РАСІЗМ. Тыдзень з блогерам Budimir’ам

Budimir<br />&nbsp;

Прэм’ера рубрыкі. “АБЛОГА. ТЫДЗЕНЬ З БЛОГЕРАМ” — летні праект сайту “Свабоды”, аўтарскі агляд самых цікавых публікацый, камэнтароў, дыскусій у беларускай блогафэры ад вядомых блогераў. Пяць разоў на тыдзень.

На гэтым тыдні цікавосткі ў фрэнд-стужцы, суполках Жывога журналу і іншых плятформаў шукае і камэнтуе Budimir.




Расавыя жарсьці ў беларускай блогасфэры

Беларусь няўмольна інтэгруецца ў міжнародную супольнасьць і набліжаецца да сусьветных стандартаў. Раней немажліва было ўявіць, што ў нас можа быць нешта агульнае з “цывілізаваным сьветам”, а цяпер ёсьць — фінансавы крызіс. Гэтаксама яшчэ нядаўна мы толькі чулі пра тое, што недзе там, на Вялікай Зямлі, існуюць міжнацыянальныя праблемы і фобіі, зьвязаныя зь мігрантамі. Але самі заставаліся па-за папулярным трэндам.

Кацярына Сінюк, студэнтка 3-га курсу Інстытуту журналістыкі БДУ, паспрабавала выправіць гэты прыкры недахоп з дапамогай непаліткарэктнага артыкула пад назвай “Сяброўства народаў. Ці мае межы гасьціннасьць?”, надрукаванага на сайце Беларускіх навінаў. Празь нейкі час артыкул з сайту быў зьняты, але яго цалкам захаваў адзін з блогераў Жывога Журналу.

Гэты артыкул зрабіўся лідэрам абмеркаваньня ў беларускай блогасфэры на мінулым тыдні.

Кацярына распавядае пра тое, як прыехала зь Берасьця вучыцца ў Менск, пасялілася ў інтэрнаце, дзе яе непрыемна ўразілі афарбоўка сьценаў, сьмярдзючыя пахі і, у адным шэрагу з гэтым, “мноства туркаў, арабаў і кітайцаў навокал”. Ад якіх, піша Кацярына, яна імкнулася трымацца ўбаку. “Не таму, што я нейкая прыхаваная расістка, проста мне недаспадобы чорныя мужчыны”.

Аўтарка скардзіцца на тое, што “чорныя” запаланілі менскія клюбы, а кітайцы — аўтобус нумар 47, адзіны, які возіць студэнтаў з інтэрнату, што ў Рошчы, да гораду. “Чорныя” зводзяць у невядомым кірунку, зь яўна нядобрымі намерамі, беларускіх дзяўчат, “пераважна бляндынак”. Кітайцы ж, устаўшы раненька, займаюць у 47-м усе месцы, а “гаспадарам” даводзіцца стаяць!

Таксама Кацярыну абураюць “дваістыя стандарты”, якія, на яе погляд, ужываюцца да беларускіх і кітайскіх студэнтаў. Нібыта апошнім ня толькі робяцца пэўныя бытавыя палёгкі, але нават самыя сур’ёзныя іх правіны застаюцца беспакаранымі.

Калі гэтыя “дваістыя стандарты” насамрэч маюць месца, зразумела, крыўдаваць трэба не на кітайцаў. А на тых чыноўнікаў, што ня ў стане забясьпечыць для студэнтаў роўныя ўмовы або дазваляюць “лішняе” студэнтам-замежнікам, бо тыя прыносяць навучальнай установе болей грошай. Але ж на кітайцаў крыўдаваць прасьцей.

У інтэрнэт-суполцы minsk_by было праведзенае апытаньне, якое мелася высьветліць рэакцыю ўдзельнікаў на артыкул Кацярыны Сінюк. Што яны адчулі? У галасаваньні ўзялі ўдзел больш за дзьвесьце чалавек. 24,2% абралі варыянт “Праведны гнеў. Кітайцам ня месца сярод нас!” 27,5% — “Абурэньне. Агідны расісцкі артыкул”. 28,4% палічылі, што “доля праўды ў артыкуле ёсьць”. 19,9% упэўненыя: “Аўтарка сказіла сутнасьць праблемы, пераклаўшы віну з чыноўнікаў на студэнтаў з замежжа”.

Як на мой погляд, вынікі ня надта суцяшальныя.

Камэнтары ўдзельнікаў:

“Расістка і ёсьць. Адказнасьць за нэгатыў ад суайчыньнікаў дзевачка ўскладае асабіста, а адказнасьць за дрэннае ад любога “іншага” пераносіцца на ўсіх і кожнага непадобнага да яе”.

“Нічога не паробіш, пры сутыкненьні культураў заўжды сыплюцца іскры…”

“Няхай будуць кітайцы — прынамсі, адразу бачна, што не маскалі!”

“Кітайцы неўзабаве заняволяць увесь сьвет!”

Беларуску ў Расеі не зразумелі

Беларуская блогерка dolka777 выказала сваё непапулярнае меркаваньне на папулярную ў блогасфэры тэму “справы Зарубінай”. Нагадаю: Натальля Зарубіна — жанчына з расейскай правінцыі, якая вымушаная была адсуджваць уласную дачку ў партугальскай сям’і, што глядзела за дзіцём нейкі час па дамоўленасьці, а пасьля спрабавала ўдачарыць яе.

Расейская інтэрнэт-грамадзкасьць адгукнулася на гэтую справу надзіва “непатрыятычна” — масава рынулася падпісваць пэтыцыю за тое, каб дзяўчынку вярнулі ў Партугалію. Жахнуўшыся ад непрывабнага вобразу сваёй суграмадзянкі, трансьляванага або, як сьцьвярджае dolka777, створанага тэлеканалам НТВ. Зрэшты, беларускія гледачы нядаўна маглі пераканацца, як лёгка гэта можна зрабіць пры патрэбе — на прыкладзе бацькоў Зьмітра Дашкевіча, паказаных у тэлефільме “Малады фронт. Kidnapping” безнадзейнымі алькаголікамі.

Беларуская блогерка, стаўшы на абарону маці, апынулася ў ролі “белае вароны”.

“Была такая казка ў маім дзяцінстве — “Зорны хлопчык” называлася. У гэтай казцы да чароўнага хлопчыка, які “ўпаў з зоркі”, прыйшла маці ў абліччы жабрачкі. Хлопчык ёй пагрэбаваў. І быў пакараны. І мараль у гэтай казкі такая, што маці трэба любіць, нават калі яна жабрачка ў рызманах. Добрая і правільная мараль.

Мараль той казкі, якую навязвае НТВ, палягае ў тым, што любіць трэба ня маці, а багатых дзядзяў і цёцяў, што жывуць у заможнай краіне, бо толькі яны адны могуць прынесьці шчасьце”.


Гэты допіс проста ўзарваў расейскую блогасфэру. Ён ужо трэці дзень не пакідае топ Яндэксу і атрымаў болей за тысячу камэнтароў. Але — пераважна агрэсіўных, нават абразьлівых выпадаў. І патрабаваньняў вярнуць дзяўчынку ў “нармальныя ўмовы”.

Як мне падаецца, гэта сьведчыць пра кардынальныя зьмены ў расейскім грамадзтве. Бяссрэбніцтва і непрыманьне прагматызму заўжды лічыліся менавіта яго адметнасьцямі. Але выглядае на тое, што за апошні час адбылася “пераацэнка каштоўнасьцяў” — за “проста так” любіць яно ўжо нязгоднае. На месца “маці-Зарубінай — жабрачкі ў рызманах”, мяркую, можна падставіць як уласную дзяржаву, ад якой цяпер патрабуецца быць ня толькі роднай, але і заможнай, гэтак і былыя рэспублікі СССР. Адносіны ў фармаце “нафта ў абмен на братэрскія пачуцьці” такое прагматычнае грамадзтва не задаволіць.

І яшчэ: расейская інтэрнэт-грамада відавочна асацыюе сябе зь дзіцем, якому трапіўся “шчасьлівы квіток”, а цяпер яго хочуць адабраць, і таму яно дзьвюма рукамі намагаецца яго ўтрымаць. Што цалкам адпавядае сытуацыі нядоўгага нафтавага дастатку, перапыненага нечаканым крызісам.

Яно страшэнна баіцца вярнуцца ў “да-партугальскае” становішча, то бок — у дзевяностыя. Якія і сымбалізуе Натальля Зарубіна — “маці ў абліччы жабрачкі”.