Лукашэнка скараціў бюджэт

Аляксандар Лукашэнка сваім указам скараціў расходную частку рэспубліканскага бюджэту на 2009 год на 2,8 трыльёна рублёў. Цяпер бюджэт бездэфіцытны, ягоныя прыбыткі і выдаткі зацьверджаны ў памеры 54,9 трыльёна рублёў. Поўнай яснасьці, што патрапіла пад скарачэньне фінансаваньня, пакуль няма.

Тэкст указу пакуль не апублікаваны. У Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале паведамілі, што гэты ўказ не прыходзіў ні на паперы, ні ў электронным выглядзе.

Паводле начальніка ўпраўленьня інфармацыі Нацыянальнага банку Анатоля Драздова, бездэфіцытны бюджэт — гэта адно з патрабаваньняў МВФ для выдзяленьня Беларусі стабілізацыйнага крэдыту.

“Згодна з падпісаным мэмарандумам, мы ня маем права мець дэфіцытны бюджэт. Мы ўзялі такое абавязаньне. Гэта стандартнае патрабаваньне МВФ. Яны кажуць: калі ў вас будзе дэфіцытны бюджэт, як вы вернеце крэдыт? Мы падпісалі і свае абавязаньні выконваем”.

Як бы хто ні стараўся, але давядзецца дэвальваваць беларускі рубель
У камэнтары да ўказу прэзыдэнцкая прэсавая служба адзначае, што ў мэтах аптымізацыі дзяржаўных выдаткаў прадугледжана скарачэньне выдаткаў на набыцьцё тавараў працяглага карыстаньня і капітальныя рамонты. Рэсурсы бюджэту будуць сканцэнтраваныя на фінансаваньні сацыяльных і вытворчых аб’ектаў, якія маюць агульнарэспубліканскае значэньне.

Таксама дазволіла зьменшыць дзяржаўныя выдаткі інвэнтарызацыя дзяржпраграмаў, выключэньне зь іх малаэфэктыўных мерапрыемстваў і інвэстпраектаў.

Плянуецца павялічыць выдаткі рэспубліканскага фонду падтрымкі вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі, харчаваньня і аграрнай навукі, ліміт зьнешняга дзяржаўнага доўгу, памер сродкаў, якія накіроўваюцца на кампэнсацыю юрыдычным асобам часткі працэнтаў за карыстаньне банкаўскімі крэдытамі і на аказаньне фінансавай дапамогі юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам, а таксама выдаткі на фінансаваньне дзяржаўных праграмаў.

Аднак, паводле прэзыдэнцкай прэс-службы, нягледзячы на больш жорсткую бюджэтную палітыку адносна бальшыні выдаткаў, найбольш значныя для дзяржавы сацыяльныя выдаткі ў бюджэце захаваліся.

Камэнтуючы сытуацыю, кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка адзначыў, што ва ўмовах крызісу і іншыя краіны скарачаюць бюджэты. Прычым і гэтыя новыя бюджэты — пераходныя, бо іх давядзецца яшчэ карэктаваць у верасьні-кастрычніку.


“Нічога асаблівага не адбываецца — крызіс. Курс даляра будзе расьці пры любым бюджэце — нулявым, станоўчым ці адмоўным. У нас толькі ў гандлі з Расеяй штомесяц дэфіцыт складае 600 мільёнаў даляраў. Як бы хто ні стараўся, але давядзецца дэвальваваць беларускі рубель”.

Спадар Заіка прагназуе зьмяншэньне заробкаў і пэнсій у даляравым эквіваленце. Бо ва ўмовах крызісу іх рост немагчыма захаваць.