Мусіенка: “Расея хацела ашукаць Беларусь”

Аляксей Кудрын

Расея не спыняе перамоваў і пакідае магчымасьць выдзяленьня Беларусі чарговай траншы крэдыту ў 500 мільёнаў даляраў. Пра гэта заявіў віцэ-прэм’ер, міністар фінансаў Расеі Аляксей Кудрын. Аднак, каб атрымаць грошы, афіцыйны Менск павінен выканаць пэўныя ўмовы. Аляксей Кудрын таксама адзначыў, што афіцыйны Менск адмовіўся атрымаць гэтую траншу ў рублёвым эквіваленце.

Аляксей Кудрын, які рэзка скрытыкаваў эканамічнае становішча ў Беларусі, даў свой адказ на нэрвовую рэакцыю Аляксандра Лукашэнкі. Ён заявіў, што “да ўмоваў эканамічнага характару і крытыкі ўрад Беларусі выявіўся не гатовы”. Расейскі міністар не разумее, чаго трэба беларускаму боку, калі тыя, хто хоча дапамагчы Беларусі, жадаюць збалянсаванай і стабільнай эканомікі, прыраўноўваюцца Аляксандрам Лукашэнкам да апазыцыі. Спадар Кудрын заклікаў беларускі ўрад зрабіць адпаведныя захады, каб прадухіліць разьвіцьцё падзеяў у эканоміцы па нэгатыўным сцэнары. Ён адзначыў, што Беларусі за апошні час быў дадзены “беспрэцэдэнтны аб’ём падтрымкі”, якая, аднак, можа стацца “безвыніковай і безэфэктыўнай”.

Блізкі да ўладаў кіраўнік аналітычнага цэнтру “ЕСООМ” Сяргей Мусіенка лічыць, што Беларусь не прымае ўмоваў, на якіх Расея выдзяляе крэдыты:

Сяргей Мусіенка
“Гэтыя крэдыты не праядаюцца, каб проста заткнуць нейкую дзірку. Калі б была такая сытуацыя, то, натуральна, пагадзіліся б на ўмовы Расеі і ўзялі б гэтыя 500 мільёнаў расейскімі рублямі. Просты адказ: калі патрэбныя грошы, возьмеш любыя. А калі адмовіліся, значыць, запас трываласьці ёсьць. Умовы па расейскіх рублях таксама былі неадэкватныя. Хацелі нас ашукаць. А калі гэта не ўдалося, то пачалася такая шумная эпапэя”.

Спадар Мусіенка пракамэнтаваў закід Кудрына, што Беларусь пагаджаецца на ўмовы крэдыту, якія выстаўляе МВФ, і нэрвова рэагуе на ўмовы Расеі. Што ж гэта за ўмовы?

“Гэта прызнаньне Паўднёвай Асэтыі й Абхазіі. Гэта не эканамічныя ўмовы. Таму гэта правільна — ня трэба ўвязваць. Калі хочуць, каб прызналі ПА, то гэта павінны быць нашы стасункі з ПА, а не з Расеяй. Чаму яна тут выступае лябістам і пасярэднікам?”

Станіслаў Багданкевіч
Былы старшыня Нацбанку Станіслаў Багданкевіч у асноўным падзяляе пазыцыю Аляксея Кудрына адносна таго, што Беларусь можа сутыкнуцца зь фінансавымі праблемамі. Таксама ён адзначае, што, нягледзячы на значныя крэдыты, узровень жыцьця насельніцтва будзе пагаршаецца.

“Бо трэба вырашаць праблему дэфіцыту гандлёвага балянсу. Мы сёньня праядаем на 4,6 мільярда больш, чым зарабляем. Пакуль аплачваем гэта за кошт зьнешніх крэдытаў. А гэтыя крэдыты да канца году будуць даваць больш асьцярожна, пад канкрэтны праект. Цяпер жа нам увесь сьвет дае крэдыты безь ніякага праекту. Проста бярэм і праядаем”.

Цяперашні беларуска-расейскі канфлікт Станіслаў Багданкевіч зьвязвае таксама з палітыкай. Але ён мяркуе, што Расея ўсё ж выдасьць чарговую траншу на 500 мільёнаў даляраў:

“Хочуць крыху паказаць, што Расея датуе і каб рэжым быў больш паслухмяны, а то ён яшчэ нешта заяўляе. Для Расеі проста незразумела, што яна дае вялізныя грошы, а Беларусь не прызнае некаторыя палітычныя, ваенныя крокі Расеі. Тую ж Абхазію і Паўднёвую Асэтыю. Таксама стварылі антыкрызісны фонд, а Беларусь дагэтуль ня ўнесла сваю частку. Я думаю, гэта жаданьне прыструніць Беларусь”.



Нагадаем, расейскі міністар Аляксей Кудрын падчас знаходжаньня ў Менску заявіў журналістам, што ў канцы гэтага — на пачатку наступнага году Беларусь можа стаць неплатаздольнай. Ён лічыць, што ў Беларусі ідзе штучнае адцягваньне крызісных зьяваў за кошт масіраванай крэдытнай падтрымкі. Таксама Кудрын зьвязаў выдзяленьне Менску апошняй траншы расейскага крэдыту памерам у 500 мільёнаў даляраў з антыкрызіснымі дзеяньнямі беларускага ўраду. Аялксандар Лукашэнка ў пятніцу нэрвова адрэагаваў на выказваньні Аляксея Кудрына. Лукашэнка заявіў, што Кудрын “цалкам кансалідаваўся з нашымі адмарозкамі, якія тут на заходнія грошы вякаюць і пачынаюць вучыць працаваць”. Ён загадаў беларускаму ўраду “ня кланяцца перад Расеяй і шукаць шчасьця ў іншай частцы плянэты”.