Ватыкан пакуль афіцыйна не адрэагаваў на словы Аляксандра Лукашэнкі адносна магчымасьці хуткай сустрэчы патрыярха маскоўскага і папы рымскага ў Беларусі.
Паводле крыніцы з Ватыкану, такія сустрэчы рыхтуюцца на вышэйшым царкоўным узроўні. Прадстаўнік Ватыкану на ўмовах ананімнасьці таксама зазначыў, што, калі б такая сустрэча папы і патрыярха адбылася, то хутчэй у Рыме ці Маскве.
Некалькі супярэчлівымі выглядаюць і некаторыя іншыя выказваньні беларускага кіраўніка падчас яго учорашняй прэсавай канфэрэнцыі ў Рыме. У прыватнасьці Лукашэнка сказаў (і гэта перадалі беларускія тэлевізійныя каналы), што ягоная размова з пантыфікам працягвалася 50 хвілінаў.
Паводле афіцыйнай інфармацыі Ватыкану, аўдыенцыя Лукашэнкі ў папы 27 красавіка пачалася а 11-й гадзіне. Гэта сустрэча разам з перакладам заняла 25 хвілін. Потым а палове 12-й папа сустрэўся з аргентынскімі біскупамі. Аўдыенцыя працягвалася прыкладна 40 хвілін. А 12:15 паводле графіку папы адбылася галоўная сустрэча таго дня – афіцыйны прыём пантыфіка ў гонар чальцоў брытанскай каралеўскай сям’і: Чарльза, прынца Ўэльскага, і Камілы, герцагіні Карнуэльскай.
Тым часам прадстаўніцтва Расейскай праваслаўнай царквы заяву беларускага кіраўніка аб “хуткай сустрэчы ў Менску” пракамэнтавалі стрымана, падкрэсьліўшы, што такая падзея “не павінна вызначацца неадкладнай палітычнай кан’юктурай”.