У Расеі праўду пра вайну будзе фармаваць спэцкамісія

Прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў падпісаў указ пра заснаваньне камісіі дзеля супрацьдзеяньня спробам фальсыфікацыі гісторыі на шкоду інтарэсам Расеі.
Адной з галоўных задач новаўтварэньня — абарона “гістарычнай праўды пра вайну 1941—45 гадоў”. Беларускія экспэрты не выключаюць, што ідэю могуць падхапіць і ў Беларусі, дзе падзеі Вялікай Айчыннай вайны — у ліку неаспрэчных.

Пра неабходнасьць бараніць савецкую гісторыю ад фальсыфікацыяў Дзьмітрый Мядзьведзеў заявіў яшчэ на пачатку году на паседжаньні аргкамітэту “Перамога”. Ён перакананы: нельга абысьці тэму, якую ўздымаюць вэтэраны, — скажэньне праўды пра вайну, пра неаспрэчны і вырашальны ўнёсак Чырвонай арміі і Савецкага Саюзу ў разгром фашызму і вызваленьне Эўропы.

Напярэдадні 9 траўня Мядзьведзеў празь відэаблог на прэзыдэнцкім інтэрнэт-сайце сказаў: спрэчных падачаў ваеннай гісторыі зь цягам часу становіцца больш, тым часам як відавочцаў застаецца ўсё меней. У выніку “вакуўм” запаўняецца новымі трактоўкамі вайны: “Па сутнасьці, мы апынуліся ў сытуацыі, калі мусім даказваць факты, якія яшчэ зусім нядаўна здаваліся абсалютна відавочнымі”.

Сяргей Маркаў
Чым выкліканая заклапочанасьць расейскага лідэра? Адзін зь сябраў камісіі, дэпутат Дзяржаўнай Думы Сяргей Маркаў у інтэрвію расейскім СМІ патлумачыў: нацысты ўзнагароджваюцца ордэнамі і мэдалямі, войскі СС, дывізыя “Эдэльвэйс” ва Ўкраіне, Латвіі, Эстоніі прэзэнтуюцца як гераічныя, на іхных прыкладах вучыцца моладзь. Палтаўская бітва прадстаўляецца як саюз Украіны і Швэцыі, а галадамор — як мэтанакіраванае зьнішчэньне ўкраінскага народа. Паводле высновы Маркава, Гітлер і Гебэльс пляскалі б у ладкі: маўляў, іхныя ідэі запатрабаваныя, бо ўсё часьцей зносяць помнікі тым, хто перамог фашызм. Паводле словаў Маркава, галоўная задача камісіі — стварыць гісторыкам перадумовы для таго, каб тыя маглі праўдзіва інтэрпрэтаваць гісторыю.

Вядомы расейскі пісьменьнік Уладзімер Вайновіч — якраз у ліку тых, хто, з гледзішча Крамля, няправільна інтэрпрэтуе ваенную гісторыю. Прыдуманы Вайновічам літаратурны вобраз Івана Чонкіна ніяк не ўкладаецца ў гераізаваныя старонкі Другой сусьветнай вайны, неаднойчы вэтэраны пачыналі кампаніі, каб забараніць гэты раман. Аднак сам пісьменьнік перакананы: нельга падаваць гісторыю толькі ў гераізаваным фармаце:

Уладзімер Вайновіч
“Нельга сказаць, што павальна ўсе вэтэраны супраць Чонкіна. Можна нават сказаць, што гэта толькі некаторыя вэтэраны так сябе паводзяць. Але бывалі рэакцыі і вельмі рэзкія. А чаго крыўдзіцца, калі некаторыя зь іх „кавалі перамогу“ на дальніх подступах, былі дзесьці ў абозах ці дзе яшчэ? Таму казаць агулам толькі пра „гераічнае мінулае“ не зусім справядліва”.

Гарадзенскі гісторык, адзін з выдаўцоў “Гістарычнага альманаху” Алесь Краўцэвіч ініцыятыву Крамля называе спробай імпэрскага адраджэньня. На думку экспэрта, цяпер ва ўладаў цалкам разьвязаныя рукі, каб “адсекчы” ўсё нязручнае ў спрэчных момантах апошняй вайны:

Алесь Краўцэвіч
“Стварэньне гэтай камісіі, якая скіраваная змагацца супраць нібыта фальсыфікацыі расейскай гісторыі, — гэта частка вялікай праграмы адраджэньня Расейскай імпэрыі, якую праводзіць зараз кіроўная расейская эліта. І гэта паказвае на тое, наколькі важны гістарычны падмурак у гэтым адраджэньні, ідэалёгія гэтага адраджэньня. Задача гэтай камісіі, несумненна, — адсякаць усё, што супярэчыць інтарэсам будучай Расейскай імпэрыі. Адсякаюцца рэчы праўдзівыя. Напрыклад, калі гаворыцца, што асуджэньне любых дзеяньняў Чырвонай арміі — гэта фальсыфікацыя гісторыі, то гэта няпраўда. Для мяне адназначна: камунізм і фашызм — гэта зьявы аднаго парадку. І пакуль Расея не пакаецца за камунізм, як немцы пакаяліся за нацызм, Расея ня стане нармальнай дзяржавай”.

Ці могуць перадавы досьвед узяць на ўзбраеньне ў Беларусі? Алесь Краўцэвіч лічыць — такое цалкам магчыма:

“Несумненна. Тыя рашэньні, якія прымаюцца ў Маскве, часта рэалізуюцца ў Беларусі. Нават насуперак волі нашага галоўнага гаранта. Я бачу на свае вочы кожны дзень, як зачышчаецца культурная прастора на Беларусі: усё арыгінальнае, нацыянальнае вычышчаецца, на вызваленае месца прыходзіць папса расейская, імпэрская, расейская ідэалёгія. Гэта будзе і ў нас.
Мы ня можам надрукаваць у сваім часопісе дзёньнік партызана 1943 году, які рэальна паказвае, як яны жылі.
Яшчэ мацней пачнуць закручвацца такія праекты, як фальсыфікатарская „Лінія Сталіна“, як ухваленьне ўсіх праяваў дзейнасьці Чырвонай арміі, чырвоных партызанаў. А, напрыклад, мы ня можам надрукаваць у сваім часопісе дзёньнік партызана 1943 году, які рэальна паказвае, як яны жылі. Розныя былі праблемы: і п’янства, і распуста, і рабаўніцтва. Гэта было рэальна. Нам не даюць з музэю гэты дзёньнік апублікаваць. Гэта таксама фальсыфікацыя. Я баюся, што падобная камісія таксама будзе створаная ў Беларусі; ужо зараз мы бачым засільле на „Беларусьфільме“ няякасных фільмаў пра так званую Вялікую Айчынную вайну. Будзе яшчэ горш”.

А вось доктар гістарычных навук Эмануіл Ёфэ сумняецца, што падобная камісія можа ўзьнікнуць у Беларусі — кантроль за ваеннай гісторыяй у дзяржаве і без таго звышпільны:

“У Беларусі наўрад ці будзе такая камісія. Што да Расеі, дык там насамрэч у шэрагу падручнікаў была зусім інакш выстаўленая перамога, і ўвогуле ўся вайна неадназначна падавалася. Былі і скрайнія ступені: маўляў, Чырвоная армія забівала нямецкіх палонных і шэраг іншых падменьваньняў. Таму ў нейкім сэнсе ў Расеі проста перастрахоўка. Ну, а ў нас ёсьць Інстытут гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук, які стаіць на варце дзяржаўных інтарэсаў, шэраг іншых установаў, якія старанна фільтруюць усю інфармацыю. Дарэчы, вельмі аднабакова ў нас адлюстраваны калябарацыянізм, іншыя падобныя рэчы. Увогуле трэба сказаць, што некаторых у нас праўда асабліва і не цікавіць, я маю на ўвазе кіраўнікоў краіны. Фактычна нам у спадчыну засталося тое, што мы паказваем на першым пляне выключна гераізм. Вось гэта сапраўды ёсьць”.

Між тым, як кажа дасьледчык ваеннай гісторыі Аляксей Літвін, сапраўдную праўду пра вайну ад людзей старанна хаваюць. Пасьля непрацяглай “адлігі” на пачатку 1990-х зноў ускладніліся ўмовы працы ў расейскіх ваенных архівах, здабыць аб’ектыўную інфармацыю ўсё больш складана:

“Па сутнасьці, што мы ведаем? Мы ведаем вельмі мала. Таму што дасьледчыкам не давалі доступу да вялікіх спраў, перадусім што тычыцца падрабязных дакумэнтаў адносна ваенных саветаў і г.д. Ну, і зараз яшчэ дадаліся складанасьці зусім іншага кшталту, калі казаць пра працу з ваеннымі архівамі ў Падольску. Туды трэба ехаць, а едзеш у іншую краіну, усё каштуе вельмі дорага.
Каліноўскі — гэта бандыт, паляк. Мураўёў-вешальнік — гэта добры адміністратар.
Справы паступова пераводзяць на тое, каб даваць ці ксэракопію ў лепшым выпадку, ці ўвогуле мікрафільмы. Таму дзеля таго, каб працаваць, прагледзець матэрыялы ад фронту да палка, то на гэта гады запатрабуюцца, разумееце? Калі гэтыя дакумэнты яшчэ дадуць”.

Прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў даручыў міністру адукацыі Андрэю Фурсенку больш уважліва адсочваць якасьць школьных дапаможнікаў па гісторыі, асабліва што да пэрыяду Вялікай Айчыннай вайны. Алесь Краўцэвіч кажа, што ў Беларусі падручнікі па гісторыі перапісваюцца рэгулярна, што ўжо прывяло да прыкрых вынікаў:

“Ужо перапісаныя. Ужо патаемна ў беларускамоўныя школы, якія разьмешчаныя ў асноўным на вёсках, завезеныя падручнікі аўтарства Трашчанка і яшчэ двух аўтараў, якія ня могуць пісаць на беларускай мове, і там нават пазначана — перакладзена з расейскай мовы. І там усё гэта ўжо ёсьць. Я даглядзеў да ХІХ стагодзьдзя: Каліноўскі — гэта бандыт, паляк. Мураўёў-вешальнік — гэта добры адміністратар, наводзіў парадак, дбаў аб разьвіцьці Беларусі. І калі даходзім да Другой Сусьветнай вайны — тая ж карціна. Нельга называць, што гэта была Вялікая Айчынная вайна для беларусаў. Мы былі тэрыторыяй, дзе змагаліся два таталітарызмы, і мы найбольш пацярпелі ад гэтага змаганьня. А зараз будзем цярпець ад прамыўкі мазгоў”.