Папа Рымскі і Прэзыдэнт Беларусі ў Рыме: некананічныя сустрэчы з сумнеўным пратаколам і расейскім букваром. Ці разбураны вобраз апошняга дыктатара Эўропы? Ўсходняе Партнэрства і Беларусь: загадкі, праблемы і спадзевы улады і апазыцыі.
Гэтыя тэмы ў чарговым “Тыдні з Радыё Свабода” абмяркоўваюць: кіраўнік беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук, і супрацоўнікі службы: Сяргей Абламейка, Юры Дракахруст, Ян Максімюк і Сяргей Навумчык
Свабода на Белсаце, 02.05.2009. Частка 1
Лукашук: Хіба не галоўнай палітычнай сэнсацыяй тыдня стаў візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Італію – у Рым , а таксама ў Ватыкан, сустрэча з папам рымскім Бенэдыктам XVI і з прэм'ер-міністарам Італіі. У чым значэньне гэтага візыту для Беларусі як дзяржавы, дзе каталіцызм зьяўляецца другой паводле масавасьці канфэсіяй?
Абламейка: На маю думку, вынікі будуць і немалыя. Найперш трэба зьвярнуць увагу на некалькі малапрыкметных акалічнасьцяў. Некалі, у 90-я гады пасаду прадстаўніка Беларусі ў Ватыкане спалучалі з пасадай пасла ў Швэйцарыі. Цяпер у Беларусі асобны пасол у Ватыкане – Сяргей Алейнік. Мінулай восеньню, адразу пасьля візыту ў Беларусі дзяржаўнага сакратара Ватыкану Тарчызыё Бэртонэ статус Сяргея Алейніка быў падвышаны да намесьніка міністра замежных спраў. Гэта беспрэцэдэнтная сытуацыя, каб пасол нейкай краіны ў Ватыкане быў намесьнікам міністра. Гэта паказвае, якую ролю дачыненьням з Ватыканам надае Аляксандар Лукашэнка.
Адразу пасьля сустрэчы Лукашэнкі з папам Сяргей Алейнік заявіў, што паміж Беларусьсю і Ватыканам будзе падпісаны канкардат. Гэта посьпех Каталіцкай царквы, бо Ватыкан заўсёды імкнецца падпісаць зь нейкай дзяржавай канкардат, каб гарантаваць правы сваіх вернікаў. І далёка не з усімі краінамі, дзе ёсьць католікі, канкардаты падпісаныя.
Католікі ў Беларусі, нягледзячы на аптымістычныя заявы ўладаў, пакуль ня маюць роўных правоў з праваслаўнымі. За апошнія 20 гадоў яны атрымалі дазвол пабудаваць у Менску толькі адзін храм. Праваслаўныя, як вядома, пабудавалі або будуюць каля 20 цэркваў.
Ну а грэка-католікі наогул ня могуць за 20 гадоў з часу свайго выхаду з падпольля пабудаваць ніводнага храму – ні ў Менску, ні па-за яго межамі.
Важна таксама разумець, што для Аляксандра Лукашэнкі важныя асабістыя дачыненьні зь нейкімі пэрсонамі. І калі мы кажам, што праваслаўным шмат дазволена, дык насамрэч гэта азначае, што шмат дазволена мітрапаліту Філарэту. Магчыма, што пасьля такога прарыву ў дачыненьнях з Ватыканам нешта будзе дазволена і мітрапаліту Кандрусевічу.
Лукашук: Ян, а якімі, на Ваш погляд, будуць палітычныя наступствы гэтага візыту?
Максімюк: Гэта быў вялікі прапагандысцкі выйгрыш для Аляксандра Лукашэнкі. Пра ягоную сустрэчу з папам паведамілі ўсё вядучыя эўрапейскія і сусьветныя тэлеканалы. У гэтым сэнсе Беларусь сапраўды вярнулася ў Эўропу — у мэдыяльную Эўропу, і вярнулася з даволі пазытыўнай мэдыяльнай карцінкай. Раней, калі эўрапейскія тэлеканалы паказвалі нешта зь Беларусі, былі гэта або разгоны дэманстрацый, або нейкі сюжэт пра газавую вайну з Расеяй.
А калі браць пад увагу чыста палітычныя вынікі візыту, дык яны былі сьціплыя, чаго і належала спадзявацца. Было афіцыйна заяўлена, што абодва бакі ўкладуць і падпішуць дамову аб супрацоўніцтве ў сфэры культуры і навукі. І гэта ўсё. А беларускі бок неафіцыйна зрабіў заяву, што абодва бакі могуць таксама заняцца падрыхтоўкай канкардату. Я пра гэта згадваў у нашай папярэдняй перадачы — у сэнсе, што папа можа закрануць гэтую тэму з Лукашэнкам. Я думаю, маўчаньне Ватыкану ў гэтай справе пасьля візыту невыпадковае. Канкардат — гэта вельмі сур’ёзная дамова, якая шмат да чаго можа Беларусь абавязаць, а таму тут загадзя нішто яшчэ зь Менскам ня вырашана.
Лукашук: Давайце вернемся да самога візыту ў Ватыкан, да той акалічнасьці, якая выклікала найбольшую ўвагу – прысутнасьць там Колі Лукашэнкі. Давайце пачнём з пратаколу – як гэта выглядала з фармальнага пункту гледжаньня?
Абламейка: Пра гэтую акалічнасьць ужо шмат гаварылася і пісалася ў іншых краінах. Справа ў тым, што добра распрацаваны дыпляматычны пратакол ва ўсім сьвеце не прадугледжвае ўдзел дзяцей у афіцыйных візытах і сустрэчах. Таму, калі Аляксандар Лукашэнка пачаў езьдзіць з Колем у Расею і Армэнію, гэта стварала вялікія праблему для супрацоўнікаў пратаколу прымаючага боку. Але зь іншага боку, у Ватыкане звыклыя прымаць усялякія дэлегацыі. Там часта прымаюць палітыкаў зь сем’ямі. Іншая справа, што такія візыты не афішуюцца і, як правіла, носяць неафіцыйна характар. Ну але папа пагутарыў з Колем у якасьці ўдзельніка сьвіты, а гаварыў з Лукашэнкам сам-насам.
Максімюк: Калі я прыгадваю аўдыенцыі, якія папа Ян Павал ІІ даваў лідэрам польскай дзяржавы — напрыклад, прэзыдэнту Аляксандру Квасьнеўскаму і прэ’еру Ежы Бузэку — дык абодва палітыкі тады забралі на гэтыя спатканьні сваіх жонак і дачок. Аўдыенцыя ў папы — гэта візыт ветлівасьці, а не сустрэча, на якой прымаюцца нейкія палітычныя рашэньні. Папа паказвае пры такіх нагодах, што ён адкрыты на кантакт з усімі — і з поп-зоркай Бобам Дыланам, і, напрыклад, з “апошнім дыктатарам Эўропы”.
У выпадку з Колем, безумоўна, была адна асаблівая дэталь. Вось гэты Коля, магчыма, нарадзіўся з пазашлюбнай сувязі беларускага прэзыдэнта. Для Ватыкану, які строга прытрымліваецца сваіх правілаў, што тычыцца сямейнага і сэксуальнага жыцьця чалавека, тут магла вынікнуць пэўная няўвязка. Але, магчыма, ніякай няўвязкі не было. Ну бо ці сапраўды мы можам з упэўненасьцю сказаць, што Коля — гэта пазашлюбнае дзіця? І ці ведаем мы напэўна, з кім цяпер жанаты беларускі прэзыдэнт?
А калі глянуць на Колю як на адмысловы мэдыяльны ход беларускага рэжыму, каб зьмякчыць вобраз жорсткага дыктатара з Усходу, што быў склаўся ва ўяўленьні Захаду — дык гэты ход, па-мойму, прынёс вялікі плён. Малы, нясьмелы, русавы хлопчык у белай кашулі асабліва добра глядзеўся на здымках і ў тэлевізары побач з пантыфікам, які таксама быў апрануты ў белае.
Лукашук: Наша аўдыторыя вельмі горача дыскутавала пытаньні ня першага візыту і сустрэчы, а – удзелу ў ёй малодшага сына Лукашэнкі Колі. Вось некалькі цытатаў:
Ганьба на ўвесь сьвет
Предыдущий Папа вообще на Кубу приезжал, что его не критиковали?
Может сойдет на нашего божья благодать и просветлеет что-то в его голове, человечности прибавится что-ли.
Прасіў бы шаноўнае Спадарства – наведвальнікаў сайту – не хвалявацца занадта зь нагоды візыту “Рыгорыча” да Папы.
Калі хто ня ведае, Папа Рымскі ёсьць бездакорным толькі пад час яго прамовы зь катэдры. У астатні час ён канешне застаецца Бэнэдыктам XVI, але таксама ёсьць трошкі спадаром Рацынгерам, якога эўрапейскія прахвосты-журналюгі за любоў да фатаграфіі часта называлі па-першасьці “Папа-Раццы”.
Зыходзячы зь гэтага мы маем звычайную двухбаковую “рэал-палітык” і, рэдкі выпадак, бачу ад гэтага для нашае краіны і народу толькі плюсы.
А на якія яшчэ асаблівасьці сустрэчы Лукашэнкі з папам зьвярнулі ўвагу вы?
Абламейка: Я зьвярнуў увагу на дзьве рэчы. Найперш гэта – расейскамоўны буквар, які 5-гадовы Коля Лукашэнка падараваў Бэнэдыкту XVI. У Беларусі ад 1995 году дзьве дзяржаўныя мовы. Дык у гэтым выпадку і дарыць варта было два лемантары – беларускі і расейскі. А так гэта выглядала на чарговую зьнявагу беларусаў і беларушчыны. На маю думку, гэта быў даволі ганебная і самапрыніжальная падзея.
Другая рэч, гэта заява міністра замежных спраў Беларусі Сяргея Мартынава. Міністар сказаў (цытую з нашага сайту) “бакі мяркуюць, што візыт будзе больш чым сур'ёзным стымулам для далейшага руху ў разьвіцьці стасункаў дзяржавы з каталіцкай царквой, стасункаў па падтрыманьні маральных грамадзкіх каштоўнасьцяў”. Ну троху дзіўна гаварыць пра падтрыманьне маральных каштоўнасьцяў грамадзтва, кіраўнік якога езьдзіць па сьвеце з пазашлюбным сынам. Але зь іншага боку, для простых людзей Лукашэнка выглядае, як добры бацька, які любіць свайго сына і ўсюды бярэ яго з сабой. Пра культурны і культуралягічны аспэкты гэтай справы гаварыць ня будзем.
Максімюк: Я зьвярнуў увагу на агульную тэндэнцыю такіх камэнтараў, у якіх наведнікі нашага сайту абураліся тым, што вось папа рымскі не "навучыў розуму" беларускага прэзыдэнта, не зрабіў яму нейкай заўвагі наконт ягоных палітычных і сямейных паводзін. Нейкая асоба напісала нават, што ёй сорамна за папу. Гэта быў, па-мойму, лягічны працяг камэнтараў да тых нашых матэрыялаў, у якіх мы паведамлялі пра паварот афіцыйнай Эўропы тварам да беларускага рэжыму і пра далучэньне Беларусі да Ўсходняга партнэрства. Шмат якія наведнікі нашага сайту пісалі пра здраду Эўропы і пра беспрынцыповасьць эўрапейцаў. Дык вось, як мне здаецца, такога тыпу камэнтары адлюстроўваюць агульную сытуацыю зьняверанасьці і бездапаможнасьці сярод той часткі беларускага грамадзтва, якая знаходзіцца ў апазыцыі да рэжыму. Яны паказваюць, да якой ступені гэты пласт грамадзтва разьлічвае на зьнешнюю дапамогу дзеля зьмены палітычнай сытуацыі, а не на свае ўласныя сілы. Гэта сумная канстатацыя.
Лукашук: Папа Бэнэдыкт XVI вядомы сваімі нетрадыцыйнымі крокамі – напрыклад, заявай пра агрэсіўную мусульманскую гісторыю у Рэгензбургу 2 гады таму, ці заявай пра шкоднасьць прэзэрватываў нядаўна падчас падарожжа у Афрыку, ці вяртаньнем у царкву шэрагу выключаных біскупаў, у тым ліку і таго, які адмаўляў Галакост. Вынікі былі нечакана пазытыўныя – створаны мусульманска-хрысьціянскі форум, дзе упершыню за тысячу гадоў тэолягі абмяркоўваюць пытаньні веры і суіснаваньня, ажывіўся дыялёг зь юдаізмам.
Якія вынікі можа мець цяперашняя не зусім традыцыйная сустрэча Лукашэнкі з папам для Беларусі: ці стане Менск месцам сустрэчы кіраўнікоў двух галінаў хрысьціянства, якія ні разу яшчэ не сустракаліся з моманту іх падзелу амаль тысячу гадоў таму?
Абламейка: Ну, як мы ведаем, Аляксандар Лукашэнка ў аўторак у Рыме заявіў, што спадзяецца на сустрэчу папы і патрыярха ў Менску. Але нават калі такой сустрэчы і не адбудзецца, дык думаю, што папа ўсё роўна прыедзе ў Беларусь. Зноў жа важна нагадаць пра асаблівы статус беларускага пасла ў Ватыкане Алейніка – ён стаў намесьнікам міністра яшчэ тады, калі быў жывы папярэдні патрыярх Аляксій ІІ, вядомы сваім стрыманым стаўленьнем да Ватыкану.
І рызыкну прыпусьціць, што калі неўзабаве дзяржаўны сакратар Ватыкану Бэртонэ зноў наведае Беларусь, дык гэта і будзе азначаць ні што іншае, як падрыхтоўку да візыту папы ў Беларусь – для сустрэчы з патрыярхам, або і проста для сустрэчы са сваімі вернікамі – рымска- і грэка-католікамі.
Максімюк: Нават такое сымбалічнае спатканьне, як гэтае паміж Лукашэнкам і Бэнэдыктам ХVI, можна разглядаць у чыста палітычным кантэксьце супрацьстаяньня паміж дзьвюма галінамі хрысьціянства ці, агульней, супрацьстаяньня паміж Усходам і Захадам. І гэты аспэкт тут, несумненна, прысутнічаў. Прыгадайма, што Лукашэнка, перш чым спаткацца з папам, паехаў параіцца з патрыярхам РПЦ Кірылам. Мы ня ведаем, пра што беларускі прэзыдэнт гаварыў з патрыярхам, але мяркуючы па заяве Лукашэнкі, што Беларусь можа паслужыць месцам спатканьня для расейскага патрыярха і рымскага папы, патрыярх Кірыл ня вельмі каб адмаўляў Лукашэнку ад паездкі ў Ватыкан.
А калі гаварыць канкрэтна пра магчымасьць спатканьня паміж Кірылам і Бэнэдыктам ХVI — у Беларусі ці ў нейкім іншым месцы — дык я пэсыміст. Чаму? І патрыярх Кірыл, і цяперашні папа -- асобы даволі кансэрватыўныя. Такі крок выглядаў бы занадта рэвалюцыйным для абодвух.
Ну, але я хацеў бы памыляцца. Я вельмі цешыўся б, калі б такое спатканьне адбылося, а тым больш — у Беларусі.
Свабода на Белсаце, 02.05.2009. Частка 2
Лукашук: Інтрыга Праскага саміту захоўваецца – дагэтуль невядома, ці паедзе туды кіраўнік Беларусі? Сам ён заявіў: "Што тычыцца саміту ў Празе, то я прасіў бы не надаваць гэтаму асаблівага значэньня. Калі некаму нязручна, што на саміт паедзе Лукашэнка, то Лукашэнкі там не будзе. Хто паедзе: Лукашэнка, Пятроў, Сідараў ці міністар замежных спраў, то мы вызначымся найбліжэйшым часам".
Прэм'ер-міністар Італіі Сыльвіё Бэрлюсконі спадзяецца разам з іншымі прэзыдэнтамі пабачыць Лукашэнку ў Празе – пра гэта мы ведаем, праўда, са словаў самога Лукашэнкі.
Мог такое сказаць Бэрлюсконі? Ці павялічваецца выгода і нагода для Лукашэнкі паехаць на саміт? Юры, як вы мяркуеце?
Дракахруст: Тое, што Лукашэнка ня кажа, ці паедзе ён ў Прагу – пісьменныя палітычныя паводзіны. Яму цікава паслухаць, паглядзець на магчымую рэакцыю на ягоны прыезд. Магчыма, тыя палітыкі, палітычныя сілы, краіны, якія зацікаўленыя ў ягоным прыездзе, яшчэ раз папросяць прыехаць. Зь іншага боку, магчыма высьветліцца, што кіраўніка дзяржавы чакаюць у Празе непрыемныя сюрпрызы. Тады проста не паехаць – значна меншая страта твару, чым спачатку абвясьціць пра паездку, а потым ужо яе скасаваць. Навошта? З палітычнага пункту гледжаньня выгадней зацягваць рашэньне да апошняга. Што ён і робіць.Што да заявы Бэрлюсконі , якую мы ведаем са словаў Лукашэнкі, то мяркую, што італьянскі прэм'ер хутчэй за ўсё гэта сапраўды гаварыў. Разумееце, за ўсімі скандальнымі эскападамі сэньора Сыльвіё крыецца вельмі халодны і таленавіты палітык. Ён ведае, што на рынку, ў тым ліку і палітычным, выйграе той, хто адчувае зьмену тэндэнцыі і пачынае прадаваць, калі астатнія яшчэ купляюць. І наадварот. Палітыка адносна Беларусі мяняецца і спадар Бэрлюсконі імкнецца зьняць зь яе максымальныя дывідэнды. Паколькі Італія стала першай краінай, якая запрасіла да сябе Лукашэнку, ёсьць сэнс ісьці далей – калі, напрыклад, вынікам новай палітыкі Эўропы стане адкрыцьцё беларускага рынку для Эўропы, і тады Лукашэнка , магчыма, не забудзе , якая краіна яго запрасіла першай. Можа, зразумела, і не адкрыецца, можа, і забудзе. А што губляе спадар Бэрлюсконі? З таго, што ў яго ёсьць.
Навумчык: Я абсалютна веру ў тое, што ў выпадку з Бэрлюсконі Лукашэнка ня схлусіў, паколькі італьянскі прэм'ер сярод эўрапейскіх палітыкаў мае рэпутацыю чалавека экстравагантнага. З гэтай прычыны, магчыма, яму прасьцей сказаць тое, што ня могуць сказаць Сарказі альбо Мэркель. Берлюсконі пайшоў у палітыку з бізнэсу. Цяжка сказаць, якія інтарэсы пераважаюць для яго сёньня. Ва ўсялякім разе, у Эўропе Бэрлюсконі не адзіны, хто заяўляе, што палітыка -- гэта палітыка, а бізнэс -- гэта бізнэс. Гэта дакладнае выказваньне кіраўніка Гандлёвай палаты Чэхіі Пётра Кужэла ў папулярным дадатку да газэты “Млада Фронта”. Ён кажа, што ў Беларусь пачынаюць лётаць бізнэсоўцы з Францыі і Нямеччыны, і калі чэхі не парупяцца, іх месца зойме нехта іншы. Між іншым, чэскі бізнэсовец высока ацэньвае кваліфікацыю працоўнай сілы ў Беларусі, што як мінімум разбурае міт пра тое, што ў беларуская прамысловасьць можа працаваць толькі на Расею. І ў гэтым сэнсе, зразумела, Лукашэнка быў бы зацікаўлены разьвіваць эканамічныя стасункі з Эўропай, і, магчыма, абмеркаваць гэта на праскім саміце. Іншая рэч, што яму могуць быць вылучаныя пэўныя ўмовы, што да дэмакратызацыі, свабоды СМІ і правоў чалавека.
Лукашук: Юры, Сяргей , вы нядаўна былі на кангрэсе новай беларускай дыяспары , які праходзіў у Страсбуры, дзе месьцяцца Эўрапарлямэнт і штаб-кватэра Рады Эўропы. Удзел Беларусі ва Ўсходнім партнэрстве быў адной з галоўных тэмаў дэбатаў удзельнікаў кангрэсу дыяспары. Якія меркаваньні выказвалі ўдзельнікі кангрэсу, як з дыяспары, як і з Беларусі? Што гавораць прадстаўнікі эўрапейскіх арганізацый. Ці чулі вы нейкія тлумачэньні таго, як яны бачаць удзел Беларусі ва Ўсходнім партнэрстве?
Дракахруст: Я б адзначыў адну падзею і адну гутарку, якія на мой погляд даволі яскрава ілюструюць сэнс новай палітыкі Эўропы. На кангрэсе дыяспары была прынятая дэклярацыя з патрабаваньнем вызваліць ваўкавыскіх прадпрымальнікаў, якія, на думку многіх праваабаронца зьяўляюцца палітычнымі вязьнямі. Цяжка сказаць, наколькі гэтая дэклярацыя паўплывае на справу Мікалая Аўтуховіча і ягоных калег.
У гутарцы з адным высокім чыноўнікам з Рады Эўропы я загаварыў пра параўнаньне сытуацыяў у Азэрбайджане і Беларусі. Ён распавёў мне, што ў некаторых аспэктах сытуацыі адрозьніваюцца. Напрыклад, Рада стварыла з Азэрбайджанам супольную камісію па разгляду справаў людзей, адносна якіх існуюць меркаваньні, што яны – палітвязьні. У камісію ўваходзяць прадстаўнікі Рады, а з азэрбайджанскага боку – прадстаўнікі міністэрства юстыцыі, пракуратуры і г.д. Яны аналізуюць спрэчныя выпадкі, прыводзяць аргумэнты. Гэта не азначае, што ў Баку імгненна вызваляюць усіх, каго праваабаронцы лічаць пацярпелым за перакананьні. Але Баку па меншай меры размаўляе, даводзіць свой пункт гледжаньня, ў чымсьці і саступае. Да чагосьці падобнага ў самых розных сфэрах Эўропа хацела б прывесьці і Беларусь.
Навумчык: Я адзначу найперш прадстаўнічасьць кангрэсу ў Страсбуры -- удзельнікі прыехалі з дзясятка эўрапейскіх краінаў, таксама і з Беларусі. І гэта новае пакаленьне дыяспары, вельмі актыўнае, тэхналягічнае і ўжо інтэграванае ў эўрапейскія рэаліі. Была выказана ўпэўненасьць, што уключэньне Беларусі ў праграму Ўсходняга партнэрства варта інтэрпрэтаваць як знак добрай волі Эўразьвязу да Беларусі, але праграма павінна быць напоўненая канкрэтным зьместам. Акрамя таго, што сказаў Юры, ўдзельнікі прапанавалі Эўразьвязу патрабаваць ад афіцыйнага Менску гарантыяў бясьпечнага вяртаньня беларусаў з выгнаньня, незалежнага расьследаваньня па справах зьніклых Захаранкі, Ганчара, Красоўскага і Завадзкага, спрашчэньня візавага рэжыму для грамадзян Беларусі.
Лукашук: Ініцыятыва Ўсходняга партнэрства была ўпершыню вылучаная Польшчай і Швэцыяй 26 траўня 2008 г., а фармальна запушчаная 20 сакавіка 2009 г. Для каго гэты час быў больш плённы у сэнсе прасоўваньня сваіх інтарэсаў і прынцыпаў? Для улады ці для апазыцыі?
Дракахруст: Ну гэта відавочна, па меншай меры ў кароткатэрміновым пэрыядзе, дастаткова паслухаць хаця б папрокі апазыцыі на адрас Эўропы наконт здрады і задаволеныя словы ўлады наконт таго, што Эўропа нарэшце ўсё зразумела.
Навумчык: Я ня стаў бы драматызаваць становішча беларускай апазыцыі ў зьвязку са зьменай акцэнтаў стаўленьня Эўразьвязу да афіцыйнага Менску. Што да Прагі, дык сюды запрошаныя Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла і чатыры былыя кандыдаты у прэзыдэнты -- гэта тыя, хто ў свой час сабраў значную частку подпісаў за вылучэньне, меў і мае электаральную падтрымку і актыўны ў палітыцы сёньня -- Пазьняк, Шушкевіч, Казулін і Мілінкевіч. У Страсбуры мэдаль Свабоды была ўручаная Андрэю Кіму, ёй таксама ўзнагароджаны Іван Шыла. Дэпутат Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы Хрыстас Пургурыдэс, калі ён выступаў на гэтай цырымоніі, сказаў, што ўвага Эўразьвязу да грамадзянскай супольнасьці, да апазыцыйных актывістаў ня зьменшыцца. Так, цяпер дзьверы менскім чыноўнікам у Эўропу адчыненыя. Але адначасна з гэтым Эўропа будзе патрабаваць пэўных зьменаў ад Лукашэнкі. Калі гэтыя патрабаваньні будуць ігнаравацца -- гэтыя дзьверы могуць вельмі хутка зачыніцца. А вось чаго канкрэтна патрабаваць -- тут, мне падаецца, у апазыцыі застаюцца вельмі вялікія магчымасьці. Напрыклад, на той жа канфэрэнцыі маладой дыяспары ў Страсбуры была сфармуляваная прапанова аб наданьні Беларусі статусу спэцыяльна запрошанага ў Радзе Эўропы, пашырэньне на Беларусь юрысдыкцыі Эўрапейскага Суду па правах чалавека, што спрыяла б фармаваньню прававой дзяржавы.
Лукашук: Да саміту Ўсходняга партнэрства застаўся тыдзень. Днямі адбыўся даволі рэзкі двубой паміж кіраўнікамі МУС Чэхіі і Расеі Карэлам Шварцэнбэргам і Сяргеем Лаўровым. 21 сакавіка Лаўроў заявіў, што праграма Эўразьвязу "Усходняе партнэрства", прапанаваная Беларусі, Армэніі, Азэрбайджану, Грузіі, Малдове і Ўкраіне, гэта спроба стварыць сваю сфэру ўплыву. Чэскі міністар замежных спраў Карэл Шварцэнбэрг сказаў, што Лаўроў сам разумее, што гэта нонсэнс. Два супрацьлеглыя выказваньні. Хто мае больш рацыі?
Дракахруст: Ёсьць словы і ёсьць практыка іх ужываньня. Сфэра ўплыву - тэрмін з часоў каляніялізму і часоў савецкага панаваньня ва Ўсходняй Эўропе, калі гэта азначала поўны кантроль над адпаведнай тэрыторыяй. Калі зыходзіць з гэтага, то Ўсходняе партнэрства -- зусім ня сфэра ўплыву. Але калі ўжываць гэты выраз у літаральным сэнсе, то што іншае ёсьць мэтай ЭЗ у гэтай ініцыятыве, як не пашырэньне яго ўплыву на постсавецкія краіны? Заявы эўрапейскіх палітыкаў, таго ж Шварцэнбэрга, пра тое, што непрызнаньне незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі ёсьць умовай далучэньня да партнэрства -- яскравы прыклад таго, што гэтая праграма супрацы абмяжоўвае беларускі сувэрэнітэт, які ёсьць магчымасьць рабіць усё, што заўгодна, ў тым ліку і глупствы.
У якой ступені гэта скіравана супраць Расеі ? Ну, ўзмацненьне эўрапейскага ўплыву, напрыклад, у Беларусі зьменшыць уплыў Расеі, па меншай меры расейскі ўплыў перастане быць манапольным. Ці ёсьць манапольны ўплыў на Беларусь сапраўдным інтарэсам Расеі -- гэта філязофскае пытаньне. Але тое, што Ўсходняе партнэрства, хаця б паводле задумы, яго абмяжоўвае -- гэта пэўна.
Навумчык: Я агучу цікавую вэрсію, паводле якой Маскве насамрэч вельмі выгадны ўдзел цяперашняй Беларусі ва Ўсходнім партнэрстве, Лукашэнка тут можа выступіць у ролі "траянскага каня", які ўвайшоўшы туды, можа на пэўным этапе гэтую эўрапейскую сыстэму разбурыць.
Дракахруст: Сяргей, вы памыляецеся. Беларусь запрашаюць не ў Эўразьвяз, яе запрашаюць да супрацы з Эўразьвязам, у якім рашэньне будуць прымаць тыя ж, хто прымаў іх да ўсялякага партнэрства. Што тут можна разбурыць?
Лукашук: Але хіба мы ня бачым, што самы факт запрашэньня Лукашэнкі стварыў праблему для Ўсходняга партнэрства і спарадзіў супярэчнасьці ў Эўразьвязе? Брусэльскія аналітыкі кажуць, што няўдзел Беларусі ў партнэрства разбурыць яго.
Навумчык: Я як раз маю на ўвазе тое, што Лукашэнка, маючы ў партнэрстве пэўныя пазыцыі, можа стварыць пэўныя складанасьці. Пры жаданьні яго ці пры жаданьні Масквы.