Загаловак майго блогу служыць ўсяго рытарычна-стылістычным, гэта значыць, чыста эгаістычным, мэтам. Ніхто зь беларускай апазыцыі ня ставіў мне такога пытаньня, а я нікому не абяцаў свайго адказу. А калі меркаваць па тым, што ў шэрагах апазыцыі ўжо пачалося перайменаваньне партый, вылучэньне прэтэндэнтаў на удзел у прэзыдэнцкай гонцы і падрыхтоўка да арганізацыі трох кангрэсаў сёлета, у тым ліку як мінімум двух праэўрапейскіх, — дык апазыцыі хопіць занятку і без маіх парадаў. Аднак...
Казус Мілінкевіча
...ёсьць пэўныя рэчы ў гэтым парыве пасьлясамітавай актыўнасьці (я маю на ўвазе саміт Усходняга партнэрства ў Празе 7 траўня), якія нягожа пахнуць, каб не сказаць, што яны моцна сьмярдзяць. Перш-наперш гэта вёдры памыяў, якія выплюхнуў на Аляксандра Мілінкевіча, былога апазыцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты і цяперашняга лідэра руху "За Свабоду", журналіст Міхал Падаляк у сеціве. Ніхто, пэўна, не зьвярнуў бы на гэтую пісаніну асаблівай увагі, калі б зусім нядаўна першы опус Падаляка з сэрыі пра змову Мілінкевіча з Лукашэнкам не перадрукавала "Народная Воля". Тое, што раней можна было палічыць за каламуць кансьпіратыўнай лухталёгіі, раптам сталася прадметам заядлых і працяглых абменаў зьнявагамі паміж прыхільнікамі і апанэнтамі Мілінкевіча на інтэрнэт-форумах, уключна з сайтам нашага радыё. А імпульс гэтаму дала, перадрукаваўшы "з маральных меркаваньняў" звычайны паклёп, газэта, да якой мы ўсе хацелі б захаваць пашану, якую займелі з часу, калі яе выпіхнулі з друкарняў і афіцыйнага распаўсюду ў Беларусі, і яна перабівалася як магла, трымаючыся на плаву ў паўлегальным статусе.
Навошта "Народнай Волі" спатрэбіўся гэты пасквіль? Каб здабыць больш чытачоў? Можна ж гэта рабіць і іншымі мэтадамі. Вось "Наша Ніва", прыкладам, друкуе здымкі харошых цыцкастых дзевак, якія йдуць сабе ў прамоклых строях мокрым бульварам пасьля залевы, або паведамляе пра другаклясьнікаў, якія купляюць аўто бязь ведама бацькоў. Або пра лася на другім паверсе ў Бабруйску. Чытачы, калі і не балдзеюць ад гэтага дазваньня, дык і не абкідваюць адзін аднаго абразамі. Ну бо каму не парупіць паглядзець спраўную дзеўку ў змочанай, паўпразрыстай і да таго сьціплай апратцы? Парупіць аднолькава і лукашэнкаўцам, і пазьнякоўцам, і нават калякінцам. І ні ў каго такое ня выкліча адмоўных эмоцый.
Рэч вядома ж ня толькі ў журналістах ці, лепш сказаць, ня столькі ў журналістах. Сымптаматычна іншае. Вось апазыцыйныя палітыкі, чые прозьвішчы мы ўжо колькі гадоў скланяем на ўсе лады ў нашых перадачах і на нашым сайце, маўчаць з гэтай нагоды як мыла зьеўшы, або і напаўпразрыста даюць зразумець, што і яны падазравалі, што Мілінкевіч дамовіўся з рэжымам і хоча ўсіх абвесьці вакол пальца. А адзін дзядзька з сацыял-дэмакратаў дык адкрыта абвінаваціў Падаляка ў плягіяце, заяўляючы, што ён сам значна раней выкрыў крывадушніка. Вось куды зьліваецца беларускі палітычны дыскурс на тле падрыхтоўкі да паходу ў Эўропу — у памыйнае вядро.
Гэта ўсё ад роспачы і ад бездапаможнасьці — сказаў мне адзін рэдакцыйны калега, калі я яму абмовіўся пра тое, як цяжка сёньня стала дыхаць у беларускай апазыцыйнай кампаніі. Напэўна, ён мае рацыю. Але, так бы мовіць, нават калі вакол гразь і нельга прайсьці на другі бок дарогі сухой нагою, дык усё ж джэнтэльмэн павінен заставацца джэнтэльмэнам і не масьціць сабе дарогу целамі бліжніх.
Беларускі дыскурс
Больш-менш год таму на адну беларускую канфэрэнцыю ў Варшаве я падрыхтаваў па-ангельску выступ, які потым стаўся тэмай зацятага інтэрнэтнага абмеркаваньня, калі яго пераклад апублікавала "Наша Ніва". Збольшага ішло пра тое, што апазыцыя, калі яна хоча пазьбегчы татальнай маргіналізацыі і дыскрэдытацыі, павінна перагледзець свае мэты. Так бы мовіць, ня біць галавой у сьценку рэжыму — бо дзеля гэтага няма ні сілы, ні народнай падтрымкі — а знайсьці сабе нішу ў дзяржаўнай структуры, створанай рэжымам, дзе можна было б працаваць на карысьць супольнай Беларусі, не гандлюючы сумленьнем. Інакш кажучы, Лукашэнка пабудаваў сякую-такую дзяржаву і дбае пра яе незалежнасьць, а паколькі гэтай дзяржавы нельга ў яго забраць, дык трэба рабіць так, каб хоць крыху лепш у ёй жылося. Бо гэтага, фактычна, хоча пераважная большасьць маладых беларусаў, які ідуць на зьмену старым.
Як і трэба было спадзявацца, мяне кагалам закідалі шапкамі ў той дыскусіі, назваўшы апалягетам рэжыму і бадай ці ня платным карэспандэнтам прэзыдэнцкай адміністрацыі на Радыё Свабода. А да таго — дылетантам зь Беласточчыны, які Беларусі і на вочы ня бачыў.
Канешне, ні я, ні тым больш мае апанэнты і ўявіць сабе не маглі, што ня пройдзе і два месяцы пасьля тае дыскусіі, а здарыцца расейска-грузінская вайна і за лічаныя тыдні парадыгма дачыненьняў паміж Эўропай і Беларусьсю перакуліцца дагары нагамі, агаляючы ўсю непрывабнасьць, выбачаюся за выраз, эўрапейскай Realpolitik. Тое, што ў чэрвені летась можна яшчэ было назваць трызьненьнем дылетанта, тры месяцы пазьней ужо легла ў аснову новай эўрапейскай стратэгіі дачыненьняў зь Беларусьсю.
Але я не пра сябе і сваю празорлівасьць.
Уся віна Мілінкевіча перад іншымі апазыцыйнымі палітыкамі і партыямі, як мне падаецца, толькі ў тым, што ён першы сярод іх стаў гаварыць пра тое, што трэба ўсімі сіламі падтрымаць добрую міжнародную каньюнктуру для Беларусі і збліжэньне Лукашэнкі з Эўропай, нават цаною пэўнай міжнароднай легітымізацыі рэжыму. І што, відаць, значна горшае ў гэтым выпадку, Мілінкевіч зрабіў памкненьне насустрач Эўропе галоўнай палітычнай мэтай свайго руху "За Свабоду", надаючы гэтай бясколернай і невыразнай структуры патэнцыйна жыцьцяздольную і прывабную ідэалёгію. Так сказаць, першы ўхапіў эўрапейскі штандар у новай эўрапейскай сытуацыі і адбегся зь ім колькі крокаў уперад, пакідаючы іншых ззаду.
Гэта палітыка, і так павінен паступаць кожны спрактыкаваны палітык, які хоча змагацца калі не за самую ўладу, дык прынамсі за ўплыў у грамадзтве. Так бы мовіць, лавіць свой шанец, які заўтра можа зьнікнуць. Перайграць іншых — ня значыць здрадзіць іншым. А ў беларускім палітычным дыскурсе, на жаль, усё мяшаецца ў адну кучу. У кучу бруду і гразі. Ад безвыходнасьці і бездапаможнасьці, кажа мой рэдакцыйны калега.
Ніша для апазыцыі
Вось нядаўна намесьнік старшыні партыі БНФ, Віктар Івашкевіч, сказаў журналістам, што "ў любым выпадку эўрапейская інтэграцыя будзе на карысьць беларускаму народу". І ён крыху падняў заслону сакрэтнасьці з аднаго з праэўрапейскіх кангрэсаў, кажучы нешта ў такім сэнсе, што абмяркоўваецца і канцэпцыя, як угаварыць Лукашэнку "стаць дэмакратычным". Нават калі спадар Івашкевіч уклаў у гэтыя апошнія словы дамешку іроніі, дык я спадзяюся, што чытачы зьвярнулі ўвагу на ўжытую ім акалічнасьць "у любым выпадку", што тычыцца эўрапейскай інтэграцыі. Ці такое ў апазыцыйным дыскурсе было магчымае ў чэрвені 2008?
Ісьці да Лукашэнкі прасіцца ва ўладу і неганарова, і неразумна. Ва ўладу можна ісьці тады, калі чалавека робяць за нешта сапраўды адказным, а ня крайнім. А Лукашэнка ўсіх сваіх прыбочных робіць толькі крайнімі.
Але дэклярацыя аб Усходнім партнэрстве робіць месца (нішу) і для апазыцыі, куды яна са спакойным сумленьнем можа пайсьці, калі хоча зрабіць нешта карыснае беларускаму народу. Я маю на ўвазе чатыры "плятформы супрацоўніцтва" Усходняга партнэрства — "Дэмакратыя і стабільнасьць", "Эканамічная еднасьць і збліжэньне з ЭЗ", "Энэргетычная бясьпека" і "Кантакты паміж людзьмі" — у рамках якіх будзе ісьці дыялёг паміж Эўразьвязам і шасьцю постсавецкімі краінамі, што тычыцца канкрэтных мераў па канвэргенцыі заканадаўства ды эканамічна-сацыяльных сыстэмаў усіх зацікаўленых.
І гэта столькі? — запытае нехта. Ці варта было ламаць гэтулькі дроў дзеля нейкіх дыскусій пра канвэргенцыі?
Столькі. І было варта. Бо адлегласьць да Эўропы вялікая ня толькі для беларускага рэжыму, але і для яго апанэнтаў. Усім трэба шмат часу, каб туды дабрацца.