Прымусовыя працоўныя атрады да "Славянскага базару"

Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 27 траўня 2009 году

У гэтыя травеньскія дні ў пошце “Свабоды” шмат лістоў на тэму наступстваў эканамічнага крызісу, зь якімі большасьць нашых слухачоў штодня сутыкаецца ў сваім жыцьці.

Адзін з такіх допісаў даслаў наш даўні сябар зь Віцебску, дзіцячы доктар Ігар Пасноў. Яго абурае, што мясцовая ўлада, ня маючы дастаткова сродкаў на ўладкаваньне гарадзкой гаспадаркі, выкарыстоўвае дзеля гэтых мэтаў прымусовую бясплатную працу жыхароў гораду. У сваім лісьце на “Свабоду” слухач піша:

“У нас на Віцебшчыне ўведзены, па сутнасьці, законы ваеннага камунізму. Фармуюцца прымусовыя працоўныя атрады, уводзіцца абавязковая бясплатная рабская павіннасьць. Людзей здымаюць з прадпрыемстваў, школ, устаноў, каб накіроўваць на ўпарадкаваньне гораду. Можа, нам голад пагражае, чума, халера? Ды не! Проста новы губэрнатар Косінец абяцаў ператварыць Віцебск да ліпеня, да пачатку чарговага фэстывалю “Славянскі базар”, у горад-сад. Адбылося гэта пасьля нядаўняга наведваньня вобласьці прэзыдэнтам, калі той папракнуў віцебскае начальства: маўляў, спраў малавата, усё трашчыць...

Грошай мала, вось і вырашылі ўзяць прымусам. Усіх — у строй, на бясплатную працу. А тое, што працоўны кантракт нічога падобнага не прадугледжвае — на гэта пляваць.

Студэнты ВНУ, настаўнікі, тэхпэрсанал школ працуюць на ачыстцы ракі Віцьбы. Пад дажджом, ледзяным ветрам, у макрэчы. Нібы той Павал Карчагін з аповесьці камуністычнага пісьменьніка Мікалая Астроўскага “Як гартавалася сталь”. Дык Карчагін хоць ведаў, дзеля чаго стаў глыбокім інвалідам. А яны, сёньняшнія так званыя “героі”, рызыкуюць здароўем дзеля амбіцый высокапастаўленага дзядзькі, які хоча, каб яго паляпаў па плячы прэзыдэнт.

А ў гэты ж час вуліцы аж кішаць нелегальнымі гандлярамі, якія проста з асфальту прадаюць расейскі тавар. І ўсё гэта — безь ліцэнзіяў і падаткаў. Зь імі ўлада нічога зрабіць ня можа. І бягуць фінансавыя ручайкі міма дзяржаўнай кішэні. Вядома, куды прасьцей, чым спаганяць падаткі, прымусіць нас, простых бюджэтнікаў, рабіць пустую і непатрэбную працу”
.

Якое ж выйсьце з гэтай сытуацыі, спадар Пасноў? Ведаю, што вы часта апэлюеце ў гэтых справах да рознага кшталту высокапастаўленых начальнікаў, цэнтральных ведамстваў, дзяржаўных мэдыяў. Але малаверагодна, каб намэнклятура ўласнымі рукамі спыніла тое, што сама ж ініцыявала і сам ж лічыць вельмі эфэктыўным выйсьцем. Гэта ж так зручна: ня трацячы ні рубля зь бюджэту, вырашаць буйныя гарадзкія праблемы ды яшчэ пускаць пыл у вочы начальству! У асяродзьдзі цяперашняй намэнклятуры гэта называецца ня рабскай працай, а гаспадарскім падыходам. За гэта ня толькі не ўшчуваюць — наадварот, падвышаюць па службе і раздаюць ордэны...

І працягвацца такая завядзёнка будзе роўна да таго часу, пакуль самі людзі працягваюць паслухмяна выходзіць на прымусовую неаплатную працу і цярпець прыніжэньні, абураючыся толькі на ўласных кухнях.

Даўні сябар “Свабоды” Алесь Цадко з Маладэчна разважае пра тое, чаму, назіраючы і ўсьведамляючы цяперашні крытычны стан спраў у эканоміцы, мясцовае начальства ня схільнае распачынаць мадэрнізацыю састарэлай сыстэмы. У сваім лісьце на “Свабоду” слухач піша:

“Нядаўна прызначаны новы старшыня Маладэчанскага райвыканкаму Генадзь Кучко вызначыў: стан гораду, ня кажучы ўжо пра вёскі, — запушчаны; заробкі на прадпрыемствах і ва ўстановах інакш як зьдзекам не назавеш; чыноўнікі тлусьцеюць, а народ бяднее. Чакаю, што ён скажа пра хабарніцтва і казнакрадзтва так званых узорных гаспадарнікаў зь перадавых артыкулаў мясцовай “раёнкі”. Сканчаецца 15-ты год лукашэнкаўскага рэжыму, а воз і цяпер там.

Здавалася б, што можа быць прасьцей: дэмакратызуй і лібэралізуй гэту сыстэму, ствары палітычную канкурэнцыю і незалежныя ад дзяржавы СМІ — і ладная частка гэтых праблем адпадзе сама па сабе. Дык жа не. І малых, і вялікіх начальнікаў, відаць, цалкам задавальняе гэты статус-кво, бяз крытыкі і галоснасьці.

Што тычыцца Лукашэнкі, то для яго дэмакратызацыя і лібэралізацыя, выглядае, сьмерці падобныя”
.

Так, спадар Цадко, уладная намэнклятура разумее: нейкія зьмены неабходныя, бо эканоміка ў глыбокім заняпадзе, мясцовых бюджэтаў не хапае нават на самае неабходнае, а маёмасная бездань паміж зьбяднелым насельніцтвам і карумпаваным чыноўніцтвам толькі паглыбляецца. Але словы “лібэралізацыя” і “дэмакратыя” іх палохаюць нават больш, чым эканамічны крызыс, які нарастае. Бо галоснасьць і свабода — гэта пачатак канца любой аўтарытарнай сыстэмы. Многія сёньняшнія чыноўнікі памятаюць, як менавіта з гэтага пачыналася крушэньне камуністычнага рэжыму напрыканцы 80-х і на пачатку 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Той досьвед яны ўлічылі і паўтараць яго ня хочуць. Праблема ў тым, што і прапанаваць разумную і эфэктыўную альтэрнатыву гэтыя людзі ня здольныя.


Алесь Шустоўскі з Барысава ў сваім лісьце на “Свабоду” зьвяртае ўвагу на галадоўку, якую больш як тыдзень трымалі моладзевыя актывісты на знак салідарнасьці з арыштаванымі ваўкавыскімі прадпрымальнікамі. Слухач піша:

“У свой час спрактыкаваны палітвязень-бальшавік Фэлікс Дзяржынскі адзначыў, што галадоўка — гэта ня мэтад барацьбы. А “жалезны Фэлікс” у гэтым ведаў толк: па турмах, катаргах ды ссылках адбухаў 11 год.

Дык мо хопіць захапляцца галадоўкамі і беларускаму Маладому Фронту ды іншым прадстаўнікам дэмакратычнай супольнасьці? Усё гэта — марна. Лепш беражыце здароўе, шліфуйце па-сапраўднаму мазгі. Калі паслухаеш ды пачытаеш незалежныя крыніцы інфармацыі, дык узьнікае ўражаньне, што галадоўка на абшарах Цэнтральнай Эўропы ды Амэрыкі ператварылася ў звычайны фарс кшталту груканьня ў парожнія рондлі. Галадуюць ужо хто заўгодна, нават у хатніх умовах. Інакш кажучы, сьмеху вартыя ўчынкі дэкаратараў. Напэўна, зьдзяцінелі на віражах 21-га стагодзьдзя”
.

Ня думаю, спадар Шустоўскі, што дэмакратычна настроеная моладзь пагодзіцца прыслухоўвацца да Фэлікса Дзяржынскага як да маральнага аўтарытэта. Як вядома, ён быў ня толькі палітвязьнем. Карная сыстэма, што была створана бальшавіцкім рэжымам пад ягоным кіраўніцтвам, шматкроць пераўзыходзіла па жорсткасьці і бязьлітаснасьці тую, ад якой у свой час цярпелі бальшавікі-падпольшчыкі.

Аўтар апошняга ў сёньняшнім аглядзе ліста — Яўген Мікітаў з Воршы — занепакоены імпэрскімі памкненьнямі расейскіх палітыкаў і нізкім узроўнем нацыянальнай сьвядомасьці беларусаў. У сваім лісьце на “Свабоду” слухач піша:

“Цяжка паверыць, што гэткай вялізнай краіне — Расеі — усё яшчэ мала сваёй тэрыторыі, усё яна кагосьці хоча да сябе далучыць, ашчасьлівіць у сумнеўным “саюзе”. Але калі Беларусі каторы раз пагражаюць адключыць газ, калі хочуць задарма забраць нашы фабрыкі і заводы — разумееш, што ўсё гэта становіцца злавеснай явай. Хоць жывем мы ў 21-м стагодзьдзі, але паводле ўзроўню сьвядомасьці расейскія шавіністы жывуць яшчэ недзе ў сярэднявеччы. Яны не разумеюць, што вялікія і малыя народы роўныя перад Гісторыяй, што аднолькавае права на жыцьцё маюць і вялікі страўс, і маленькая сінічка...

Калі беларуская дзяржава зноў стала рэальнасьцю, то здавалася, што беларуская нацыя павінна была адрадзіцца. Але ўладу фактычна прыватызаваў адзін чалавек, які сьцьвярджае, што беларусы з расейцамі — адзін народ...

Тым ня менш нацыянальны гонар беларусаў паступова прабіваецца праз тоўсты пласт Лукашэнкавай прапаганды і адміністратыўнага ўціску. Гэтая доўгая дарога да Волі, да нацыянальнага гонару — пачалася. Час працуе на беларусаў. Антынародная амаральная сыстэма ўлады павінна зьнікнуць. Зноў на Беларусі загучаць нашы родныя песьні, па-беларуску загаворыць нацыянальнае тэлебачаньне, а беларуская мова стане па-сапраўднаму дзяржаўнай і зойме сваё пачэснае месца ў жыцьці народа і дзяржавы”
.

Так, спадар Яўген, сёньняшняя беларуская дзяржава выглядае зусім не такой, якой яе хацелі бачыць рамантыкі-адраджэнцы на пачатку 90-х гадоў. Але яна і не такая безабаронная перад расейскім імпэрыялізмам, як многім падаецца. Нягледзячы на ўсю сваю шматгадовую прарасейскую рыторыку, якая ў многім была абумоўлена палітычнай ды эканамічнай каньюнктурай, аддаваць каму б там ні было дзяржаўную незалежнасьць сваёй краіны прэзыдэнт Лукашэнка зусім не зьбіраецца. Ягоныя заявы апошняга часу наконт гэтага мала адрозьніваюцца ад заяў лідэраў дэмакратычнай апазыцыі. Адно што прамаўляюцца не па-беларуску.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by