзіва, што жыхары і ўладары Наваградку, а гэта быў вельмі багаты горад, лепшага абаронцы для сябе і ня бачылі. Таму і згадзіліся на яго каранацыю ў Наваградку”.
Скобла: “Вы сваёй вэрсіяй пераблытаеце ўсе карты гісторыкам. Што ж мы тады адзначаем сёлета, якое “1000-годзьдзе Літвы”? Выходзіць, і дату гэтую трэба адмяняць?”
Сіцька: “Адмяняць ня варта, бо гэта ўсё ж такі гістарычная падзея. Хоць, шчыра кажучы, падзея ня вельмі гуманная, бо ў 1009 годзе забілі місіянера Бруна Квэрфурдзкага, які хацеў хрысьціць літву. Вельмі верагодна, што літва ўжо на той час вызначыла сябе нейкімі ўчынкамі, хутчэй за ўсё – ваярскімі. Язычніцкая літва супрацьстаяла хрысьціянізацыі, а Бруна Квэрфурдзкі быў пасланы як місіянер хрысьціць паганцаў у Пабужжа. Усе гэтыя падзеі і зьвязаныя менавіта са спробамі хрышчэння Пабужжа і Заходняга Панямоньня, бо на ўсходзе, напрыклад, у Наваградку, а тым больш у Полацку, ужо існавалі праваслаўныя сьвятыні”.
Скобла: “Спадар Зьдзіслаў, а што яшчэ сьведчыць на карысьць таго, што літва – хай сабе ваярскі стан, хай сабе племя – была славянскага паходжаньня?”
Сіцька: “Калі пачынаеш разглядаць усё назоўніцтва, якое прывязваецца да яцьвягаў і да племені літва, то аказваецца, што пераважная большасьць гэтых назваў вельмі празрыстая, відаць іх славянскія фарманты, славянскія карані. Возьмем, напрыклад, раку Лятаўку, ад якой сучасныя літоўскія дасьледчыкі і гісторыкі выводзяць паходжаньне назвы Літва. Аказваецца, рака Лятаўка была і ў вадазборы Дунаю, а гэта – паўночна-усходняя частка сучаснай Вугоршчыны. Цікавая сытуацыя атрымліваецца і з гарадамі, якія лічацца літоўскімі. Самы яскравы прыклад – горад Укмерге. Калі пачынаеш шукаць у гістарычных крыніцах гэты горад, то спачатку знаходзіш форму Вількмерге, а самая першасная форма – Вілкамір. Літоўцы, каб схаваць славянскае паходжаньне гораду, зьмянілі яго гістарычную назву. Старажытныя Меднікі цяпер маюць назву Варняй, тая ж Вострая Брама ў Вільні таксама займела літоўскую назву. Дарэчы, калі мы ўжо згадалі Вострую Браму… У многіх усходнеславянскіх гарадах былі такія, кажучы па-сучаснаму, “мікрараёны” – Канцы. Вядомыя Канцы ў старажытным Ноўгарадзе, вядомы Татарскі Канец у старажытным Менску. Востры Канец быў і ў Вільні, дзе і паўстала гэтак званая Вострая Брама”.
Скобла: “У сваёй кнізе “Ўтроп Літвы” вы ставіце пад сумнеў “літоўскі радавод” Міндоўга. Нібыта і Палямон, і Кунас, і Жывінбуд, і Ердзівіл, і Кукавойт, і Рынгольт – мітычныя князі. На чым грунтуюцца вашы сумневы?”
Сіцька: “Што да імёнаў, якія выдаюцца за імёны літоўскія, то часам гэта здаецца нават сьмешным. Настолькі гэта ўсё выдумана, асабліва імёны князёў, апісаных у кроніках і летапісах! Але, мне здаецца, ніхто ніколі не зьвяртаў увагу на імёны князёў, пададзеныя ў Галіцка-Валынскім летапісе. Там пералічаныя дваццаць пяць князёў, якія прыйшлі да валынскага князя, прынесьлі мір. Самае цікавае, што ў пераліку гэтых літоўскіх князёў ёсьць і жамойцкія, ёсьць і вядомыя Рушкавічы, Булевічы, князі з Дзяволтвы, але няма ніводнага князя з гэтак званай Аўкштайціі, якая падаецца цяпер як адна з гістарычных абласьцей, дзе менавіта і ўзьнік літоўскі этнас. Прыйшлі князі нават недзе з-пад Дзьвіны, а аўкштайцкіх, паўтараю, няма. Так што імёны князёў, якія падаюцца як літоўскія, відавочна, штучна выдуманыя, яны былі пазьней упісаныя ў летапісы”.
Скобла: “Калі ўзяць гісторыю любой краіны, то там можна адшукаць безьліч гістарычных мітаў, якія працуюць на нацыянальную еднасьць таго ці іншага народу. Якое ваша стаўленьне да падобнай міталягізацыі і ў якое меры яна дапушчальная?”
Сіцька: “Прыкладаў такой міталягізацыі сапраўды шмат. Міты дапушчальныя, калі яны не прыніжаюць годнасць іншых этнасаў. У нашым жа выпадку на падставе выдуманых падзеяў, выдуманых імёнаў, выдуманых заваёўнікаў і выдуманых абаронцаў ад тых жа манголаў створаны новы міт – міт перавагі балцкага этнаса над іншымі. Гэта шкодна і недапушчальна. Я ніколі не стаў бы аспрэчваць гэты міт, калі б ён быў бяскрыўдным. Але ён далёка не бяскрыўдны. Перавага балцкага этнасу над славянскім – гэта абраза для майго народу, які паклаў шмат жыцьцяў, каб абараніць свае землі найперш ад манголаў, а пасьля і ад крыжакоў, і ад крымскіх татараў. Вось што крыўдна”.
Скобла: “Ваша вэрсія адносна тэрміну “літва” пэўна ж выкліча вострае непрыманьне з боку літоўскіх гісторыкаў. Як у свой час яны нават не прымалі ўсур’ёз вэрсію Міколы Ермаловіча. А вы не баіцеся стаць у Літве persona non grata?”
Сіцька: “Буду шкадаваць, калі такое станецца, бо я служыў у войску ў Літве, і менавіта з таго часу ў мяне пашана да літоўскай мовы. Я ведаю напамяць у арыгінале вершы Саламеі Нярыс, Юсьцінаса Марцінкявічуса. Я ніколі ня быў жамойтафобам ці летувафобам. Але калі я чытаю ў артыкуле літоўскага гісторыка пра ненавуковасьць і абсурднасьць гіпотэзы Міколы Ермаловіча, – мне баліць. Мікола Ермаловіч не пагаджаўся з маёй гіпотэзай, але гэта ня значыць, што я не паважаю Ермаловіча як гісторыка, вялікага працаўніка на беларускай гістарычнай ніве. Памятаеце, аднаму літаратурнаму герою ў сэрца стукаў “попел Клааса”. Гэтаксама і мне стукае ў сэрца попел Міколы Ермаловіча”.
Сувязь з аўтарам перадачы: m.skobla@tut.by