Актывісты “Маладога фронту” не выключаюць, што напярэдадні маршу “За незалежнасьць”, які мае адбыцца 14 траўня, могуць распачацца затрыманьні. Трое актывістаў арганізацыі ў Салігорску і адзін у Баранавічах чакаюць суду паводле адміністрацыйных справаў
Маладафронтаўцы зь менскай арганізацыі і з рэгіёнаў рыхтуюцца да маршу “За незалежнасьць”, заплянаванага на 14 траўня. Маладыя людзі прызначылі збор удзельнікаў на Кастрычніцкай плошчы на 6 вечара.
Тыя сябры “Маладога фронту”, якія трымаюць галадоўку салідарнасьці зь Мікалаем Аўтуховічам, таксама возьмуць удзел у акцыі. Сярод іх Ільля Нагорны. 12 траўня ў Салігорскім гарадзкім судзе будуць разглядаць ягоную адміністрацыйную справу.
Ільля разам са сваімі паплечнікамі ўдзельнічаў у пікеце пад лёзунгам “Школа для ўсіх!” на знак салідарнасьці з кіраўніком салігорскай філіі “Маладога фронту” Іванам Шылам.
Міліцыянты затрымалі пяць актывістаў. Непаўналетніх адпусьцілі, а на Крысьціну Самойлаву, Глеба Сноркіна і Ільлю Нагорнага склалі пратаколы, абвінаваціўшы іх ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікеце.
Крысьціна Самойлава не выключае, што яе разам зь сябрамі ізалююць на час правядзеньня шэсьця.
“Цалкам магчыма, што нам дадуць суткі, бо ў чацьвер будзе марш маладафронтаўскі і ўлады паспрабуюць прадухіліць нашу паездку ў Менск. Мы заўсёды імкнемся як мага болей людзей прывезьці ў Менск з Салігорску, але супрацоўнікі міліцыі робяць усё магчымае, каб ня даць нам туды паехаць.
Яны выклікаюць нас у міліцыю з розных прыдуманых прычынаў, выклікаюць у райвыканкам, пракуратуру, не даюць папросту выйсьці з кватэры і г.д.”
Арцём Дубскі таксама трымае галадоўку. Хлопец 10 траўня наведаў сваю маці ў Асіповічах. Яго разам зь сяброўкай, непаўналетняй Тацянай Касінчук, міліцыянты затрымалі на вуліцы. У пастарунку яны патлумачылі, што Арцёма падазраюць у нанясеньні на сьцены надпісаў “Свабоду палітвязьням!”.
Тацяну адпусьцілі, а на Арцёма склалі пратакол за дробнае хуліганства.
Арцёма Дубскага таксама будуць судзіць 12 траўня.
Хлопец выказаў сваё меркаваньне наконт магчымага прысуду:
“Спадзяюся, што ўсё абыдзецца штрафам, але не выключаю, што мяне могуць “закрыць” на суткі. Нашы міліцыянты добра ведаюць, што я зьбіраюся на марш “За незалежнасьць”.
Тут і галадоўка, і акцыя — марш “За незалежнасьць”, і акцыя салідарнасьці 16-га. У такім выпадку яны, каб перастрахавацца, могуць ізаляваць мяне, пасадзіўшы на суткі”.
Намесьніца лідэра “Маладога фронту” Наста Палажанка лічыць, што цягам апошніх двух сутак міліцыянты ў рэгіёнах і ў Менску паспрабуюць затрымаць моладзевых актывістаў, каб пазбавіць іх магчымасьці ўдзельнічаць у вулічнай акцыі.
“Безумоўна, мы не выключаем таго, што могуць адбыцца прэвэнтыўныя затрыманьні. Мы паразмаўлялі з нашымі актывістамі, каб нашы лідэры азіраліся вакол сябе, і пастараліся зрабіць усё, каб прыйсьці на марш, а не знаходзіцца ў гэты час у мясцовых РУУС і пастарунках”.
Маладафронтаўскую акцыю падтрымала “Эўрапейская кааліцыя”, а таксама шэраг моладзевых арганізацый і рухаў.
14 траўня а 6 вечара пачнецца збор удзельнікаў маршу “За незалежнасьць” на Кастрычніцкай плошчы.