Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.
Эфір 6 траўня 2009 году
Звычайна кіраўнікоў дзяржаў падчас афіцыйных візытаў суправаджаюць іхныя законныя жонкі. У Беларусі запачаткавана іншая завядзёнка. Прэзыдэнт краіны зь нядаўняга часу бярэ ў блізкія і далёкія паездкі свайго пазашлюбнага сына Мікалая, пра існаваньне якога беларускае грамадзтва даведалася летась.
Лёс 5-гадовага Колі Лукашэнкі, пра якога прэзыдэнт ці то жартам, ці то ўсур’ёз ня раз згадваў як пра свайго пераемніка — папулярная тэма і ў мэдыях, і ў лістах нашых слухачоў.
Уласнымі думкамі наконт лёсу дзяцей, набліжаных да ўладных асобаў, дзеліцца ў сваім новым лісьце на “Свабоду” наш даўні сябар Кастусь Сырэль з Ушачаў. Ён піша:
“Пагартаўшы старонкі гісторыі, можна прыйсьці да высновы, што лёс такіх дзяцей часта вельмі незайздросны. Калі азірнуцца ў мінулае, то Аляксандар Рыгоравіч — не адзіны, хто водзіць і вадзіў малалетняга сына на дыпляматычныя прыёмы. Напрыклад, Барыс Гадуноў, які быў фактычным кіраўніком дзяржавы яшчэ да свайго вянчаньня на царства, прадбачліва прымушаў малалетняга сына браць удзел у прыёмах замежных паслоў, стараючыся паказаць у ім нашчадка сваёй улады. У гэты ж самы час малодшы сын Івана Жахлівага Дзімітры быў сасланы ў горад Угліч, дзе і загінуў пры загадкавых абставінах — нібыта падчас гульні сам упаў на нож. Цёмная справа.
Сын Барыса Гадунова Фёдар ненадоўга перажыў свайго “канкурэнта” — ён прыняў гвалтоўную сьмерць разам з матуляй.
Незайздросны лёс напаткаў сына Ілжэдзімітрыя ІІ і Марыны Мнішак — удавы Ілжэдзімітрыя І. Ён быў павешаны ў чатырохгадовым узросьце.
Надзвычай уражвае і жыцьцё малавядомага расейскага імпэратара Івана VІ Антонавіча. Пасьля сьмерці імпэратрыцы Анны Іаанаўны ва ўзросьце двух месяцаў (!) Іван VІ быў абвешчаны імпэратарам пад рэгенцтвам спачатку Бірона, а потым — сваёй маці Анны Леапольдаўны.
А калі ўладу гвалтоўна захапіла Лізавета Пятроўна, дачка Пятра І, то загадала арыштаваць Івана VІ разам зь сям’ёй. Атрымліваецца, што Іван VІ зрабіўся вязьнем, калі яму не было і паўтара гады. 12 год Іван заставаўся ў поўным адзіночным зьняволеньні. Ахове быў дадзены загад неадкладна забіць важнага арыштанта, калі хто паспрабуе яго вызваліць. Што і было зроблена ў Шлісэльбургу ў 1764 годзе, ужо пры Кацярыне ІІ.
Мне могуць запярэчыць: маўляў, мы жывём ня ў той час, цяпер людзі больш цывілізаваныя, у нас нібыта дэмакратыя. Пачакайце, шаноўнае спадарства. Канечне, Дзімітры Мядзьведзеў, напрыклад, не аддасьць сёньня загаду арыштаваць сотню апрычнікаў (= батальён спэцназу), на Чырвонай плошчы паадсякаць усім галовы, а іхніх жонак і дзяцей утапіць у Маскве-рацэ. Але, даруйце за калямбур, і Іван Жахлівы жахнуўся б ад таго, што рабілася ў сьвеце на працягу ХХ стагодзьдзя і робіцца сёньня. Наўрад ці людзі сталі дабрэйшымі за апошнія стагодзьдзі.
Таму я вельмі спачуваю маленькаму хлопчыку Міколку, якому выпала горкая доля быць сынам прэзыдэнта, ды яшчэ такога (як бы гэта сказаць мякчэй) эксцэнтрычнага”.
І ўсё ж, спадар Кастусь, тое, што было натуральным чатырыста, трыста, нават сто год таму — сёньня ў Эўропе выглядае атавізмам, анамаліяй. Абсалютныя манархіі, дынастычная зьмена ўлады, вянчаньне на царскі ці каралеўскі пасад у юным узросьце — усё гэта ў эўрапейскіх краінах засталося ў мінулым. У некаторых дзяржавах манархіі захаваліся, але самі каранаваныя асобы ператварыліся ў чыста дэкаратыўныя фігуры, якія ня маюць рэальнай улады. (Згадайма прыклады Вялікай Брытаніі, Гішпаніі, скандынаўскіх краін).
У азіяцкай частцы сьвету, якая жыве паводле іншых нормаў ды іншага гістарычнага календара, некаторыя аўтарытарныя лідэры спрабуюць запачаткаваць новыя дынастыі — ужо не манархічныя, а пад флёрам псэўдадэмакратыі і псэўдавыбараў. Так у Паўночнай Карэі зьявілася дынастыя прэзыдэнтаў Кімаў, у Сырыі — Асадаў, а ў Азэрбайджане — Аліевых. Магчыма, менавіта на іх арыентуецца Аляксандар Лукашэнка, беручы на важныя міждзяржаўныя перамовы і візыты свайго малога Міколку.
Аўтар наступнага ліста — Разалія Рубінчык зь Менску — разважае пра тое, чаму дзень 26 красавіка ў Беларусі не абвешчаны Днём жалобы і памяці і чаму беларускія ўлады вырашылі будаваць уласную атамную электрастанцыю. Слухачка піша:
“Падобна да таго, што нашай уладзе вельмі хочацца, каб мы хутчэй забылі пра тое, што адбылося ў 86-м годзе. І ці не таму беларусам прапануюць будаўніцтва новай АЭС — сьцьвярджаючы пры гэтым, што народ такую будоўлю ўхваляе? Але хіба ў Беларусі праводзілі наконт гэтага рэфэрэндум? І адкуль узялася лічба 60 працэнтаў падтрымкі, якую агучыў прэзыдэнт? У той жа час ён сам зусім слушна сьцьвярджаў нядаўна, што адсутнасьць памяці вядзе да таго, што гісторыя можа паўтарыцца. Дык чаму ён супярэчыць сам сабе? Вось і атрымліваецца: у дзень трагедыі ў нас не жалоба, а забавы і адпачынак. Сьпявачка Ані Лорак дае ў гэты дзень свой сольны канцэрт у Палацы рэспублікі. Працуюць усе забаўляльныя ўстановы, а па тэлебачаньні трансьлююцца камэдыйныя сэрыялы. Хто мы пасьля гэтага, калі не манкурты?”
Нагадаю, спадарыня Рубінчык, што 26 красавіка ўсё ж знайшліся людзі, якія выйшлі на вуліцы Менску, каб нагадаць і ўладзе, і грамадзтву пра чарнобыльскую трагедыю і пра адказнасьць перад наступнымі пакаленьнямі. Але было такіх людзей усяго некалькі соцень — заўважна меней, чым усе мінулыя 23 гады пасьля чарнобыльскага выбуху.
У другой частцы нашай перадачы — кароткія допісы, у якіх слухачы “Свабоды” выказваюць прэтэнзіі, падзякі, пажаданьні.
Іван Савіч са Сьветлагорску паведамляе, што расчараваўся ва ўсіх сродках масавай інфармацыі. Ён піша:
“Як жа надакучылі радыё і тэлебачаньне са сваёй палітыкай. І ты, “Свабода”, туды ж! Няўжо няма больш пра што гаварыць? Толькі і чуеш: “Лукашэнка, Лукашэнка...” Немагчыма. Усё, больш і вас ня слухаю”.
Ня слухаеце, спадар Савіч, а лісты ўсё ж пішаце... Вядома, ад размоў пра палітыку стамляюцца часам нават самі палітыкі. Але ў такім выпадку ў нашым эфіры ня так цяжка знайсьці тыя перадачы, дзе прозьвішча “Лукашэнка” ўвогуле ня згадваецца.
Міхась Маліноўскі з Баранавічаў — у ліку тых нашых актыўных слухачоў, каму мы нядаўна даслалі рэклямныя каляндарыкі з новым летнім раскладам перадач. Слухач піша:
“Дзякую вам за каляндарыкі і паведамляю, што ўсе яны адразу ж разышліся сярод маіх паплечнікаў”.
Ліст-падзяку даслалі нам таксама Маргарыта і Руслан Бацянковы зь Менску. Яны пішуць:
“Новыя каляндарыкі “Свабоды” вельмі спадабаліся: прывабныя вонкава, зручныя ў карыстаньні. Але камусьці іх даць не атрымалася, бо каляндарыкаў толькі чатыры. Адным словам, падзялілі паміж сабой (зь вялікай удзячнасьцю да вас).
Дзякуй за вашу працу, за сувязь з намі, слухачамі, за вашу шчырасьць. За імкненьне рабіць сваю працу яшчэ лепш, за пошукі новых і новых падыходаў у раскрыцьці розных тэм нашага жыцьця”.
Дзякуй і вам, шаноўныя сябры, за гэтыя цёплыя словы на адрас Свабоды.
Ліст з каляндарыкамі атрымаў ад нас і Алесь Новікаў (Каралёў) зь вёскі Бердаўка Наваградзкага раёну. У сваім лісьце ў адказ слухач піша:
“Я цяпер далёка ад сваёй хаты, працую на дзялянцы ў прыватніка. Вось так вымушаны зарабляць на жыцьцё паэты наваградзкай зямлі. Хваліцца асабліва няма чым. Жывём — як жывецца, адным днём і ночкай. Бо, як кажуць, “у паэта ў кармане — вош на аркане”. Так было заўсёды, а пра цяперашні час няма што і казаць. Жыцьцё спартанскае, але мы, сябры Радыё Свабода з нашай Ацьмінаўскай акругі, — аптымісты па жыцьці. Быць аптымістамі дапамагаеш ты, “Свабода”. А слухачоў тваіх з кожным годам становіцца больш. Радуе тое, што слухаць цябе пачынаюць і зусім юныя — 15—16-гадовыя школьнікі. Гэта ім я аддаў апошнія каляндарыкі з новымі хвалямі “Свабоды”.
Мы вельмі ўдзячныя вам, спадар Новікаў, за добрыя навіны. Прыкра, вядома, што ў паэтаў наваградзкай зямлі нялёгкая доля. Ну, але калі такому гіганту, як Адам Міцкевіч, давялося дзесяцігодзьдзямі на чужыне нялёгкай працай здабываць свой хлеб, то што ўжо казаць пра іншых... Такое ўжо, відаць, у іх, паэтаў, пакліканьне. Калі вершаскладальнік не прыслужвае ўладзе ды ня славіць яе сваімі хваласьпевамі — рэдка яму ўдаецца заможна жыць са сваіх вершаў.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by