Пераможца “Эўрабачаньня 2009” Аляксандар Рыбак сёньня вярнуўся ў Нарвэгію. Як паведамляюць нарвэскія мэдыі, у аэрапорце Осла яго сустрэлі тысячы фанатаў.
“Неверагодна”, — сказаў журналістам 23-гадовы юнак. — “Я думаў, будзе максымум 20—30”.
Як пішуць нарвэскія СМІ, згодна з рашэньнем ослаўскай мэрыі “Казка” Рыбака гучала ўчора, у дзень нацыянальнага сьвята Нарвэгіі, на ратушнай плошчы сталіцы.
Гэтая мэлёдыя будзе гучаць і бліжэйшыя дні. У тым ліку ў невялікім нарвэскім гарадку Нэсадэн каля Осла, дзе зь пяцігадовага ўзросту разам з бацькамі Натальляй і Ігарам Рыбакамі жыве Саша. А 12-й, 16-й і 20-й гадзіне мэлёдыю будзе граць ратушны гадзіньнік.
Паводле выданьня Dagbladet, некаторыя фанаты Рыбака прапанавалі нават зрабіць з “Казкі” нацыянальны гімн краіны.
Нацыянальнае сьвята Нарвэгіі — Дзень Канстытуцыі Аляксандар Рыбак сустрэў учора ў нарвэскай амбасадзе ў Маскве. Тут у гонар пераможцы Эўрабачаньня арганізавалі адмысловы прыём, на які былі запрошаныя і бацькі сьпевака, музыканты Натальля і Ігар Рыбакі.
Як заявіла на прыёме кіраўніцтва нарвэскай дыпмісіі, “перамога Аляксандра Рыбака стала своеасаблівым мостам паміж Нарвэгіяй, Беларусьсю і Расеяй”.
Адзінае, пра што шкадаваў Аляксандар, — што побач не было яго менскай бабулі. Прыехаць у Маскву ёй не дазволіла здароўе.
Як піша “Комсомольская правда”, 77-гадовая Зінаіда Гурына перанесла дзьве апэрацыі на сэрцы. У дзень фіналу ціск у яе падскочыў да 180.
Зінаіда Гурына мяркуе пазьней павіншаваць Сашу ўжо ў яго дома ў Нарвэгіі. А пакуль што кажа:
“Сёньня я жадаю ўнуку не захварэць на зорную хваробу. Хачу, каб ён заставаўся сумленным і надзейным. Каб быў разам са сваімі сябрамі, заставаўся такім жа, як і раней, уважлівым ды пяшчотным.
Калісьці я лічыла, што яму лепш займацца клясычнай музыкай і што гэты занятак не для яго. Аднак ён усё ж захацеў паспрабаваць — і малайчына, што дамогся свайго!”