Справа Аўтуховіча: цяпер яшчэ і гранатамёт?

Мікалай Аўтуховіч

У менскім сьледчым ізалятары працягвае галадоўку прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч, які пратэстуе супроць асабістага перасьледу і дамагаецца вызваленьня сваіх знаёмых Юрыя Лявонава і Ўладзімера Асіпенкі.
Мікалай Аўтуховіч трымае галадоўку пратэсту ўжо 42-гі дзень. Як ён пачуваецца?

У мэдычнай частцы ізалятара адмовіліся адказваць на пытаньне пра стан здароўя галадоўніка і накіравалі да прэсавай службы Міністэрства ўнутраных спраў. Кіраўнік прэсавай службы МУС Сьвятлана Бароўская сказала, што ёй “не траплялася інфармацыя пра стан здароўя Мікалая Аўтуховіча”, і паабяцала праінфармаваць, калі ёй гэта стане вядома.

Напярэдадні Мікалая Аўтуховіча наведаў адвакат Павал Сапелка. Вось фрагмэнт маёй гутаркі з адвакатам пра Аўтуховіча:

Карэспандэнт:
Павал Сапелка
“Наколькі ён схуднеў?”

Сапелка: “Ня ведаю. Улік не вядзецца. Тым больш учора былі сьледчыя дзеяньні зь ягоным удзелам, і мы пра асабістыя справа размаўлялі вельмі коратка”.

Карэспандэнт: “Якія сьледчыя дзеяньні былі? Па якой справе?”

Сапелка: “Па справе, якая адносна яго была заведзеная. Гэта быў допыт”.

Карэспандэнт: “Але кажуць, што яшчэ новая справа можа ўзьнікнуць, пра гранатамёт”.

Сапелка: “Адкажу такім чынам, што працэсуальна да гэтай справы Аўтуховіч адносін ня мае, і фактычна, мяркую, таксама”.

Павал Сапелка сказаў, што Мікалай Аўтуховіч выглядае вельмі стомленым. “Але ён працягвае галадоўку і не здымае сваіх патрабаваньняў: альбо вызваліць яго пад падпіску аб нявыезьдзе, альбо перадаць справу ў суд. Такія ж патрабаваньні і адносна Юрыя Лявонава і Ўладзімера Асіпенкі, якія праходзяць па гэтай жа справе”, — паведаміў адвакат Сапелка.

Праваабаронца Алег Воўчак са спасылкай на свае крыніцы кажа, што Мікалаю Аўтуховічу праз кропельніцу ўводзяць глюкозу. Маўляў, ён на гэта пагадзіўся, бо ня можа піць турэмную ваду, а чыстую перадаваць яму забараняюць:

Алег Воўчак
“Там жа ў турме вада брудная, з іржавых трубаў. А яму трэба вада зь мінэральнымі солямі, нармальная. Таму ён пагадзіўся на кропельніцу. Ужо недзе тыдзень ці паўтара яму ставяць кропельніцу з глюкозай”.

Нагадаю, па адной справе зь Мікалаем Аўтуховічам праходзяць прадпрымальнік з Ваўкавыску Юрый Лявонаў і былы вайсковец Уладзімер Асіпенка. Сваякам Уладзімера Асіпенкі болей як праз 3 месяцы пасьля арышту дазволілі спатканьне зь ім у сьледчым ізалятары. Паводле дачкі Асіпенкі Вольгі, яе бацька няшмат ведае пра вынікі сьледзтва:

“У яго ўсё пад пытаньнямі, бо зараз рэзка зноў пачаліся сьледчыя дзеяньні, але па іншых эпізодах, і ён ня можа зразумець, што да чаго. Прыходзіць да яго адвакат, тройчы была, але зь якой мэтай, не сказалі. Допыты былі, а што яшчэ — невядома. 3 чэрвеня заканчваецца адзін працяг справы, ці будзе новы — ня ведаю”.

Былы сьледчы Алег Воўчак кажа, што ў пракуратуры цягам бліжэйшых дзён мусяць вырашыць, ці працягваць справу і далучаць да яе новыя эпізоды, у прыватнасьці — пра гранатамёт, які быў знойдзены ў Ваўкавыску, альбо вызваліць Аўтуховіча, Лявонава і Асіпенку пад падпіску аб нявыезьдзе. Сваіх крыніцаў Алег Воўчак не называе. У прэсавай службе пракуратуры Беларусі адмаўляюцца камэнтаваць зьвесткі Алега Воўчака.



Мікалай Аўтуховіч быў арыштаваны 8 лютага, яму выставілі абвінавачаньне ў падпале дома міліцыянта, зьдзейсьненым у 2005 годзе. Між тым за гэтае злачынства ўжо адбыў пакараньне іншы чалавек, а сам пацярпелы ня мае прэтэнзіяў да Аўтуховіча. Справу вядуць гарадзенскія міліцыянты, якія адмаўляюцца ад кантактаў з журналістамі. Галадоўнік Мікалай Аўтуховіч патрабуе спыніць перасьлед таксама Юрыя Лявонава і Ўладзімера Асіпенкі.