І. Халіп атрымала ўзнагароду “За мужнасьць у журналістыцы”

Міжнародны фонд жанчын у СМІ ў намінацыі “За мужнасьць у журналістыцы” ўзнагародзіў радыёрэпарцёра з Камэруну Агнэс Тайе, журналістку зь Ірану Джыле Баньягуб і беларускую журналістку Ірыну Халіп.
У прэсавым рэлізе фонду гаворыцца:

“Ірына Халіп – журналіст і рэдактар менскага бюро расейскай “Новой газеты”. Больш за 15 гадоў Ірына працуе журналістам у Беларусі, дзе становішча журналістаў адно з самых цяжкіх у сьвеце. Яна працавала ў шэрагу выданьняў, якія адно за адным былі зачыненыя ўладамі. Ірына Халіп неаднойчы арыштоўвалася і была зьбітая міліцыяй, якая трымае яе пад пільным наглядам”.

У прэс рэлізе прыгадваецца, што Ірына працуе ў “Новой газете”, журналістка якой Анна Паліткоўская ў 2002 годзе таксама атрымала ўзнагароду “За мужнасьць” і была забітая ў 2006 годзе.

Узнагароды фонду жанчын у журналістыцы былі заснаваныя ў 1990 годзе, яны прысуджаюцца ў дзьвюх намінацыях “За мужнасьць у журналістыцы” і “За посьпехі на працягу ўсёй кар’еры”. Цырымонія ўрэчэньня ўзнагародаў адбудуцца сёлета ў кастрычніку ў Нью-Ёрку і Лос-Анджэлесе.

Пра сваю ўзнагароду Ірына Халіп сказала нашаму Радыё:

СЛУХАЦЬ:


Халіп: Маё першае пачуцьцё – гэта, вядома ж, гонар. Гэтую прэмію атрымліваюць журналісткі, якія рызыкуюць жыцьцём кожны дзень, і зь якімі мне заўсёды было і будзе прыемна знаходзіцца ў адной кампаніі. Прыклад – Анна Паліткоўская, мая калега па "Новой газете" , якая загінула тры гады таму. На цырымоніі ўручэньня ўзнагароды я зьбіраюся сказаць пра агульную праблему, якая аб'ядноўвае нас – жанчын-журналістак, якія атрымлівалі гэтую ўзнагароду, пачынаючы з 90-га году. Я праглядзела сьпіс – гэта ўсё журналісткі з краінаў, дзе вельмі лёгка зачыніць газэту рашэньнем ўраду ці загадам лідэра дзяржавы, дзе лёгка пасадзіць журналіста ў турму, дзе лёгка забіць журналіста.

Мне здаецца, што самае цяжкае ў нашай прафэсіі – гэта ня рызыка. Рызыка – гэта лягчэй. Цяжэй, калі закрываюць тваю газэту, і ты страчваеш сувязь з тымі, для каго ты працуеш. Можна рызыкаваць і ведаць, што твая інфармацыя, тое, што ты напішаш і зробіш, усё ж дойдзе да чытача і слухача. А калі ты ня ведаеш, што будзе з тваёй працай заўтра, калі ты ня ведаеш, ці зможаш ты надрукаваць тое, што ты хочаш сказаць, калі ў цябе няма доступу да аўдыторыі ў сваёй уласнай краіне – гэта перажыць нашмат цяжэй, чым проста прафэсійную рызыку.