Дасьведчаныя апазыцыянэры кажуць: галадоўка мусіць праводзіцца паводле пэўных правілаў, сярод якіх – спрыяльныя ўмовы. Дык у якіх умовах праходзіць галадоўка салідарнасьці, якую трымаюць актывісты “Маладога фронту” ў штаб-кватэры БНФ?
Шмат разоў быў у штаб-кватэры БНФ на прэсавых канфэрэнцыях і не заўважаў, што паміж заляй паседжаньняў і ўваходам ёсьць пакой з адным вакном. Тут і разьмясьціліся чацьвёра маладафронтаўцаў, якія абвесьцілі галадоўку салідарнасьці з Мікалаем Аўтуховічам, Юрыем Лявонавым і Ўладзімерам Асіпенкам. Уваходжу і адразу бачу на сьцяне вялікі плякат “ГАЛАДОЎКА”. Пад ім на расьсьцеленых на поле коўдрах сядзяць Наста Палажанка і Андрэй Кім, а бліжэй да мяне разьмясьціўся юнак, чые прозьвішча я не ведаў. Зьвяртаюся да яго.
“Мяне клічуць Андрэй Цянюта, я маладафронтавец з Гомеля. Вырашыў падтрымаць Аўтуховіча, бо ён зараз на мяжы жыцьця. Наш маральны абавязак яго падтрымаць і прыцягнуць увагу грамадзкасьці да яго справы” .
Андрусь трэці раз ў жыцьці трымае галадоўку – раней гэтак пратэставаў супроць свайго затрыманьня пасьля палітычных акцый. Ад учорашняга дня Андрусь пачаў і ўдзень укрывацца коўдрай. Юнак кажа, што трэба захоўваць цяпло, бо гэтак лягчэй пераносіць галадоўку.
За кампутарам бачу Арцёма Дубскага, актывіста з Асіповічаў, які яшчэ тры тыдні таму быў за кратамі. Расказваючы пра ўмовы галадоўкі, Арцём не абыходзіцца без жартаў.
“Тут умовы дастаткова спрыяльныя. Бачыце, мы зрабілі такі ляжак, даволі мяккі. Ёсьць вада, сонца за бортам, добрая кампанія. Мяркую, мы пратрымаемся. Час бавім тым, што заходзім у інтэрнэт, чытаем, глядзім мульцікі, сьпісываемся са знаёмымі. Да нас прыходзяць сюды людзі, вітаюць нас, падтрымліваюць”.
Маладафронтавец Мікола Дземідзенка ў панядзелак быў затрыманы на Кастрычніцкай плошчы падчас ланцугу салідарнасьці. Сёньня на плошчу галадоўнік не пайшоў, відаць, вырашыў не рызыкаваць. Мікола Дземідзенка ня ведае, калі скончыцца гэтая галадоўка.
“Мы вырашылі, што галадаваць будзем не да пэўнага тэрміну, а пакуль ня вываляць Аўтуховіча. І яшчэ мы будзем арыентавацца на тое, як пачуваецца сам Мікалай. Пакуль ён галадуе, мы таксама будзем галадаваць і выказваць нашу зь ім салідарнасьць”.
Наста Палажанка адарвалася на хвіліну ад інтэрнэту, дзе чытала матэрыялы “Радыё Свабода”, і адказала на пытаньне пра тое, хто далучыцца да галадоўкі.
“Так, у аўторак гэта Скрабец Яўген, у сераду Эніра Браніцкая і, магчыма, Сяргей Скрабец. Абяцаў падыйсьці Аляксандр Казулін. Спадзяемся і на падтрымку простых грамадзянаў. Заўважу, што маладафронтаўцы не займаюцца толькі галадоўкай, а рыхтуюць таксама іншыя акцыі. Галоўная зь іх наперадзе – гэта марш незалежнасьці, які прызначаны на 14 траўня”.