Беларускую мову Рыбак будзе вучыць на перакладах свабодаўцаў

Аляксандар Рыбак

СЛУХАЦЬ:


Графік знаходжаньня Аляксандра Рыбака ў родным горадзе, які ён пакінуў 18 гадоў таму, надзвычай шчыльны: здымкі для тэлепраграмаў, удзел у журы конкурсу вакалістаў. Магчымая і аўдыенцыя ў Аляксандра Лукашэнкі. А яшчэ ў плянах — наведаць адну зь беларускіх бабуляў, Зінаіду Ягораўну.

Адарваць Рыбака ад “зорных” абавязкаў удалося толькі падчас онлайн-канфэрэнцыі з наведнікамі сайту ОНТ. Перадусім хацелася перадаць сьпеваку стос беларускамоўных вершаў, напісаных слухачамі Свабоды па матывах песьні “Fairytale”, зь якой Аляксандар трыюмфальна перамог на конкурсе “Эўрабачаньня” ў Маскве. Нарвэскі беларус быў прыемна ўражаны такой увагай да сваёй пэрсоны, а ягоная маці Натальля Валянцінаўна, якая таксама выконвае функцыі мэнэджэра, сказала, што вершы будуць добрай пляцоўкай да ўзнаўленьня ў памяці роднай мовы.

Зрэшты, працоўнай для Рыбакоў паступова робіцца мова нарвэская. Сам Аляксандар, пачынаючы адказваць на пытаньні прыхільнікаў зь віртуальнай прасторы, раз-пораз пераскокваў з расейскай на нарвэскую. Маці і сын прызнаюцца, што доўгае жыцьцё ў Нарвэгіі прымушае карыстацца менавіта тамтэйшай мовай. Працягваюць Натальля Валянцінаўна і Аляксандар:

Натальля і Аляксандар Рыбак
“Дома мы размаўляем і па-расейску, аднак усё больш пераходзім на нарвэскую…”

“Шчыра кажучы, мне лягчэй пісаць песьні на нарвэскай мове. Прыкладам, па-расейску было б вельмі цяжка, і тэкст атрымаўся б зусім нецікавы. Але больш за ўсё я пішу па-ангельску. Бо я ж са сваёй песьняй выйграў нават ня „Фабрыку зорак“ у Нарвэгіі, а эўрапейскі конкурс. Калі хочаш, каб слухачы цябе разумелі, то, канечне, тады трэба па-ангельску”.

А вось пэрспэктыва складаньня песень на беларускай мове пакуль неакрэсьленая. Саша прызнаецца, што даводзіцца наноў згадваць нават асобныя словы:

Я памятаю, але вельмі цяжка, асабліва калі так шмат людзей на мяне глядзяць…
“Я памятаю, але вельмі цяжка, асабліва калі так шмат людзей на мяне глядзяць… Я тады проста губляюся. Але зараз мы з мамай спрабуем вывучыць асобныя выразы, якія я, напэўна, скажу ўвечары падчас канцэрту”.

Відавочна, што пытаньне пра тое, ці хацеў бы Аляксандар жыць у Беларусі, ужо не актуальнае. Ніхто ня ведае, ці здолеў бы ён так раскрыцца на радзіме, а вось у вольным сьвеце скарыць Эўропу цалкам удалося. Сам Аляксандар кажа, што цяпер сувязь зь Беларусьсю трымае праз сваякоў:

“Сувязі зь Беларусьсю я не губляю. У мяне тут дзьве бабулі жывуць, а ўчора я сустрэў маміных сябровак, якіх я, канечне, ня памятаю — маленькі быў зусім. Але мяне яны памятаюць, што было вельмі прыемна. І спадзяюся, што сёньня атрымаецца бабулю Зіну, як гэта сказаць — а! Наведаць!”

У шэрагу менскіх кантактаваньняў Аляксандра Рыбака заплянаваная і сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам. Магчыма, кіраўнік Беларусі адмыслова завітае на канцэрт, каб павітацца з трыюмфатарам “Эўрабачаньня”. Праўда, артыст прызнаецца, што слаба ўяўляе, пра што ўвогуле можна гаварыць з прэзыдэнтам:

“Ну нават ня ведаю, можа, кшталту таго — як вам тут, у Беларусі? (сьмех прысутных — І.К.). Я перадусім сюды прыехаў, каб са сваякамі сустрэцца, пагаварыць, пазнаёміцца зь людзьмі, якія мяне падтрымлівалі”.

Адно несумненна — паводле папулярнасьці ў Беларусі Рыбак ці не на першым месцы. Цяпер шмат хто чакае, калі тут зьявіцца альбом “Fairytale”, а яшчэ больш — ці прыедзе Рыбак з канцэртам? Прынамсі, сам артыст гастроляў не выключае:

“(Пачынае гаварыць па-нарвэску). Ой, гэта ж па-нарвэску. Увогуле, 1 чэрвеня альбом зьявіцца і ў Беларусі, і ў Расеі. А што тычыцца канцэрту, то зараз, летам — на жаль ці не на жаль — уся праграма запоўненая канцэртамі, фэстывалямі ў Нарвэгіі. Але калі беларусам спадабаецца наш выступ, дзе таксама ўдзельнічаюць танцоры, то мы з маім бэндам абавязкова сюды прыедзем, каб даць вялікі канцэрт”.

Маці Аляксандра кажа, што ўпэўненая перамога Сашы на “Эўрабачаньні”, безумоўна, перавярнула ягонае жыцьцё. І лічыць, што ён атрымаў яе цалкам заслужана:

“Пасьля перамогі мы былі абсалютна шчасьлівыя, таму што мы бачым: той шлях, які Саша абраў, гэта сапраўды ягоны шлях — аб’ядноўваць жанры, экспэрымэнтаваць. Таму перамога на конкурсе толькі пацьвердзіла ўпэўненасьць у тым, што ў сучасным музычным сьвеце трэба знаходзіць нешта сваё”.