Улады падбіраюцца да сядзібы БНФ. ЖРЭА (ну й слова) хоча выселіць непажаданых арандатараў.
Варвашэні, 8 (такі адрас ведаюць і, нягледзячы на перайменаваньне, такім адрасам называюць сядзібу БНФ людзі прагныя свабоды) – адзінае месца ў сталіцы Беларусі, дзе над ганкам казённага будынку свабодна лунае нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг. Гэта – працоўнае месца ня толькі для палітыкаў самых розных партыяў, якія шмат гадоў толькі тут могуць праводзіць свае пасяджэньні. Тут вызваленыя палітвязьні даюць прэсавыя канфэрэнцыі, апазыцыя сустракаецца з замежнымі дыпляматамі. Але ня толькі...
Гэта – сядзіба нацыянальнай культуры. На Варвашэні, 8 адбываюцца вечарыны, выставы, прэзэнтацыі фільмаў, кніг, аўдыё- і відэадыскаў – тыя культурныя імпрэзы, якім больш няма месца ў Менску. Сюды ідуць людзі і каб купіць беларускую кніжку, газэту, значак, паштоўку, урэшце, свой бел-чырвона-белы сьцяг. Сюды людзі цягнуцца і проста, каб паразмаўляць з аднадумцамі.
Улада хоча зьнішчыць месца, дзе ЖЫВЕ свабодная Беларусь, адзін са знакаў найноўшай гісторыі.
Гэтая эпоха, пазначаная барацьбой за свабоду, ужо пакінула свае знакі, свае адрасы, вартыя, з майго гледзішча, быць адзначанымі як найменей мэмарыяльнымі шыльдамі. І будучым экскурсаводам і гісторыкам незалежнай Беларусі я прапаную свае 10 адрасоў Свабоды ў Менску.
Вуліца Захарава, 19. Рэдакцыя газэты “Літаратура і мастацтва”. 3 чэрвеня 1988 году ў пару галоўнага рэдактара Анатоля Вярцінскага ў ЛіМе быў надрукаваны гістарычны артыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва "Курапаты — дарога сьмерці". Так адбылося адкрыцьцё народам Курапатаў, праўды пра крывавыя злачынствы камуністаў. Артыкул даў сыгнал пачатку новай хвалі беларускага Адраджэньня, змаганьня супраць камунізму і за свабодную Беларусь. Найперш “ЛіМ” быў адкрыты для дыскусіяў пра мову, культуру, адукацыю – падмурак Адраджэньня.
Плошча Незалежнасьці. Касьцёл сьвятых Сымона і Алены (Чырвоны касьцёл). 19 кастрычніка 1988 году ў гэтым будынку, дзе тады месьціўся Дом кіно, адбыўся сход інтэлігенцыі, на якім былі ўтвораныя грамадзкая арганізацыя “Мартыралёг Беларусі” і аргкамітэт Беларускага Народнага Фронту.
Дарога на Курапаты. Ад Усходніх могілак празь мікрараёны Ўсход і Зялёны Луг 30 кастрычніка 1988 году ўпершыню прайшлі людзі да Курапатаў з малітвамі за Беларусь і сваё ўратаваньне ад дубінак і сьлезацечнага газу, якімі ўлада суправаджала шэсьце. Упершыню ў найноўшай гісторыі адкрыта быў узьняты нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг. Гэта быў паваротны дзень у гісторыі Беларусі. Курапаты сталі цэнтральным сымбалем гістарычнай памяці беларусаў і сымбалем змаганьня за незалежнасьць.
Плошча Незалежнасьці. Дом ураду. Авальная заля Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь. 27 ліпеня 1990 году Вярхоўны Савет 12-га скліканьня прыняў Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце Рэспублікі Беларусь. Тут зацьвярджаліся ў якасьці дзяржаўных сымбаляў бел-чырвона-белы сьцяг і герб Пагоня. Тут у 1995 годзе адбылася галадоўка 19 дэпутатаў фракцыі БНФ супраць рэфэрэндуму аб зьмене дзяржаўных сымбаляў і скасаваньня статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай. У ноч з 11 на 12 красавіка адбылося іх жорсткае зьбіцьцё.
Вуліца Фрунзэ, 5. Дом літаратара. Болей як дзесяцігодзьдзе ён быў асяродкам свабоды для людзей літаратуры, мастацтва, журналістаў, навукоўцаў, аж пакуль улады не адабралі яго ў пісьменьнікаў. Тут ладзіліся вечарыны, тут рыхтавалі да ўдзелу ў выбарах сваіх дэмакратычных кандыдатаў. Тут гучала беларускае слова. У Доме літаратара мы разьвіталіся з Васілём Быкавым.
Праспэкт Незалежнасьці (праспэкт Францішка Скарыны), 66. Пляцоўка перад Нацыянальнай акадэміяй навук. З акадэмічных інстытутаў выйшлі і Зянон Пазьняк, і Юрась Хадыка, і яшчэ дзясяткі прадстаўнікоў людзей навукі, якія сталі на чале найноўшага адраджэньня. Тут зьбіраліся на Чарнобыльскія шэсьці і Маршы Свабоды прыхільнікі апазыцыі. Тут адбылося разьвітаньне з Генадзем Карпенкам.
Турма на Акрэсьціна. У ёй адбывалі пакараньні тысячы затрыманых у часе акцыяў пратэсту прыхільнікаў апазыцыі і актывістаў дэмакратычных рухаў. Тут маці ў сьлязах спрабавалі перадаць у камэры сваім дзецям харчы. І ля турэмнай брамы з кветкамі сваякі, сябры, паплечнікі сустракалі вызваленых пасьля арышту.
Турма на Валадарскага. Яшчэ адно месца, дзе адбывалі пакараньне, але ўжо даўжэйшае за пятнаццаць сутак, арыштаваныя за змаганьне. А ля сьценаў замка-турмы стаялі ў пікетах салідарныя зь імі.
Кастрычніцкая плошча. Месца, дзе адбываліся мітынгі, пікеты, ланцугі Свабоды, флэш-мобы. Гэтае месца, перайменаванае моладзьдзю ў пляц Каліноўскага, было выспай Свабоды ў сакавіцкія дні 2006 году – кульмінацыяй мужнага змаганьня за праўду і свабоду, і кульмінацыяй ганьбы рэжыму, які брутальна зьнішчыў намётавы лягер, а сотні людзей кінуў у турмы.
І нарэшце – вуліца Варвашэні (Машэрава), 8. Сядзіба БНФ. Чытайце пачатак артыкулу.
Гэта мая дзясятка адрасоў свабоды, пазначаных маім ці маіх сяброў удзелам у змаганьні за свабодную краіну. Напэўна ж, і ў Вас, чытачы і слухачы Радыё Свабода, ёсьць свае адрасы змаганьня. Будзем рады атрымаць іх ад Вас, каб па гэтых адрасах разам напісаць гісторыю новай і свабоднай Беларусі.
100 адрасоў Свабоды. Новы конкурс