Стан свабоды друку ў сьвеце – найгоршы за апошнія больш чым 10 гадоў

Толькі адзін з шасьці жыхароў Зямлі жыве ў краіне, дзе СМІ свабодныя і незалежныя. Такая выснова зробленая ў сёлетнім штогадовым дакладзе арганізацыі Freedom House, які быў абнародаваны сёньня ў Вашынгтоне.

У дакладзе "Свабода прэсы 2011: Глябальны агляд незалежнасьці СМІ" адзначаецца "значнае зьмяншэньне свабоды прэсы" за мінулы год у шэрагу краін, уключаючы Эгіпет, Вугоршчыну, Мэксыку, Турцыю і Ўкраіну.

Беларусь фігуруе сярод краін, дзе стан свабодных мэдыяў найгоршы, акрамя яе ў дзясятку найгоршых уваходзяць Туркменістан, Узьбекістан, Іран, Бірма, Куба, Экватарыяльная Гвінея, Эрытрэя, Лібія і Паўночная Карэя.

У гэтых дзяржавах, гаворыцца ў дакладзе Freedom House, "незалежныя СМІ альбо не існуюць альбо ледзь могуць дзейнічаць, прэса зьяўляецца рупарам рэжыму, доступ грамадзян да аб'ектыўнай інфармацыі строга абмежаваны, а іншадумства здушанае пры дапамозе турмаў, катаваньняў і іншых формаў рэпрэсій".

63 краіны атрымалі ацэнку "несвабодных" у 2010 годзе, у тым ліку Расея, Казахстан, Армэнія, Пакістан, Кіргізстан, Таджыкістан і Афганістан.

У склад "часткова свабодных" патрапілі 65 краінаў, у тым ліку Сэрбія, Чарнагорыя, Харватыя, Румынія, Босьнія і Герцагавіна, Македонія, Косава, Малдова і Ўкраіна.

З 196 краін і тэрыторый прэса толькі 68 зь іх была прызнаная "свабоднай".

У рэгіёне Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы і ў СНД 56% людзей жывуць у краінах, дзе друк несвабодны, 26% - ва ўмовах часткова свабоднага друку і 18 % - у краінах, дзе друк свабодны.