Дэпутат Анатоль Глаз: “Справай Аўтуховіча не цікаўлюся”

Мікалай Аўтуховіч

У Менскім сьледчым ізалятары працягваецца галадоўка прадпрымальніка з Ваўкавыску Мікалая Аўтуховіча, які пратэстуе супроць перасьледу і дамагаецца вызваленьня для сябе і сваіх сяброў Уладзімера Асіпенкі і Юрыя Лявонава.

43-ці дзень у сьледчым ізалятары на Валадарскага галадуе на знак пратэсту прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч. Як прадстаўнікі грамадзтва рэагуюць на гэтую акцыю?

28 траўня апоўдні скончылася чарговая сэсія Нацыянальнага Сходу. Адразу пасьля паседжаньня я патэлефанаваў у камісію па правах чалавека. Удалося патрапіць на намесьніка старшыні камісіі па правах чалавека, дэпутата Анатоля Глаза.

Карэспандэнт: “Анатоль Ціханавіч? Гэта вы? Можа, вы пракамэнтуеце сытуацыю вакол Мікалая Аўтуховіча? Гэта прадпрымальнік з Ваўкавыску, які ўжо болей за 40 дзён галадуе ў сьледчым ізалятары...”

Анатоль Глаз: “Ня ведаю, не займаўся гэтай справай”.

Карэспандэнт: “Я вам патлумачу: ён галадуе і патрабуе, каб...”

Анатоль Глаз: “Шаноўны, я ж адказаў вельмі канкрэтна: я гэтай справай не займаўся”.

Карэспандэнт: “Таму я вам пра яе і спрабую расказаць...”

Анатоль Глаз: “Ня трэба мне расказваць. Трэці раз паўтараю, што я гэтай справай не цікавіўся і не цікаўлюся. Будзьце здаровы”.

Дзяжурны менскага сьледчага ізалятара, дзе ўтрымліваюць Мікалая Аўтуховіча, адмаўляецца паведаміць зьвесткі пра стан здароўя вязьня, накіроўваючы па інфармацыю ў прэсавую службу МУС. Званю кіраўніку прэсавай службы Сьвятлане Бароўскай, якая ўчора казала, што ня мае зьвестак пра Аўтуховіча, але пацікавіцца навінамі.

Бароўская: “Магчыма, праз пару дзён будуць нейкія навіны. Калі не навіны, дык нейкі камэнтар. Таму пакуль нічога няма”.

Карэспандэнт: “Ён галадуе ўжо 43 дні. Гэтыя “пара дзён” для яго могуць быць апошнія”.

Бароўская: “Разумееце, а навошта ён галадуе? Трэба берагчы сваё здароўе кожнаму чалавеку, вось што я магу сказаць”.

Ці пацьвярджаюцца зьвесткі праваабаронцы Алега Воўчака адносна магчымага аб’яднаньня справы Мікалая Аўтуховіча са справай аб знойдзеным у Ваўкавыску гранатамёце? У пракуратуры Беларусі кіраўнік прэсавай службы Петар Кісялёў сказаў, што ў яго няма зьвестак пра тое, што Аўтуховічу выставілі новае абвінавачаньне. Таксама невядома Пятру Кісялёву, ці разглядалася ў пракуратуры пытаньне аб вызваленьні Аўтуховіча пад падпіску аб нявыезьдзе.

27 траўня Рада беларускай інтэлігенцыі прыняла адмысловую заяву з патрабаваньнем да ўладаў вызваліць Мікалая Аўтуховіча, а таксама Юрыя Лявонава і Ўладзімера Асіпенку. Рэжысэр Уладзімер Колас лічыць, што Мікалай Аўтуховіч ахвяруе сабой у барацьбе з беззаконьнем:

Уладзімер Колас
“Гэта самае можа адбыцца з кожным з нас: рэпрэсіі паводле палітычных прычын, а фармальна перасьлед паводле прычын, якія прыдумаюць тыя, каму загадалі. Мы гэта ўспрымаем як рэпрэсіі супроць усіх нас і таму выказваем сваю салідарнасьць. Мы будзем усімі законнымі сродкамі дамагацца вызваленьня гэтых людзей”.

Сёньня стала вядома, што з Баранавіцкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту адлічылі студэнта Пятра Рузава, які напісаў на будынку “Свабоду Аўтуховічу!” Раней актывіст “Маладога фронту” быў за гэта аштрафаваны.



Нагадаем, Мікалай Аўтуховіч быў арыштаваны 8 лютага. Яму выставілі абвінавачаньне ў падпале дому міліцыянта ў 2005 годзе. Між тым за гэтае злачынства ўжо адбыў пакараньне іншы чалавек, а сам пацярпелы ня мае прэтэнзіяў да Аўтуховіча. Справу вядуць гарадзенскія міліцыянты, якія адмаўляюцца ад кантактаў з журналістамі. Галадоўнік Мікалай Аўтуховіч патрабуе спыніць перасьлед таксама Юрыя Лявонава і Ўладзімера Асіпенкі.