Брытанскія вайскоўцы за мяжой могуць трапіць у сэксуальныя пасткі шпіёнак. Сярод краін з такой пагрозай – Беларусь.
Як падае інтэрнэт-выданьне mirror.co.uk, кіраўніцтва брытанскай арміі папярэдзіла сваіх вайскоўцаў, якія зьбіраюцца ў службовыя паездкі ў так званыя “гарачыя кропкі”, наконт небясьпекі трапіць у “сэксуальныя пасткі” мясцовых шпіёнак і шпіёнаў.
У сьпісе “гарачых кропак”, які падае выданьне, побач з балканскімі краінамі (Сэрбіяй, Чарнагорыяй, Босьніяй і Герцагавінай), а таксама Віетнамам і Іранам, фігуруюць Беларусь, Украіна і Расея.
Згодна з інфармацыяй брытанскіх сакрэтных службаў, у гэтых краінах мясцовыя агенты могуць выкарыстоўваць сэкс дзеля шантажу і такім чынам прымушаць брытанскіх вайскоўцаў здрадзіць радзіме.
Кіраўніцтва брытанскай арміі патрабуе ад вайскоўцаў, якія апынуцца ў такіх рызыкоўных краінах, паведамляць пра кожны сэксуальны кантакт. Як сказала mirror.co.uk крыніца ў брытанскай выведцы, “усе салдаты, маракі і лётчыкі павінны быць вельмі асьцярожнымі”.