Жыхара Шклова Міхаіла Кучарэнку, які сфатаграфаваў на мясцовым палігоне цьвёрдых адкідаў выкінутыя скруткі паперы, выклікалі ў міжраённую ўправу Камітэту дзяржаўнай бясьпекі.
Паводле спадара Кучарэнкі, зь ім гутарыў супрацоўнік Рады бясьпекі.
“Як яго завуць, я не запомніў, але ён назваўся менавіта супрацоўнікам Саўбезу. Мне ўручылі позву ля пад’езду майго дому. Сказалі, каб я ішоў у КДБ. Гутарыў супрацоўнік са мной ветліва. Ён запытаў, ці я фатаграфаваў паперу. Я адказаў, што я. Паводле яго, гэтая папера — ня шклоўскай вытворчасьці. Яе прывезьлі зь іншага прадпрыемства Беларусі. Я яму расказаў пра вядомыя мне факты карупцыі ў Шклове. Ён усё занатаваў і паабяцаў гэтыя факты праверыць. Паабяцаў ён таксама дзён празь дзесяць са мной сустрэцца зноў”, — паведаміў “Свабодзе” Міхаіл Кучарэнка.
Спадар Кучарэнка на шклоўскім сьметніку сфатаграфаваў шэсьць скруткаў паперы. Паводле яго, кожны важыць каля тоны. Свой фотаздымак ён разаслаў у незалежныя сродкі масавай інфармацыі. Гэта, на ягоную думку, і сталася нагодай для выкліку ў КДБ.