Шматкватэрны Менск супроць прыватнага

Чыноўнікі Менгарвыканкаму кажуць, што для дынамічнага разьвіцьця Менску трэба зьнесьці большую частку прыватнай забудовы гораду і на яе месцы пабудаваць сучасныя шматпавярховыя дамы.
Існуе іншае меркаваньне — што разбурэньне прыватнага сэктару, наадварот, прывядзе да сацыяльнага і культурнага крызысу сталіцы.

90% дамоў прыватнага сэктару ў Менску трэба зьнесьці, каб пасьпяхова выканаць пляны будаўніцтва сучаснага жытла і сацыяльна-пабытовых аб’ектаў. Пра гэта заявіў на міжнароднай канфэрэнцыі ў Менску Сяргей Казлоўскі, начальнік управы архітэктуры і градабудаўніцтва Менгарвыканкаму. Паводле чыноўніка, ў сталіцы трэба будаваць па 2 мільёны квадратных мэтраў жытла штогод, а зямлі пад такія аб’ёмы няма. “У нас адзіны рэсурс — выкарыстаць землі сядзібнай забудовы”, — заявіў Сяргей Казлоўскі і спаслаўся на эўрапейскія стандарты, паводле якіх ў сталіцах толькі 5% зямлі належыць прыватным сядзібам, а ў Менску ажно 25%.

Колішняя вёска Дружба (Рылаўшчына) ля сталічнага праспэкту Дзяржынскага
Ці сапраўды няма іншага выйсьця, акрамя як забраць у менчукоў сядзібныя землі і пабудаваць на іх шматпавярховыя дамы?

Гісторык архітэктуры Сяргей Хараэўскі, зьдзівіўся стандартам, на якія спасылаюцца гарадзкія ўлады. Паводле спадара Харэўскага Вільня, Варшава ды сталіцы шмат якіх іншых усходнеэўрапейскіх краін болей як на чвэрць забудаваны сядзібамі, што робіць іх вельмі прывабнымі, у тым ліку для заможных людзей з Заходняй Эўропы. Што да Менску, паводле Сяргея Харэўскага ёсьць іншыя магчымасьці вызваліць землі гораду пад сучасныя забудовы. Гэта знос “хрушчовак” — пяціпавярховых панэльных дамоў, якія пачалі будаваць з 60-ых гадоў мінулага стагодзьдзя.

Сяргей Харэўскі
“Каб на плошчы гэтых велізарных мікрараёнаў, як на вуліцы Берасьцянскай, Мендзелеева, Уральскай ды іншых знесьці гэтыя „хрушчоўкі“ і на іх месцы пабудаваць сучасныя дамы, дык можна было там пасяліць людзей у 6-7 разоў болей, як зараз жыве. Гэта было б слушнае рашэньне. Бо колькі гэтыя дамы не рамантуй, не даводзь да ладу, гэта ўсё роўна хлуд, ўсё роўна няякаснае і непрыстыжнае жыльлё”.

Паводле Сяргея Харэўскага гарадзкія ўлады мусяць прыняць праграму падтрымкі прыватнага сэктару. Найперш — палепшыць там інфраструктуру ды стымуляваць замену, альбо рамонт старых дамоў.

Васіль Шлындзікаў
Былы дырэктар станкабудаўнічага заводу імя Кірава Васіль Шлындзікаў бачыць яшчэ адзін рэсурс для разьвіцьця горада — гэта знос ці перавод за межы кальцавой дарогі старых прадпрыемстваў, як той жа завод Кірава.

“Цэлы завод стаіць на беразе Сьвіслачы. Стаяць старыя задрыпаныя карпусы, Чаго яны там дагэтуль стаяць? Проста можна знасіць ды будаваць там элітны мікрараён. Праблема ў тым, ці ёсьць на гэта фінансы. Але, мяркую, у нас асабліва няма фінансаў і на знос прыватнага сэктару. Калі ён можа яшчэ прастаяць 20-30 гадоў, то ці варта знасіць? Карацей, не ўсё гэтак адназначна”.

Паводле Васіля Шлындзікава некалькі менскіх прадпрыемстваў, прыкладам,
Большасьць станкабудаўнічых заводаў, даўно выпрацавалі свой рэсурс і падлягаюць зносу, а не пераезду на іншае месца.
большасьць станкабудаўнічых заводаў, даўно выпрацавалі свой рэсурс і падлягаюць зносу, а не пераезду на іншае месца. Тым часам ў Менгарвыканке кажуць пра неабходнасьць пераносу 200 прамысловых аб’ектаў.

Былы супрацоўнік гарадзкога камітэту архітэктуры і градабудаўніцтва Ўладзімер Папруга называе пэўны раён гораду, дзе хоць заўтра можна разгарнуць жыльлёвае будаўніцтва. Гэта сэктар на поўнач ад вуліцы Арлоўскай паміж праспэктам Пераможцаў і Даўгінаўскім трактам.

Уладзімер Папруга
“Гэта ляжыць велізарная тэрыторыя, практычна ў цэнтры Менску, якую, безумоўна, неабходна засвоіць. Там цудоўныя рэкрэацыйныя зоны, велізарны сэгмэнт, да якога нават не набліжаліся. Таму не разумею такую пазыцыю, што давайце зносіць ужо пабудаванае, калі ёсьць некранутая тэрыторыя”.

Уладзімер Папруга згадаў, што далей за гэтым раёнам знаходзіцца рэзыдэнцыя Аляксандра Лукашэнкі “Дразды” і не выключыў палітычныя прычыны таго, што гэтую тэрыторыю горад быццам не заўважае.

Прыватная сядзіба — ня толькі сьцены, якія па цагліне склаў сам гаспадар. Як зьнішчэньне прыватнага сэктару адаб’ецца на мэнталітэце менчукоў? Гісторык Тацяна Процька нарадзілася ў прыватным доме, які стаяў побач з месцам, дзе зараз зіхаціць алмаз Нацыянальнай бібліятэкі. Дом зьнесьлі, сям’ю перасялілі ў мікрараён, пра які Тацяна Процька нават ня хоча згадваць.

Тацяна Процька
“Тыя гады, што я пражыла ў Серабранцы, у маёй памяці нават не адбіліся. Хаця гэта былі мае лепшыя гады, калі я нарадзіла дзяцей, калі абараніла дысэртацыю. Але неяк гэтыя падзеі жывуць ува мне асобна ад той двухпакаёўкі, якую нават домам назваць немагчыма”.

Тацяна Процька з мужам пабудавалі свой дом у Смалявіцкім раёне і жывуць, як яны кажуць, “кожны дзень сярод кветак”. На думку спадарыні Процькі, прага да прыгажосьці мацнейшая за гарадзкія выгоды.

“Чалавек у падсьвядомасьці прагне прыгажосьці. Гэтакім яго Бог стварыў. Адчуваньне прыгажосьці ёсьць толькі ў чалавека, у жывёлін яго няма. І вось у гэтых нашых мікрараёнах, мабыць, і ёсьць нейкія выгоды, але прыгажосьці ж няма, зусім няма. Ну згадайце тую ж Серабранку”.

Некаторыя з жыхароў прыватнага сэктару згодныя перасяліцца ў сучасныя кватэры. Вялікая частка, наадварот, катэгарычна супраць і рыхтуецца да змаганьня за права застацца на зямлі, якую яны лічаць сваёй. Пра маштабы пратэстнага руху “Свабодзе” паведаміў Дзяніс Васкабовіч, чый дом на вуліцы Ўманскай плянуюць зьнесьці у бліжэйшы час.

Дзяніс Васкабовіч
“Па Маякоўскага вялікую сваволю робяць, у Серабранцы зносяць усіх каля вадасховішча, у вёсцы Дружба, дзе будуюць мікрараён. Там вельмі актыўныя жыхары. У вёсцы Сухарава людзям яшчэ летась дазвалялі будавацца, а цяпер кажуць, што будуць зносіць. Там ініцыятыўныя людзі, ужо нейкія сустрэчы праводзяць. На Аўтазаводзе зносяць быццам пад дарогу, але ёсьць меркаваньне, што пад камэрцыйнага забудоўніка. Сытуацыя вельмі напружаная, сапраўдны наступ пайшоў на прыватны сэктар. У інтэрнэце ёсьць форум на onliner.by, там можна паглядзець, што дзе адбываецца”.

Дзяніс Васкабовіч разам з бацькам змагаюцца за свой дом праз суд і праз прыцягненьне ўвагі журналістаў. Васкабовічы кажуць, што без грамадзтва ім не перамагчы.