Сустрэча прэм'ер-міністра Беларусі Сяргея Сідорскага і прэм'ер-міністра Ўкраіны Юліі Цімашэнкі адбудзецца 8 чэрвеня ў Кіеве, гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы ўрада Беларусі са спасылкай на словы прэм'ер-міністра С.Сідорскага.
Дамоўленасьць пра сустрэчу дасягнутая падчас беларуска-украінскіх перамоваў у рамках паседжаньня Рады кіраўнікоў урадаў дзяржаў СНД 22 траўня ў Астане, перадае Інтэрфакс.
"Мы дамовіліся зь Юліяй Цімашэнкай, што выканаем даручэньне нашых прэзыдэнтаў і 8 чэрвеня сустрэнемся ў Кіеве. Гэта будзе працоўны візыт урадавай дэлегацыі Беларусі", - цытуе Сідорскага прэс-служба.
Паводле беларускага прэм’ера, "было вельмі важна пачуць ад прэм'ер-міністра Ўкраіны пра дасягнутую стабілізацыю ў банкаўскай сыстэме". "Мы мелі каласальныя цяжкасьці ў мінулым месяцы з канвэртацыяй украінскай грыўны", - дадаў кіраўнік беларускага ўраду.
“С.Сідорскі лічыць, што бакі павінны прыкласьці максымум высілкаў, каб зьняць асноўныя перашкоды па пастаўках тавараў”, - дадалі ў прэс-службе.