Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка і Юшчанка гаварылі пра Ўсходняе партнэрства


Сёньня ў Гомелі Аляксандар Лукашэнка прымаў прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Юшчанку. Спадар Лукашэнка падзякаваў Віктару Юшчанку за спрыяньне далучэньню Беларусі да праграмы Эўразьвязу “Ўсходняе партнэрства”.

СЛУХАЦЬ:


Кіраўнікі дзяржаваў дамовіліся ў канцы траўня арганізаваць сустрэчу прэм’ераў дзьвюх краін на ўкраінскай тэрыторыі.

Сустрэча кіраўнікоў Беларусі і Ўкраіны прайшла ў гомельскім палацы Румянцавых і Паскевічаў. Перамовы Аляксандра Лукашэнкі і Віктара Юшчанкі доўжыліся тры з паловай гадзіны, пасьля чаго да прэзыдэнтаў далучыліся ўрадавыя дэлегацыі. Разам зь Віктарам Юшчанкам у Гомель прыбылі кіраўнікі міністэрстваў замежных спраў, энэргетыкі, фінансаў, Нацбанку і Службы бясьпекі Ўкраіны.

Сустрэча кіраўнікоў Беларусі і Ўкраіны прайшла ў гомельскім палацы Румянцавых і Паскевічаў.

Найважнейшай тэмай для абмеркаваньня бакоў стаў удзел Беларусі і Ўкраіны ў праграме “Ўсходняга партнэрства” Эўразьвязу.

Па выніках сустрэчы Аляксандар Лукашэнка асабіста падзякаваў украінскаму лідэру за тое, што той шмат зрабіў для таго, каб Беларусь далучылася да “Ўсходняга партнэрства”.

Беларускі кіраўнік выказаў зацікаўленасьць у праектах гэтай праграмы Эўразьвязу, старт якой заплянаваны на заўтра.

“Мы ўдзельнічаем у эўрапейскіх справах ня супраць кагосьці, а ў інтарэсах нашага народу і эканомікі”, — заявіў Аляксандар Лукашэнка.

Віктар Юшчанка адзначыў, што былі абмеркаваныя шляхі ўзаемадзеяньня дзьвюх краін у рамках “Усходняга партнэрства” і што заўтрашні праскі саміт дасьць магчымасьць выйсьці на канкрэтныя праекты.

Сярод іншага Аляксандар Лукашэнка выказаў зацікаўленасьць Беларусі ў супрацоўніцтве з Эўропай у энэргетычных і транзытных праектах. Паводле менскага палітоляга Ўладзімера Мацкевіча, менавіта праекты з энэргетычнай сфэры ў гэтай праграме прыярытэтныя. І тут місія Віктара Юшчанкі сапраўды важная, лічыць ён:

Уладзімер Мацкевіч
“Зараз, напярэдадні саміту „Ўсходняга партнэрства“, куды Аляксандар Лукашэнка ня едзе, менавіта на Юшчанку кладзецца абавязак нейкім чынам абазначыць агульныя інтарэсы і выступіць ад імя супольнасьці Беларусі з Украінай для таго, каб стварыць кардон з краінаў „Усходняга партнэрства“ і нармалізаваць дачыненьні паміж Эўразьвязам, Расеяй і транзытнымі краінамі”.

Аляксандар Лукашэнка на праскім саміце прысутнічаць ня будзе. Паводле ягонага рашэньня беларускую дэлегацыю ўзначаліць першы віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка. Украінскую дэлегацыю на праскі саміт узначаліць прэзыдэнт Віктар Юшчанка. Разам зь ім у Прагу паедзе і прэм’ер Юлія Цімашэнка.

Апрача таго, кіраўнікі Беларусі і Ўкраіны абмеркавалі гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва, а таксама намаганьні па пераадоленьні наступстваў эканамічнага крызісу. Ад пачатку году таваразварот паміж Украінай і Беларусьсю ўпаў у два разы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG