Януковіч і Мядзьведзеў сустрэліся ў Чарнобылі без Лукашэнкі

У 25-ю гадавіну Чарнобыльскай катастрофы кіраўнікі Ўкраіны і Расеі сустрэліся на тэрыторыі АЭС.

Яны наведалі Чарнобыльскі храм Сьвятога Ільлі. Гэта адзіная царква, якая дзейнічае ў Чарнобылі ў зоне адчужэньня. Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл адслужыў у храме кароткі велікодны малебен. На набажэнстве таксама прысутнічаў мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Ўкраіны Уладзімір.

Кірыл асьвяціў званіцу храма, пасьля чаго прэзыдэнты разам з кіраўнікамі ўкраінскай і рускай цэркваў ударылі ў звон.

Пасьля гэтага Януковіч і Мядзьведзеў наведалі мэмарыяльны комплекс "Зорка Палын". Кіраўнікі дзьвюх дзяржаваў усклалі кветкі да мэмарыяла ліквідатарам катастрофы на ЧАЭС.

Мэмарыял разьмешчаны на пляцоўцы перад будынкам АЭС, ён уяўляе сабой комплекс пліт з чырвонага граніту, на якіх высечаныя прозьвішчы 28 загіблых і памерлых удзельнікаў ліквідацыі аварыі ў 1986 годзе, якія пахаваныя на Міцінскіх могілках у Маскве.

Віктар Януковіч
пры гэтым сказаў

«Мы ўсе схіляем галовы перад памяцьцю тых, хто ратаваў нас і ратаваў чалавецтва».

Януковіч і Мядзьведзеў таксама заклалі нарожны камень у падмурак будучага помніка ліквідатарам наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Падчас наведваньня Чарнобыля прэзыдэнт Расеі выказаўся за падрыхтоўку новых міжнародных канвэнцый па прадухіленьні глябальных катастроф, у прыватнасьці, у сфэры атамнай энэргіі:

«Я сёньня накіраваў нашым партнэрам у іншых краінах, у тым ліку ў СНД, прапановы па забесьпячэньні належнага разьвіцьця ядзернай энэргетыкі ў сьвеце, у тым ліку па прадухіленьні глябальных катастрафічных наступстваў», - заявіў ён.

Адзін з урокаў катастрофы кіраўнік Расеі сфармуляваў наступным чынам:

«Абавязак дзяржавы палягае ў тым, каб казаць людзям праўду. Трэба прызнацца, што дзяржава не заўсёды паводзіла сябе правільна. І каб гэтая трагедыя не паўтаралася, мы павінны быць шчырымі, даваць дакладную інфармацыю пра тое, што адбываецца, дзе б што ні адбывалася».

Віктар Януковіч падзякаваў Расеі за фінансавы ўнёсак 45 мільёнаў эўра на працы па ўмацаваньні саркафагу над 4-м блёкам Чарнобыльскай АЭС. Украінскі лідэр, прыгадваючы таксама аварыю на Фукусіме, сказаў:

«Сёньня ўвесь сьвет пераканаўся ў тым, што немагчыма з такімі катастрофамі змагацца ніводнай краіне ў адзіночку».

Януковіч вітаў праект стварэньня на Чарнобыльскай АЭС дасьледнага цэнтру па барацьбе зь ядзернымі і тэхнагеннымі катастрофамі. Рашэньне аб стварэньні цэнтру было прынятае на канфэрэнцыі краін-донараў у Кіеве 19 красавіка.

На гэтую канфэрэнцыю запрашаўся прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка, аднак прэзыдэнт Эўракамісіі Жазэ Барозу, таксама запрошаны на яе, заявіў, што не паедзе, калі на ёй будзе прысутнічаць беларускі прэзыдэнт. Барозу на канфэрэнцыі быў, Лукашэнка на яе не паехаў.

Не паехаў беларускі кіраўнік і на сёньняшнюю сустрэчу ў Чарнобылі, хаця і быў запрошаны. Учора прэсавы сакратар Лукашэнкі Павал Лёгкі паведаміў, што 26 красавіка прэзыдэнт будзе ў паездцы па Гомельшчыне.