Эўрадэпутат Марэк Мігальскі узяў «шэфства» над Зьмітром Бандарэнкам

Марэк Мігальскі, дэпутат Эўрапейскага парлямэнту ад Польшчы, прадстаўнік дэлегацыі Эўрапарлямэнту па дачыненьнях зь Беларусьсю, узяў "шэфства" над палітзьняволеным Зьмітром Бандарэнкам у рамках кампаніі праваабарончай арганізацыі Libereco.

Абвяшчаючы пра сваё рашэньне, Марэк Мігальскі сказаў:

Марэк Мігальскі
x
Марэк Мігальскі
"Я б хацеў выказаць маю рашучую падтрымку аднаму з палітвязьняў, Змітру Бандарэнку, якога прысудзілі да двух гадоў калёніі за ўдзел у дэманстрацыі пратэсту супраць сфальсыфікаваных вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году. Я захапляюся яго мужнасьцю і яго дзейнасьцю. Зьміцер Бандарэнка змагаўся з рэжымам на працягу доўгага часу; падчас выбараў 2010 году ён быў каардынатарам кампаніі «Эўрапейская Беларусь» і даверанай асобай кандыдата Андрэя Саньнікава. Суд над Зьмітром Бандарэнкам не адпавядаў дэмакратычным стандартам. Відавочна, што прысуд суду палітычна матываваны. Я настойліва заклікаю ўлады Беларусі зьняць абвінавачаньні са Зьмітра Бандарэнкі і патрабую яго вызваленьня".

Кампанія «Шэфства над палітвязьнямі» была ініцыяваная праваабарончай арганізацыяй Libereco – Partnership for Human Rights для падтрымкі беларускіх палітзьняволеных і іх сем'яў.

Раней на гэтым тыдні дэпутат Бундэстагу ад фракцыі зялёных, каардынатар у пытаньнях Усходняй Эўропы Марылюіза Бэк узяла шэфства над былым кандыдатам на прэзыдэнцкіх выбарах Андрэем Саньнікавым.

Мэта Libereco — каб кожны палітвязень у Беларусь атрымаў такую маральную ды палітычную шэфскую падтрымку з боку нямецкіх парлямэнтароў.

Як паведамілі "Свабодзе" ў бюро Марылюізы Бэк, жаданьне падтрымаць беларускіх палітвязьняў маюць прадстаўнікі амаль усіх фракцыяў Бундэстагу.